Выбрать главу

Я тады быў камандзірам узвода разведчыкаў.

У пачатку лютага паслалі мяне на аэрадром за грузам, што прыслалі нам з Масквы. Са сваімі хлопцамі накіраваўся я на возера.

За лагерам нас дагналі некалькі саней — гэта адпраўляўся на заданне атрад. Хлопцы ехалі па-партызанску, са свістам і гіканнем, трымаючыся за дручкі, за кажухі сяброў, стоячы на адным калене, на полазе...

— Раз-вед-чы-кі-і, даро-огу-у!

Мае хлопцы не разгубіліся і на хаду пачалі ўскакваць у сані.

Я таксама схапіўся за сані і ўпаў некаму на галаву, балюча ўдарыўшыся аб чужы дыск брывом.

З крыкам і жартамі партызаны пацясніліся, і я сяк-так прымасціўся і стаў церці пабітае месца. Тут я толькі ўбачыў, што сяджу разам з Зінай. Заражаная агульнай весялосцю, яна мяне таксама спачатку не заўважыла. Пасля лета мы яшчэ ні разу з ёй не размаўлялі.

— Гэта ты-ы? — міжволі вырвалася ў мяне.

Зіна прамаўчала. Толькі твар яе пасур'ёзнеў.

Ехалі мы на нізкіх драўляных развалках. На іх і ад звычайнай язды кружыцца галава. А цяпер сані проста ляцелі, і ад гэтага ўсе былі як п'яныя і на нас з Зінай не звярталі ўвагі. Я дакрануўся да яе рукі, якая трымалася за дручок. Зіна не адказала. Тады я асцярожна адарваў яе руку, пераплёў яе пальцы сваімі і ціха сказаў на вуха:

На тым скрыжаванні буду злазіць... Зіна, давай памірымся! Няўжо не даруеш? Прабач...

Яна крадком азірнулася, тады паднесла маю руку да грудзей і мякка, далікатна паціснула мае пальцы.

— Дзякуй, Зінка!

— Шчасліва...

Узрадаваны, вылецеў я з саней да сваіх хлопцаў, якія ўжо абтрасаліся ад снегу.

— А намяло-о, браткі ж вы мае-е! — закрычаў адзін партызан. — Пратупай па такіх гурбах сто кіламетраў — ногі адваляцца.

— Дзе ты бачыш гурбы! Гэта ж паркет — першай клясы! — заразіў я хлопцаў добрым настроем.

— Даёш паркет!

2

Дзён праз пяць прыбылі мы на месца. З «дугласа» ўжо выгрузілі запакаванае ў брызент партызанскае дабро. Да прадстаўніка злучэння — вялізнага літоўца Шымкаса — падыходзілі па чарзе камандзіры груп, і ён надзяляў іх брызентавымі цюкамі.

Я таксама прымасціўся ў чаргу і ад няма чаго рабіць пачаў разглядаць дзяўчыну.

Яна стаяла збоку і зграбным носікам выдыхала ў настылае паветра струменьчыкі пары. Ад марозу і балотнай сырасці барты яе новага кажушка, вушанка заінелі, а белыя валёнкі і вопратка былі без ніводнай плямкі, як з іголачкі. Яны нагадвалі тылавы дастатак і спакой. У дзіцячым тварыку прабіваліся пашана і наіўнае захапленне ўвішнымі партызанамі. А хлопцы падхоплівалі брызентавыя цюкі і неслі іх да саней.

Адзін цюк партызаны разрэзалі і заглянулі ў яго:

— Э-э, зноў «сюрпрызныя» міны!

Такія міны ў нас карысталіся дрэннай славай, на іх узарваўся не адзін партызан.

— Казімір Вітольдавіч! — узмаліліся хлопцы да Шымкаса. — Лепш будзем паравозы за колы сцягваць з рэек, толькі не давайце гэтай дрэні!

— Геро-оі!.. Не ўмееце карыстацца ўзрывальнікамі. Глядзіце сюды, пакажу вам без толу... Во, гэтую чаку трэба выцягнуць, гэтыя вусікі загнуць...

— Ага, без толу яна не ўзарвецца! Дзяўчына на ўсё гэта глядзела з уміленнем. Новенькі аўтамат яе — заінелы, хоць пішы на ім пальцам,— быў сістэмы ППШ апошняга выпуску. Дзяўчына, мабыць, з Вялікай зямлі. Відаць, са службы аховы самалёта.

У той дзень я дрэнна сябе адчуваў.

Хвароба яшчэ толькі пачыналася: мяне ўсё раздражняла, я сам не ведаў, чаго хацеў. Раздражняла гутарка людзей, смех, нават іхняя вопратка. I чамусьці зусім злавала мяне прысутнасць гэтай дзяў-чыны.

«Партызанскай рамантыкі шукаеш, начыталася кніжачак! — падумаў я непрыязна.— Добра, што хутка вернешся ў цёплую кватэру з водаправодам і цэнтральным ацяпленнем!..»

Яшчэ падумаў, што такой, мабыць, выглядала б і Данута, каб пераапрануць яе ў вайсковае і даць аўтамат.

Я ўздыхнуў.

Ад чэрвеньскага вечара, калі лазіў на ясень, мінула амаль чатыры гады. Столькі падзей адбылося! Але каханне — дрэўца, якое расце, калі на яго мы і не глядзім. Я часамі не знаходзіў сабе месца.

— Вам — радыстка! — перарваў мае думкі прадстаўнік злучэння і паказаў на аўтаматчыцу: — За-бірайце!

— Адну-у?

— А колькі б ты хацеў, дзесяць?

— Было з-за чаго валачыся!

Я ўжо вельмі шкадаваў, чаму замест бездапаможнай дзяўчынкі не далі мяшок толу або патронаў ці нават «сюрпрызных» мінаў, у іх хоць узрыўчатка добрая. З гэтай адно клопатаў набярэшся. Яна — не Зіна Кварцёнак.

Маё расчараванне заўважыў прадстаўнік. Ён вылаяўся на мароз, парыпаў нагамі, быццам у яго пад валёнкамі быў не снег, а сухі крухмал, нязграбна пагартаў паперы чырвонай набрынялай рукой і яшчэ раз зірнуў у спісы.