— Атрад Чапаева?.. Зараз, дзе ён тут у мяне... Э-ээ...— пацягнуў ён угару...
Шымкас прыціснуў рукой адну ноздру, чхнуў з сілай праз другую і паскардзіўся:
— Прастудзіўся дзесьці, маць яго за нагу!.. Ага, вось атрад Чапаева. Ну, чаго ты хочаш? Вам тут выпісана: радыстка — адна! Рацыя — таксама адна. Вунь яны стаяць!
— Бачу сам...
— Даць яму яшчэ што-небудзь!
— Не крыўдзіце маленькага!
— Падкі-інуць! — крычалі адвакаты за маёй спіной.
— Барташэвіч, збірай сваіх хлопцаў і марш адсюль! Трэба адпраўляць самалёт ды разыходзіцца ўсім, пакуль нас не засеклі і не накрылі тут фрыцы!..
Я ўлавіў пакрыўджаны позірк дзяўчыны, але мне было не да сантыментаў.
— Ну, айда, бярыце рацыю! — злосны на скупога літоўца, загадаў я сваім хлопцам.
— Я сама! — неспадзявана цвёрда запярэчыла радыстка і закінула бляшаную скрынку ў зялёным футляры за плечы.
— О-го! — здзівіліся партызаны.
На яе глядзелі дзесяткі пар мужчынскіх вачэй. Дзяўчына паспешна зашпільвала на грудзях рамяні. Далоні яе былі маленькія, а пальцы — тонкія, з чыстымі і старанна паабразанымі пазногцямі — дакладна як у Данусі!
Я адчуў сябе вінаватым і падышоў да радысткі:
— Давайце, дзяўчынка, пазнаёмімся насамперш!
— Не дзяўчынка, а дзяўчына! — падала яна кончыкі пальцаў.
— Ух ты-ы!
— Прытым у мяне ёсць імя — Станіслава Эдвардаўна Дварэцкая. Запамятайце сабе: Ста-ніс-ла-ва Эд-вар-даў-на Два-рэцкая! — паўтарыла яна. Узнімаючы шэрыя з заінелымі вейкамі вачаняты, з'едліва дадала: — А можна і таварыш Дварэцкая!
— Ну і нарваўся наш Барташэвіч! — паспачувалі мне хлопцы.
— Пагарэ-эў!..
Але ніхто не засмяяўся, Усім зрабілася няёмка перад гэтай сімпатычнай госцяй. Хлопцы ўжо з дакорам глядзелі на мяне.
3
Незвычайная была дарога ў лагер.
Нібы маім хлопцам хто ўвёў цудоўнае ўзбуджальнае лякарства, яно памаладзіла і дадало ім сілы.
Ніколі яшчэ так па-заліхвацку не сядзелі на галовах аблезлыя кубанкі з чырвонымі стужкамі. I ніколі ў партызан так не былі расхрыстаны грудзі. Кожны нібы казаў гэтым: а ну, каторы з нас най-больш не баіцца холаду, выбірай!
Усе вярцеліся перад Стасінымі вачамі. Нават перасталі лаяцца. А калі прыходзілі ў вёску, адзін перад другім галантна прапаноўвалі ёй немаведама як і дзе дабытае малако, масла, сыр.
Я сваіх хлопцаў добра ведаў. Раней калелі да смерці, а буданоў сабе не рабілі. То не было з чаго, то не было чым — проста валіліся ў снег, падцягвалі калені пад бараду і дрыжалі ў дрымоце. Затое для ра-дысткі на кожную днёўку ў момант спляталі буданчык — люба глянуць.
Толькі што скончылася Сталінградская бітва, і з Масквы перадавалі прыемныя весткі. На ўзбярэжжы Міжземнага мора саюзнікі таксама грамілі немцаў. Гэта яшчэ больш заражала хлопцаў энергіяй. Калі дзяўчына выказвала жаданне ставіць рацыю, кожны з партызан лічыў за шчасце круціць дынамку. Адзін перад адным лазілі яны па дрэвах, развешвалі антэну.
— Не туды цягнеш! — спрачаліся.— Бачыш, якая тут густая елка!
— Ну і што?
— Што, што-о!.. Ведаеш, колькі ў яе іголках жалеза — магнітныя хвалі не будуць даходзіць у антэну! Стася не зможа прыняць радыёграмы!
— Выдумвай!
— Дубіна, слухай! Яна сама ўчора нам апавядала. Ты быў на варце якраз!
— Ну-у?
— Не нукай, не запрог!
— То ў які бок цягнуць?
— Так бы і спытаўся адразу! Бярэцца яшчэ за такую справу, ні шыша не разумеючы!
— Даўно ты пачаў шмат ведаць!
— Больш за цябе!..
Іншым разам радыстка, прачнуўшыся, расчырванелая ад цеплыні ва ўхутаным плашч-палаткамі буданчыку, нападала на партызана:
— Таварыш Трухан, чаму мяне не пабудзілі на пост, калі падышла змена!
— Стасенька, родная, далібог, забыўся! — захлынаючыся ад шчасця, што ўдалося ашукаць дзяўчыну, па партызанскай звычцы хлопец ужо называў яе на «ты».
— Заўтра дзяжуру і за сябе і за вас!
— Вядома, аддзяжурыш! Назаўтра паўтаралася тое ж самае.
Аднаго дня Стася яшчэ спала. А хлопцы ад холаду ўсхапіліся са снегу і стараліся сагрэцца: штурхаліся, тупалі, скакалі... Раптам Трухан закрычаў:
— Глядзіце, што я ў кустах знайшоў! Партызаны абступілі яго, разглядаючы скураную рукавічку.
— Чыя, ніхто не прызнаецца!
Добра ведалі, чыя рэч, і хлопцы, але не спяшаліся адказваць. Нібы гэта была не звычайная рукавіца з труса, толькі да смешнага малая, пашытая поўсцю ўсярэдзіну, а - сонца, якое ўсіх абагрэла.
— Гляджу, штосьці ляжыць. Падымаю, ажно...— Шчаслівы Трухан трымаў рукавічку так асцярожна, быццам яна была з павуціння.