Кожны хацеў бы патрымаць яе таксама. А Трухан, бадзяга, на зайздрасць усім, яшчэ ўсадзіў свае брудныя і струпастыя пальцы ў шаўкавістую воўну:
— А цё-оплая, кхэ!
— Ну, ты! — закрычалі на яго адразу.— Гэта Стасіна!
— Стасіна?
— Не ведаеш!.. Пакладзі ў будан!
Хлопцы адразу неяк падабрэлі, парабіліся ціхія, паслухмяныя. Яшчэ доўга я заўважаў, як стараліся яны пабыць адзін на адзін з сабой, як свяціліся іхнія вочы.
У групе былі бывалыя сэрцаеды, і кожны з іх меў яшчэ свайго балельшчыка. I як балельшчыкі ні стараліся падгледзець які-небудзь поспех свайго аўтарытэту, Стася была з усімі аднолькава ветлівая. А гэта вельмі інтрыгавала.
Яшчэ інакш радыстка ставілася да мяне. Яна ўмудралася гадзі-намі быць са мной і маўчаць, гледзячы на мяне нібы на пустое месца.
Стася была прыгожая, перад ёй так і хацелася парысавацца, паказаць сябе з найлепшага боку. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка і мяне заінтрыгавала. Толькі я быў у горшых умовах.
Гордасць не дазваляла набівацца са сваімі паслугамі, бо гэта выглядала б так, нібы выкарыстоўваю службовае становішча. I пасля сцэны на аэрадроме было брыдка. А прасіць прабачэння не прывучылі мяне змалку. I са Стасяй я не гаварыў. Толькі зайздросціў сябрам, што могуць адкрыта ёй зрабіць паслугу, і крадком пазіраў, як радыстка з жаночай нязграбнасцю ў ватных штанах месіць снег. Моўчкі ішоў я следам і лаяў сябе за нетактоўнасць.
Так мы і брылі чатыры дні.
4
Падыходзілі мы да крыніц. Праклятыя, іх нават не адзначылі на картах-кіламетроўках, а ў прыродзе яны існавалі.
Крыніцы гэтыя перасякалі балота ў некалькіх мясцінах. Іх зімой не скоўваў лёд. У вялікі мароз з іх толькі валіла пара, і народнае павер'е сцвярджала, што там зімуюць лебедзі.
У наш лагер вялі тры дарогі. Адна — каля стаянкі атрада Арміі Краёвай[19], яна адпадала зусім. Заставалася другая, далёкая, або трэцяя — праз гэтыя балоты.
Калі б крыніцы замерзлі, у лагер мы прыйшлі б на суткі раней. Так апрыкраў холад, што мы згадзіліся б ісці і скрозь агонь, абы хутчэй дабрацца да цёплых зямлянак. Чамусьці апошнія метры здаюцца найцяжэйшымі.
Я адправіў на балота разведчыкаў, а групу павёў на знаёмы хутар. Праз нейкі час мы апынуліся ў хаце.
I тут мае хлопцы рысаваліся перад Стасяй. Удыхнуўшы цёплага паветра, партызаны напоўнілі памяшканне маладымі бадзёрымі галасамі: глядзі, якія мы тут свае, як мы хутка дамаўляемся.
— Цётачка, нам бы крыху вады, а то есці ахвота і пераначаваць няма дзе!..
— Ах, божа, то што ж я вам дам, саколікі мае!..
— Кіслая капуста е?
— То е-е-е...
— А хлеб?
— Чаму ж і яму не быць!
— Нясіце місу, толькі поўную!
— I кола хлеба самае большае!
— Сала кавалачак...
I пачаліся бразганне, смачнае хрумстанне і жарты, пасля якіх ад рогату аж уздрыгваў кволы агеньчык лямпы.
Добра наеўшыся мёрзлага сала з квашанай капустай, апаражніўшы цётцы ўсе збаны з кіслым і салодкім малаком, хлопцы як сядзелі, так і пазасыналі. Толькі ў куце капашыліся яшчэ двое.
— А братка ты мой, ну і брудная ж у мяне кашуля! — паскардзіўся адзін партызан.
— Глядзі толькі, каб сумленне было чыстае! — параіў другі.
— Будзь спакойны за маё сумленне!
У гаворку ўмяшаўся дзед — гаспадар хаты. Ён расказаў, як у 1863 годзе адзін польскі паўстанец уцякаў ад царскіх войск і залез у дупло. Там казакі яго і застрэлілі.
— ...Я быў яшчэ хлопцам,— правіў стары. — Спілавалі мы з бацькам дуб, а ў дупле — заржавелая стрэльба, чалавечыя косці, гузікі, спражка. Селі мы і думаем: што з гэтым рабіць? Закапалі ля трубы, на капец крыж паставілі...
Радыстка перад печчу пераабувала валёнак і строга па інструкцыі трымала аўтамат між каленяў. Цяпер можна было добра прыгледзецца да дзяўчыны: яна глыбока задумалася, не слухала ні хлопцаў, ні дзеда, не адчувала і майго позірку.
У яе і Данусі я знайшоў штосьці агульнае: аднолькавую манеру гаварыць намёкамі і трымаць сябе незалежна, з годнасцю... Стася нават прычоску і вопратку пры нашых умовах умела захаваць у такім парадку, на які, мабыць, здольны адно полькі.
Даўно я чакаў моманту для размовы. У мароз яшчэ не паспею прачнуцца, а падумаю, што з намі — Стася, устаю і з вечара да раніцы асцярожна і цярпліва вартую. Нарэшце хвіліна надышла... Трэба развеяць дзяўчыну.
Стася скончыла пераабувацца, устрасянула галавой, рассыпала цёмна-русыя кудзеркі і прыгаршчай правяла па валасах ад ілба да патыліцы з аднаго боку галавы, потым з другога — дакладна як некалі рабіла гэта Дануся над Віліяй. Яе аўтамат быў надта запацелы.
19
Польскія партызаны дзяліліся на некалькі палітычных груп. Групай Арміі Краёвай камандавалі пераважна былыя пілсудчыкі, да савецкіх партызан яны адносіліся непрыхільна.