Выбрать главу

Расклаўшы пад катлом агонь, яны грэлі рукі. Скрозь шчыліны будана я іх бачыў нібы праз рэшата. Бацька сядзеў на калодцы, між каленяў трымаў малога і быў заняты сваімі думамі. Вушаначка хлопчыка вісела на грудзях, зачапіўшыся матузкамі за гузік паліто.

Кухар пачухаў запэцканы ў сажу нос аб хлопчыкаў вожык, чыхнуў і смачна пацмокаў ротам. Не адказаўшы сыну, надзеў малому вушаначку, засадзіў за халяву нож, узяў Лёніка за руку:

— Няхай сабе вада грэецца, а мы хадзем:

— К-куды?

— Завяду цябе ў зямлянку да дзядзькі Мікодыма.

— А т-ты што б-будзеш рабіць?

— Пайду рэзаць авечачку хлопцам на вячэру!

— I я з табой!

— Не трэба, сынок, каб ты на гэта глядзеў!

— Ч-чаму?

— Так...

Я схаваўся за густую елку.

— Т-т-татка, а ч-чаму мы ідзём і м-месяц ідзе? I ч-чаму ён такі парэзаны?

Падгледжаная сцэнка мяне растрывожыла. Я адчуў пякучую зайздрасць да Васіля і цягу да малых, захацелася патрымацца за дзіцячыя рукі, падыхаць іхнім пахам...

7

Калі я вярнуўся ў зямлянку, адзін наш хлопец апавядаў, як летам трапіў у лапы немцам і як яго ўратавала невядомая дзяўчына. Расказ гэты я чуў мо дзесяць разоў, але не звяртаў на яго ўвагі. А цяпер з'явілася надзея і нават упэўненасць: Дануся недзе гэтаксама ратуе людзей, і мне трэба абавязкова ёй дапамагчы.

Я ўпаў на нары, лёг на спіну, падклаў рукі пад галаву і сціснуў губамі саломінку.

У Трухана засвярбела раненая спіна. Ён прачнуўся, падлажыў пад сябе аўтамат, паспрабаваў пацерціся аб дыск, ды было нязручна. Хлопец вылаяўся, устаў, падышоў да слупа, які падпіраў столь, і пачаў церціся аб сучок.

— Здурэў?! — выбухнуў я.

— А табе што? — агрызнуўся ён сонны.— Ляжы, калі ляжыш!

— Пясок у вочы сыплецца, дубіна!

— Ад яловага пня чую! — Ён спакойна працягваў занятак.

Гэта мяне яшчэ больш раззлавала.

— Што вы, хлопцы! — мірылі нас партызаны.— Пеця, не чапай слупа, і праўда, сыплецца!..

— Халерная рана зажывае, ведаеш, як свярбіць? Каб табе гэтак, ты на сцяну палез бы!

— Ідзі на двор, патрыся аб сасну!

— Паны, маць вашу... пяску збаяліся, чорт вас бяры!..

Трухан упаў на салому і адразу захроп.

— Што з табой, Ваня? Чаму ты такі стаў раздражнёны, змрочны? — звярнулі ўсе ўвагу на мяне.

— Хіба няпраўда?!. Чухаецца як слон, а яшчэ агрызаецца! Во, нават на зубах трашчыць!..

— Я ведаю, чаму ён такі,— у яго баліць сэрца! — пажартаваў нехта, нават і не падазраючы, як блізка да праўды.

— Гэта іх усіх радыстка параніла, пакуль прывялі з возера!

— А нічога не скажаш, спрытная полечка! -- Адна фігурка чаго варта!

— Штосьці нездаровіцца...— прамовіў я.

— Хлопцы, даць любоўных капель Барташэвічу!

— Кладзіся ля печы! У маёй біклажцы малако ад шалёнай каровы — пяршак! Глынеш — да раніцы нібы рукой здыме!

— Добра, толькі схаджу да начальства...

Усё раптам здалося мне малазначным, агарнула дзікае нецярпенне пабачыць Данусю: вось зараз, у гэтую хвіліну — я не мог чакаць ні мінуты!

Я накіраваўся ў зямлянку камандзіра брыгады. Не палена, зразумее і адпусціць з брыгады на два тыдні. Больш мне і не трэба... Эх, каб пусціў, панёсся б у Вільню як на крыллях!

У камандзірскай зямлянцы над рацыяй сядзела Стася. У яе пышных валасах блішчала нікеляваная палоска навушнікаў. Дзяўчына ўся ператварылася ў слых.

— У вас работа сама...— замяўся я.

— А, заходзь, Ваня, заходзь, чаго стаў на парозе?

— Я думаў, што вы...

— Ды заходзь і зачыняй дзверы, холаду напусціш! — зашаптаў камбрыг і паказаў вачамі на радыстку: — Не перашкаджай адно!..

— Мо по-отым...— не выпускаў я дзвярэй.

— Як ведаеш, упрошваць не буду. Хутчэй — туды або сюды!

— Лепш у наступны раз, таварыш камандзір! — злосны на сябе за такое бязволле, вылецеў я з зямлянкі.

Цяпер толькі я зразумеў, што па асабістай справе ніхто ў такі час не пусціць мяне ў Вільню. Смешным выглядаў бы я, каб пачаў апавядаць камбрыгу, што калісьці там меў знаёмую генералаву дачку, што з-за яе яшчэ і цяпер сохну... Ці ж не дурань я?

Здзейсніць маё жаданне дапамог выпадак. Але цяпер раскажу, што здарылася, калі я вярнуўся ў зямлянку.

8

Калі я вярнуўся ад камбрыга, хлопцы сядзелі на нарах і моўчкі глядзелі на прамерзлага да касцей партызана, які ля печы здымаў боты.