— Ваня, Зіны ўжо няма! — шапнуў нехта з цемры.
— Як няма? — не зразумеў я.
— А так, як бывае: сёння ты ёсць, заўтра цябе няма...— паясніў Трухан.
Здарылася якоесьці няшчасце, і ўсе хавалі вочы, нібы я ў ім вінаваты.
I раптам мяне прашыла здагадка. Чорт вазьмі, які я нікчэмнік — апошнія дні нават не ўспомніў пра Зіну!.. Дык гэта яе ўжо няма?!. Па спіне прабег холад, дайшоў да галавы, аж замарочыла мазгі.
— Ты прынёс гэтую навіну? — сурова спытаўся я ў незнаёмага партызана.
Ён нічога не адказаў. Толькі раскруціў памалу сырыя анучы і падсунуў ногі да агню. Калі з іх паваліла пара, ён з асалодай крэкнуў:
— Любата!
Ясна, ён. I Зіны сапраўды няма. I ніколі больш не будзе.
Вось як яна загінула.
Выканаўшы заданне, група вярталася ў лагер і заблудзілася. Партызаны вырашылі дачакацца світання, каб разгледзецца; ляглі яны і заснулі. Калі, нарэшце, развіднела, усе аслупянелі: перад імі былі амбразуры нямецкага бункера, а вакол — чысцюткае поле, толькі кіламетры за два цямнеў грэбень лесу. Што рабіць?
— Не ўпусціце момант! — кінула Зіна.
Яна схапілася і пабегла па адкрытым месцы, адцягваючы на сябе ўвагу немцаў.
Іхні кулямётчык спачатку разгубіўся і доўга не мог пацэліць. Та-ды обер-яфрэйтар адпіхнуў нагой кулямётчыка і прыпаў да станкача сам. Обера гэтага мы ведалі. Прыбыў ён сюды пасля ранення на ўсходнім фронце. Першай жа чаргой скасіў ён фігурку, і яна нерухома застыла на загоне.
З бункера ў поле сыпанулі немцы. Перавярнуўшы кованым ботам Зініна цела, обер-яфрэйтар доўга ўглядаўся ў твар дзяўчыны. Тады нагнуўся і падняў тульскую вінтоўку. Павадзіўшы пальцам па бляшках, якімі быў абіты прыклад, здзіўлена паглядзеў на салдат. Тыя толькі паціснулі плячамі. Сапраўды, было незразумела, што дзяўчына з такой зброяй збіралася тут рабіць.
— Guck mal![20] — закрычаў нехта.
I толькі тады немцы ўбачылі маленькія фігуркі партызан, якія ўжо дабягалі да лесу.
Чаму так сябе паводзіла партызанка, першы здагадаўся обер. Ён толькі кінуў:
— Heldin![21]
Пра гэта расказаў нам сувязны з хутара, на вачах у якога адбыласа апісаная сцэна.
Потым паліцаі здзекаваліся над яе целам.
Калі я даведаўся, дзе Зіна засталася на полі, прымацаваў у наступны дзень да сядла лейцы і, калі сцямнела, ускочыў на каня. Мы былі навучаныя горкім вопытам: забітых партызанаў ворагі часта мініравалі.
Знайшоўшы цела, я асцярожна прывязаў канец лейцаў да яе рукі, сам лёг у баразну, тузануў повад і пацягнуў каня на сябе.
— Бу-ум! — раздаўся страшэнны выбух, і каня з сілай кінула на зямлю.
1
З віленскага гета ўцякло да нас некалькі хлопцаў.
— Ратуйце народ! — узмаліліся яны.— Чаго вы тут выграваеце-ся? Ведаеце, што там робіцца?!
Кожны з іх на свае вочы бачыў жудасную трагедыю дзесяткаў тысяч няшчасных людзей. Там заставаліся іхнія сем'і, а фашысты ўжо збіраліся прыступаць да ліквідацыі гета. З вялікай масы яўрэяў там не знайшлося сілы, каб па прыкладу беластоцкага ці варшаўскага гета арганізаваць супраціўленне.
Паступова немцы перастралялі маладых мужчын, а тысячы старых, жанчын і дзяцей загналі за мураваныя сцены ў старажытныя кварталы горада.
Віленская юдэнрада[22] складалася з прадстаўнікоў набожнай буржуазіі. Замест таго каб выводзіць людзей у лясы да партызанаў, яны прапаведавалі пасіўнасць.
Адна частка рады даводзіда: чым больш даваць гітлераўцам падарункаў, тым большая магчымасць перажыць вайну. I цяклі ад іх фашыстам каштоўнасці. Нават у выглядзе імянных свастык, зробленых выдатнымі майстрамі ювелірнай справы з чыстага золата.
Штурмбанфюрэры, оберротэнфюрэры і розныя ляйтары ахвотна бралі гэтыя каштоўнасці, прыязна ўсміхаліся і ў той жа час рыхтавалі эшалоны з пустымі вагонамі. Фашысты наносілі нават візіты членам юдэнрады, дзякавалі за дапамогу, а потым бралі і вывозілі іх на расстрэл, толькі не ў Трэблінку, разам з усімі, а за горад, у Панары.
Другая частка самаўрада была бедная і дарыць не мела чаго. Каб суцешыць людзей, гэтыя члены аднавілі запылены біблейскі лозунг. «Што ж,— гаварылі яны,— калі нам выпаў такі лёс, давайце замкнёмся духоўна, пакарымся, загінем як адзін, ляжам немцам на сумленне — нас жа яшчэ чакае загробнае жыццё!.. А тых, хто паддаўся немцам і дапамагае расстрэльваць сваіх, праклянём!..»
I пры ўпамінанні якога-небудзь здрадніка юдэнрада ўвяла звычай плявацца і дабаўляць: «Няхай імя яго будзе праклятае навекі!»