26 верасьня 2001
У МЕНСКУ СТВОРАНЫ АРГКАМІТЭТ ДЗЕЛЯ ЗАХАВАНЬНЯ КУРАПАТАЎ
Сябры грамадзкага аргкамітэту будуць дамагацца ад уладаў, каб не краналі курапацкіх пахаваньняў ды каб стварылі ў Курапатах мэмарыял.
Альгерд Невяроўскі:
У сёньняшнім паседжаньні аргкамітэту бралі ўдзел лідэры БНФ, Маладога Фронту, Маладой Грамады, Мартыралёгу Беларусі, Асамблеі няўрадавых арганізацыяў, Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Беларусі ды іншых арганізацыяў.
Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец распавёў пра тое, што цяпер адбываецца ў Курапатах. Паводле ягоных словаў, дзякуючы намаганьням маладафронтаўцаў, якія ўжо некалькі дзён стала знаходзяцца ў Курапатах, будаўнічыя работы ва ўрочышчы цалкам спынілі. Лідэр МФ заявіў, што моладзь будзе знаходзіцца ў Курапатах да таго часу, пакуль не пастановяць будаваць дарогу ў абыход месцаў масавых пахаваньняў. Маладыя апазыцыянэры заклікалі сяброў аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы неадкладна накіраваць у Савет Міністраў ды іншыя дзяржаўныя ўстановы лісты з патрабаваньнем перагледзець праект будаўніцтва кальцавой дарогі.
Прадстаўніца Інстытуту гісторыі АН Валянціна Вяргей і кіраўніца Мартыралёгу Беларусі Мая Кляшторная сказалі, што, на жаль, перагледзець праект будаўніцтва дарогі немагчыма, аднак неўзабаве адміністрацыя Інстытуту гісторыі й праектны інстытут «Белгіпрадор» заключаць адмысловае пагадненьне. Праектны інстытут і будаўнікі абавязуюцца неадкладна спыніць работы, калі закрануць хаця б адно пахаваньне, а таксама добраўпарадкаваць тэрыторыю Курапатаў. Пасьля гэтага разгарэлася гарачая дыскусія. Гаворыць прадстаўніца Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Ірына Жыхар:
— Будзе падпісаная дамова паміж Інстытутам гісторыі й «Белгіпрадорам». Калі будзе знойдзеная хоць адна костка, спыняецца ўся праца і пачынаюць працаваць археолягі. І ў нас, калі гэтая дамова будзе заўтра падпісаная, зьяўляецца час.
Многія сябры аргкамітэту казалі, што цяпер праз ультыматумы нічога не дасягнеш — трэба лічыцца з рэаліямі А вось меркаваньне Паўла Севярынца:
— Пытаньне ў тым, ці мы змагаемся за Курапаты, вядзем духовае змаганьне, ці мы спрабуем нешта выгадаць у існуючага рэжыму. Я не кажу, што адна пазыцыя кепская, а другая добрая, я лічу, што перамогі можна дасягнуць толькі тады, калі прынцыпова настойваць на сваім.
У выніку спрэчак дасягнулі кампрамісу. У сваім звароцеаргкамітэт патрабуе ад уладаў неадкладна спыніць усе будаўнічыя работы ў раёне Курапатаў, правесьці там археалягічныя дасьледаваньні, а таксама дасьледаваць усе дакумэнты праекту дарогі — каб пераканацца, што магілы ахвяраў рэпрэсіяў ня будуць закранутыя. Аргкамітэт таксама прыняў зварот да партыяў і арганізацыяў з заклікам далучацца да грамадзкай ініцыятывы ў справе захаваньня Курапатаў.
А актывісты Маладога Фронту пасьля паседжаньня накіраваліся на дзяжурства ў Курапаты, дзе сёньня ноччу яны запаляць зьнічы ўздоўж дарогі каля ўрочышча.
27 верасьня 2001
У КУРАПАТАХ НЕ ДАЮЦЬ ПРАЦАВАЦЬ БУДАЎНІКАМ
Cябры Маладога Фронту па-ранейшаму трымаюць варту каля мэмарыялу. У Курапаты ідуць і ідуць людзі — нясуць крыжы, сьвечкі, кветкі, харчы для маладафронтаўцаў.
Ганна Соусь:
Гэта была ўжо трэцяя ноч у Курапатах для сяброў Маладога Фронту. Дарэчы, вельмі халодная. Распавядае Віталь Кошалеў:
— Кветкі стаяць у вадзе, дык вось — вада замерзла. Сёньня з раніцы будаўнікі сюды нават ня сунуліся. Мы перагарадзілі, каб тут ня езьдзілі. Потым зранку прыехалі археолягі, яны дасьледавалі костку, якую знайшлі тут у нядзелю. Падыходзяць увесь час людзі, цікавяцца — цяпер больш, чым раней.
Віталь Кошалеў упэўнены, што трымацца маладафронтаўцы будуць да апошняга. Яны ўжо рыхтуюць поліэтылен для намётаў на выпадак дажджу. Мінулую ноч правёў у Курапатах і лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец.
СЕВЯРЫНЕЦ: Зьявіліся зьвесткі, што косткі, якія выкопваліадсюль і салдаты перазахоўвалі ў 1940–50-я гады, знаходзяцца недалёка, літаральна за некалькі соцень мэтраў, у лагчыне, яны засыпаныя сьмецьцем. Мы паспрабуем праверыць і гэтую інфармацыю. Гэты дзень, я мяркую, прысьвецім таму, каб не дапусьціць будаўнікоў на пагорак з таго боку. Мо дасьледуем магчымыя пахаваньні на тым баку дарогі і ў лагчыне. Яшчэ паставім некалькі крыжоў на пад’ездах, падыходах, каб яны ня здолелі праехаць. Відавочна, нас хочуць узяць зморам. Думаюць, што тут проста людзі патусуюцца й сыдуць. Так ня будзе. Будзем стаяць, пакуль ня зьменяць гэтую дарогу.
Увесь час у Курапаты прыходзяць сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ. Адна зь іх, Вольга Кацянкова набыла крыж на свае грошы. Я размаўляю зь ёй, пакуль маладафронтаўцы выкопваюць яму для крыжа.