Хлопцы й дзяўчаты, што бароняць Курапаты, ні на што ня скардзяцца, спадзяюцца толькі, што бліжэйшым часам надвор’е значна не пагоршыцца й ня пойдзе дождж. Адзінае, што часам абаронцам Курапатаў не хапае пітной вады. І яны папрасілі мяне праз Радыё Свабода зьвярнуцца з просьбай да тых, хто неўзабаве пойдзе ў Курапаты, узяць з сабой некалькі бутэлек вады.
28 верасьня 2001
У МЕНСКУ ПРОЙДЗЕ КРУГЛЫ СТОЛ ПА ПРАБЛЕМЕ ЗАХАВАНЬНЯ КУРАПАТАЎ
Сябры аргкамітэту грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» вырашылі арганізаваць круглы стол у справе абароны гэтага месца масавых рэпрэсіяў.
Альгерд Невяроўскі:
Сакратарка грамадзкай ініцыятывы Ірына Жыхар на сёньняшнім паседжаньні аргкамітэту агучыла дакумэнт, зь якога вынікае, што работы па пашырэньні Менскай кальцавой дарогі праходзяць зь вялікімі парушэньнямі будаўнічага праекту.
Спадарыня Жыхар працытавала адказ кіраўніцтва арганізацыі «Магістральаўтадор», якая ёсьць заказчыкам пашырэньня кальцавой дарогі, прадстаўнікам Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Беларусі. Заказчыкі паведамляюць, што работы па пашырэньні дарогі ў раёне Курапатаў плянуецца распачаць у 2003–2005 гадах. У гэтым лісьце (ад 18 чэрвеня сёлета) прадстаўнікі «Магістральаўтадору» прапануюць археолягам Акадэміі Навук прагледзець папярэдні праект будаўніцтва, пазначыць на мапе ўсе месцы пахаваньняў і зрабіць заўвагі адносна рэалізацыі гэтага праекту. Гаворыць Ірына Жыхар:
— А гэтак не адбылося, таму што ў ліпені ці ў жніўні Лукашэнка праехаў па трасе й пабачыў, што маскоўскі шлях яго не задавальняе. Ён выклікаў заказчыкаў і сказаў: якія два гады на праектаваньне, навошта вам праекты? Неабходна сёньня зрабіць тую працу, якую вы плянавалі зрабіць праз два гады. І ня тры гады рабіць, а здаць дарогу ў 2002 годзе.
Такім чынам, цяперашняе будаўніцтва вядуць, не зважаючы на тое, што на шляху знаходзяцца магілы расстраляных людзей.
Сёньня сябры аргкамітэту зацьвердзілі канчатковы варыянт заявы, у якой актывісты грамадзкай ініцыятывы патрабуюць ад уладаў неадкладна спыніць будаўніцтва ў раёне Курапатаў, правесьці ў прыдарожнай зоне дадатковыя археалягічныя дасьледаваньні. Аргкамітэт таксама дамагаецца абнародаваньня вынікаў курапацкага расьсьледаваньня, якое вайсковая пракуратура правяла ў 1997–99 гадах, ды агарадзіць і ўпарадкаваць тэрыторыю ўрочышча. Гэтую заяву падпісалі шэраг партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, а таксама такія вядомыя людзі як Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Ганчарык ды іншыя.
Сябры аргкамітэту вырашылі арганізаваць грамадзкую дыскусію ў справе абароны Курапатаў На наступным тыдні яны зьбіраюцца правесьці круглы стол пад назвай «Мэ-марыял Курапаты: сёньняшні стан і праблемы захаваньня». У ім павінны ўзяць удзел прадстаўнікі зацікаўленых дзяржаўных установаў, гісторыкі й грамадзкасьць. А заўтра ў Курапатах грамадзкія арганізацыі ладзяць талаку дзеля добраўпарадкаваньня тэрыторыі ўрочышча.
28 верасьня 2001
ЦІ ПАГРАЖАЕ РЭКАНСТРУКЦЫЯ КАЛЬЦАВОЙ ДАРОГІ КУРАПАТАМ?
Ці закрануць будаўнічыя работы ў раёне Курапатаў пахаваньні ахвяраў сталінскага генацыду? Як мусіць выглядаць месца па сканчэньні рэканструкцыі? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае Аляксей Фёдараў, дырэктар інстытуту «Белгіпрадор».
Ягор Маёрчык:
Плянуецца, што ўжо ў панядзелак 1 кастрычніка частка Менскай кальцавой дарогі ў раёне ўрочышча Курапаты будзе закрытая на рэканструкцыю Адновіцца рух толькі налета, у лістападзе. За гэты час будаўнікі плянуюць зрабіць наступнае. Па-першае, ля ўрочышча пабудуюць два падземныя пераходы. Па-другое, у раёне вуліцы Мірашнічэнкі зьявяцца дзьве аўтамабільныя пляцоўкі, кожная на 40 аўтамабіляў. Па-трэцяе, праезная частка насупраць пахаваньняў пашырыцца на 15 мэтраў. Такім чынам, будзе шэсьць аўтамабільных палосаў шырынёй агулам 32 мэтры. Па-чацьвертае, будаўнікі ўсталююць спэцыяльныя пліты на тым месцы, дзе кальцавая дарога некалі разрэзала ўзвышша з пахаваньнямі.
Працягвае Аляксей Фёдараў, дырэктар інстытуту «Белгіпрадор» — установы, якая распрацоўвала праект рэканструкцыі кальцавой дарогі:
— У межах выемкі будуць прадугледжаныя спэцыяльныя канструкцыі, якія будуць забясьпечваць надзейнасьць і ўстойлівасьць гэтых схілаў. Яны будуць абавязкова адлюстроўваць сутнасьць таго месца, дзе праходзіць дарога.
На мапе, якую мне паказалі ў інстытуце «Белгіпрадор», сапраўды бачна, што кальцавая дарога не закранае пахаваньні. І разам з гэтым Аляксей Фёдараў зазначае:
— Зроблена ўсё, каб ні ў якім разе тое, што тут знаходзіцца, не закрануць. Гэта непахісна. Паўтаруся, траса спраектаваная такім чынам, што не парушае ўсяго таго, што тут ёсьць. Мы пашыраемся ў межах дарогі, якая там сёньня праходзіць. І не перасоўваемся ні ўлева, ні ўправа.