Выбрать главу

Сёньня я сустрэла ў Курапатах 15-гадовага Рацібора Бегуна. Ён жыве недалёка і часьцяком наведвае ўрочышча.

БЯГУН: Усе падзеі, якія разгортваюцца тут, я бачу зь дзяцінства. Гэтае месца вельмі важнае для мяне. Тут загінула надта шмат бязьвінных людзей, каб гэтае месца проста так забываць.

У талацэ браў удзел і Віктар Кавешнікаў, актывіст КХП БНФ.

КАВЕШНІКАЎ: Курапаты, я спадзяюся, будуць падмуркам будучай беларускай нацыі. Усё гэта — справа не аднаго дня, не аднаго тыдня…

Думку Віктара Кавешнікава працягвае Зьміцер. У яго на кашулі значак з надпісам: «Размаўляй па-беларуску».

ЗЬМІЦЕР: Я лічу, што кожны сьвядомы беларус павінен браць чынны ўдзел у гэтай справе.

Сябры КХП БНФ плянуюць і ўлетку ладзіць талокі па суботах.

26 траўня 2002

СПРАВА АБАРОНЫ МЭМАРЫЯЛУ ЯШЧЭ НЯ СКОНЧАНАЯ

Курапацкія валанцёры рыхтуюцца да згортваньня свайго лягеру, якое павінна адбыцца праз тыдзень.

Альгерд Невяроўскі:

Мінулай ноччу ў лягеры знаходзілася шэсьць валанцёраў на чале зь Яўгенам Скочкам. Сёньня ў валанцёраў зноў скончыліся прадукты, але хлопцы гавораць, што гэта не вялікая праблема. Маўляў, калі 8 месяцаў вытрымалі, дык і апошні тыдзень пратрымаюцца. Праўда, пры гэтым дадаюць, што былі б удзячныя людзям за харчовую дапамогу.

Гаворыць Васіль Парфянкоў:

— Сумна, сумна будзе адсюль сыходзіць. Бо так ужо прывыклі і з хлопцамі як браты сталі. Але вечна таксама тут не праседзіш, і калі вырашылі, то трэба сыходзіць. Праўда, калі будзе трэба, зноў паставім намёт, і будзе зноў кругласутачная варта.

Сябры Васіля Антон Шкурынскі й Яўген Восіпаў таксама шкадуюць, што прыйдзецца згарнуць намёты. Гаворыць Антон Шкурынскі:

— Патрачаных тут сілаў не шкада, бо яны пайшлі на добрую справу.

А вось меркаваньне Яўгена Восіпава:

— Шкада ўсё пакідаць. Невядома, што тут будзе адбывацца. Зноў шашлычнікі будуць хадзіць у гэты лес. Я, натуральна, буду прыяжджаць у суботу і ў нядзелю. Бо я сам з Барысава.

Валанцёры ўжо пачалі прыбіраць тэрыторыю свайго лягеру ад сьмецьця. На думку Васіля Парфянкова, цяпер самае галоўнае – вывезьці з Курапатаў жалезныя рэшткі спаленага намёту. Кожны дзень у Курапаты прыходзяць менчукі й замежныя госьці. Усе яны выказваюць падтрымку й падзяку абаронцам.

27 траўня 2002

СЯБРЫ ПАРТЫІ БНФ ВОЗЬМУЦЬ УДЗЕЛ У ПАТРУЛЯВАНЬНІ

Адзін з крыжоў, што ўзвышаюцца ў Курапацкім лесе на пагорку, усталяваў некалькі гадоў таму Ўладзімер Кішкурна, старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ.

Ганна Соусь:

За гэтыя восем месяцаў я вельмі часта сустракала Ўладзімера Кішкурну ў Курапатах. То ён канапу валанцёрам прывозіць, то цёплую вопратку й спальныя мяхі, то сьвечкі й акумулятар для сьвятла, то сякеры з рыдлёўкамі. Узімку Ўладзімер Кішкурна аплачваў у лясьніцтве рахункі за сухія дрэвы для ацяпленьня намёту валанцёраў Дарэчы, знакамітую «буржуйку» ў вайсковы намёт прынес менавіта спадар Уладзімер.

КІШКУРНА: Калі я па ўзросту не магу да іх далучыцца — быць на вахце поўнымі суткамі, тыднямі, дык я хоць чым магу дапамагу — і маральна, і матэрыяльна.

Два дзядзькі Ўладзімера Кішкурны — Войцэх і Іосіф — былі расстраляныя ў Курапатах. Іосіф Кішкурна да 1935 году жыў на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

КІШКУРНА: Іосіф, родны мой дзядька, у 1935 годзе пераяжджае ў Менск. Яму даюць кватэру, і ён працуе столярам. У 1938 годзе яго арыштавалі як польскага шпіёна і расстралялі. У гэты ж самы час арыштоўваюць майго бацьку. Як мне распавядалі пасьля вайны бацька з маці, тады яны проста цудам уратаваліся. Ён проста нічога не гаварыў. Яго пратрымалі за кратамі тры месяцы.

Як агента польскай выведкі ў 1938 годзе расстралялі й стрыечнага дзядзьку Ўладзімера Кішкурны Войцэха. Рэабілітавалі яго ў 1968 годзе, а Іосіфа Кішкурну — у 1959 годзе. Пра тое, што абодва дзядзькі былі расстраляныя ў Курапатах, Уладзімер Кішкурна даведаўся толькі пры канцы васьмідзясятых гадоў.

КІШКУРНА: Як Зянон распачаў раскопкі, зьявіліся публікацыі. У «Мінскай праўдзе» надрукавалі даведку з КГБ са сьпісам людзей, якіх расстралялі ў Курапатах. Вось адкуль я даведаўся, што там мае дзядзькі.

Некалькі гадоў таму Ўладзімер Кішкурна паставіў крыж у Курапатах па сваіх дзядзьках. Цяпер ён возьме актыўны ўдзел у дзённым патруляваньні, якое распачнецца 3 чэрвеня.