КІШКУРНА: Калі такая вахта будзе не кругласутачная, а пагадзінавая, мы здолеем далучыць да яе больш актывістаў. Мы разглядалі гэтае пытаньне на гарадзкой радзе і прынялі рашэньне, што, як будзе спыненая кругласутачная вахта (праўда, і гэтак нашыя сябры й начавалі ў Курапатах, і дапамагалі), мы возьмем удзел у дзяжурствах, і гэта будзе больш эфэктыўна.
28 траўня 2002
ВАЛАНЦЁРЫ ЎСТАЛЯВАЛІ КРЫЖЫ
Тыя крыжы раней будаўнікі прыбралі з адхону дарогі. У некаторых месцах насып пачаў прасядаць.
Ганна Соусь:
Трапіць у Курапаты цяпер складана, моцныя дажджы размылі глебу, поўна лужынаў, са сьцёку няспынна цячэ вада ў бок Крыжа Пакутаў. Сёньняшні дождж загасіў вогнішча валанцёраў. Самі добраахвотнікі сядзяць у маленькім намёце. Гаворыць Васіль Парфянкоў:
— Моцны дождж пайшоў пад раніцу.
— А чым вы занятыя вось гэтыя апошнія дні перад тым, як будзе скончаная кругласутачная вахта?
— Усталявалі нанова крыжы, якія дасталі з адхону будаўнікі. Пяць — уздоўж адхону, і тры — на гары паставілі.
— Як будзе праходзіць цырымонія зьняцьця лягеру?
— Будзе невялічкі жалобны мітынг, выступяць людзі, і мы панясем свой зварот у Савет Міністраў, калі дойдзем датуль.
Насып кальцавой дарогі ўжо зарос высокай травой. У адным месцы яна прысыпаная зямлёй. Паводле Васіля Парфянкова, гэткім чынам будаўнікі прысыпаюць насып, які прасеў. Дарогу ля ўрочышча будавалі шпаркімі тэмпамі, нягледзячы на надвор’е. Часам сьнег прысыпалі зямлёй Валанцёры прагназуюць, што й надалей дарога будзе даваць усадку, і ня толькі насып, але й сама траса. Валанцёр Антось Шкурынскі крыху шкадуе, што хутка давядзецца спыняць кругласутачную вахту памяці ва ўрочышчы:
ШКУРЫНСКІ: Гатовы яшчэ паўгода тут праседзець дзеля сьвятой мэты. Так, канечне, трэба яшчэ й на працу, трэба і ў свой горад зьезьдзіць, але тут таксама патрэбныя людзі.
29 траўня 2002
ДА ЗАКАНЧЭНЬНЯ ВАХТЫ ЗАСТАЛОСЯ 5 ДЗЁН
Пакуль дзяжурства ва ўрочышчы па-ранейшаму працягваецца.
Ганна Соусь:
Паводле Сержука Высоцкага, валанцёры атрымалі адказ з пракуратуры Менскага раёну, у якім паведамляецца, што пракуратура ня будзе заводзіць крымінальную справу з нагоды шэрагу правакацыяў і зьбіцьця валанцёраў. Што да суду над Васілём Парфянковым, якога абвінавачваюць у дробным хуліганстве, то ён перанесены на 3 чэрвеня.
29 траўня 2002
ГРАМАДЗКАЯ ІНІЦЫЯТЫВА ПРАВЯДЗЕ ТАЛАКУ
Удзельнікі ініцыятывы хочуць супольна пазначыць межы мэмарыялу з боку гораду.
Ганна Соусь:
Сябры грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» заклікаюць усіх прыходзіць у суботу й нядзелю аб 11-й гадзіне на талаку. Гаворыць каардынатарка ініцыятывы Ірына Жыхар:
— Урочышча Курапаты мы звычайна разглядалі з аднаго боку, — таго, дзе зараз ёсьць валанцёры. А тэрыторыі з боку Менску такой пільнай увагі не надавалі. І зараз там будаўнікі праводзяць кабэльныя сеткі, і нават праваслаўная царква нешта капае непасрэдна на самой тэрыторыі мэмарыялу. Яны зараз гатовыя проста ісьці па магілах, і нават ужо чуюцца такія воклічы: «Калі сустрэнем магілу, зробім перазахаваньне». У будаўнікоў у бюджэце закладзеныя такія выдаткі — слупы, каб вызначыць, дзе межы мэмарыялу. Мая Тодараўна Кляшторная, якая цяпер зьяўляецца навуковай кіраўніцай гэтага аб’екту, тэрмінова шукае магчымасьці, каб гэтыя слупы закупілі й прывезьлі менавіта на гарадзкі ўчастак мэмарыялу.
Ірына Жыхар заклікае ўсіх зацікаўленых прыходзіць 1 і 2 чэрвеня ў Курапаты з рыдлёўкамі, каб усталяваць гэтыя слупы й такім чынам пазначыць межы мэмарыялу. Грамадзкае аб’яднаньне «Дыярыюш» практычна падрыхтавала да друку кнігу пра Курапаты. Актывісты ініцыятывы зьбіраюцца распачаць збор ахвяраваньняў на выданьне гэтай кнігі накладам 10 тысяч асобнікаў. Ірына Жыхар тлумачыць:
— Цяпер у краіне жахлівая сытуацыя з падручнікамі гісторыі. Тэма бальшавіцкіх рэпрэсіяў наагул зьнікае з падручнікаў. Мы вырашылі ня проста шукаць грошы пад друк гэтай кнігі, а нават зрабіць цэлую кампанію для настаўнікаў гісторыі, для выкладчыкаў гісторыі ВНУ, для бібліятэкараў. Мы хочам 19 чэрвеня правесьці вялікую нараду з прадстаўнікамі творчых саюзаў, праектных іністытутаў, навукоўцамі, рэлігійнымі канфэсіямі й грамадзкімі арганізацыямі наконт таго, як зьбіраць гэтыя грошы.
Кампанія, якая распачнецца 19 чэрвеня, скончыцца 30 кастрычніка, у Міжнародны дзень ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.