Сяброўка КХП БНФ Інэса Лейпч прыходзіць у Курапаты штодня І кожны дзень у яе зьяўляюцца новыя вершаваныя радкі пра гэтае месца:
Не чапайце Курапатаў!
Тут месца сьвятое.
Крыжы, магілы ў соснаў шатах
пакіньце ў спакоі!
Паглядзіце, нават птушкі
над гэтым сьвятым месцам
грамадою чыняць мужна
акцыю пратэсту.
А, можа, гэта й ня птушкі,
а ахвяраў дух крылаты
тут у хваляваньні кружыць,
шукаючы рады.
Не чапайце Курапатаў!
2 кастрычніка 2001
АКЦЫЯ МОЛАДЗІ Ў КУРАПАТАХ ПРАЦЯГВАЕЦЦА
На простай тэлефоннай сувязі — наша карэспандэнтка Ганна Соусь:
— Зараз у Курапатах ідзе дождж. Тут сабралася каля 20 чалавек.
— Ці бачыце Вы там новыя твары?
— Я бываю ў Курапатах штодня і кожны дзень бачу новых людзей. Некаторыя мяняюцца, прыходзяць празь дзень-два, але шмат і новых твараў. Вось я бачу, што тут зьявіліся новыя плякаты, яны доўгія, 10 мэтраў, прымацаваныя да дрэваў. Там напісана: «Тут пахаваныя бязьвінныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў», «Курапаты – наш боль». Плякаты добра відаць з аўтамабіляў, што едуць па дарозе. Шмат кіроўцаў спыняюцца. Учора Курапаты наведала дэпутатка палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава.
Зараз побач са мной знаходзіцца сябра Маладога Фронту Зьміцер Ядчэня. Дзяржаўныя тэлевізія і радыё пакуль ніякім чынам не паведамлялі пра тое, што цяпер адбываецца ў Курапатах. Тым ня менш, Вольга Абрамава хоча ініцыяваць курапацкае пытаньне ў парлямэнце. Як Вы мяркуеце, Зьміцер, ці здольная палата прадстаўнікоў дапамагчы вырашыць гэтае пытаньне, ці ў стане яны дапамагчы абаронцам Курапатаў?
— Не, я лічу, што палата прадстаўнікоў у дадзены момант нічога ня можа вырашыць. Мы ўсе ведаем, што сабой уяўляе «палатка», ведаем яе паўнамоцтвы, ведаем, што яна прымае дасланае згары.
— Я чую там нейкія гукі, нібыта сякера. Што там у вас адбываецца?
ЯДЧЭНЯ: Так, гэта мы робім яшчэ некалькі крыжоў, якія паспрабуем сёньня ўсталяваць. Ну і таксама сячэм дровы для вогнішчаў.
— Радыё Свабода кожны дзень асьвятляе вашую акцыю. Ці адчуваеце вы зваротную сувязь праз Радыё з тымі людзьмі, якія прыходзяць да вас?
— Так. Вось учора шмат людзей вярталася зь лецішчаў, і яны казалі, што на лецішчах чулі Свабоду і чулі пра нашыя заклікі, таму яны прыяжджаюць сюды і падтрымліваюць нас матэрыяльна і маральна.
— Ці зьбіраецеся вы начаваць, колькі вас там застанецца?
— Кожную ноч нас тут застаецца 10—15 чалавек.
3 кастрычніка 2001
ВАРТА МОЛАДЗІ Ў КУРАПАТАХ ПРАЦЯГВАЕЦЦА
Наўпроставае ўключэньне ў этэр нашай карэспандэнткі Ганны Соусь з Курапатаў:
— Сёньня раніцай будаўнічая тэхніка пачала працаваць літаральна ў пяці мэтрах ад крыжоў. Моладзь мела гутарку з прарабам будоўлі. Той сказаў, што мае загад – 20 мэтраў у дзень, інакш будаўнікоў звольняць. Наконт магілаў бязьвінна пакараных прараб сказаў: «Гэта ўсё пустое».
Сёньня ж сябры КХП БНФ усталявалі яшчэ два крыжы. Дарэчы, менавіта сёньня былі пададзеныя заявы ў гарвыканкам і аблвыканкам на правядзеньне мітынгу і жалобнага шэсьця на Дзяды Побач са мной знаходзіцца сябар
Сойму КХП БНФ Валеры Буйвал.
БУЙВАЛ: Мы падалі заявы на нядзелю, 28 кастрычніка, каб правесьці шэсьце ў Менску і жалобны мітынг у Курапатах у дзень ушанаваньня памяці продкаў Дзяды. Збор адбудзецца 28 кастрычніка ў 11:30 у сквэры на бульвары Талбухіна, потым людзі з крыжамі, абразамі і сьвечкамі пройдуць па праспэкце Скарыны ў Курапаты, і тут з 15 да 17 гадзін адбудзецца жалобны мітынг.
У гэтыя хвіліны яшчэ працягваецца круглы стол па праблеме Курапатаў, а побач са мной сябар Маладога Фронту Аляксей Талстоў. Пры якой умове маладафронтаўцы сыдуць з Курапатаў? Якія гарантыі патрэбныя вам, каб вы зьнялі намёты і пакінулі гэтае месца?
ТАЛСТОЎ: Мы спынім дзяжурства толькі ў тым выпадку, калі тут больш ня будзе весьціся будоўля дарогі, і калі пабачым, што будоўля вядзецца ў іншым месцы – а менавіта зь іншага боку дарогі. Ніякія дакумэнты нас не задавальняюць.
— Ганна, тыя людзі, што там знаходзяцца, якім чынам яны змаглі ахвяраваць гэтай справе столькі часу?
— Я сёньня размаўляла з многімі людзьмі. Гэта студэнты, работнікі. Яны мяняюцца і спрабуюць спалучаць работу і вось гэтую варту. Аляксей Талстоў скажа пра гэта:
— У нас тут шмат хто. Ёсьць вартаўнік, ёсьць студэнты менскіх ВНУ. Шмат хто застаецца на ноч, некаторыя нават тут жывуць – з вучобы адразу сюды, адсюль – на вучобу.