Выбрать главу

— Наша партыя працягвае ўсталяваньне крыжоў. Сёньня мы хочам закончыць афармленьне цэнтральнай Алеі. Далей будзем ставіць крыжы на магілах, уздоўж дарогі.

Уладзімер Юхо кажа, што трэба будзе працягнуць Алею Крыжоў да Цны.

ЮХО: З боку Цны зроблены пераход. І вядома, што, калі там будуць спыняцца машыны, то людзі пойдуць з гэтага боку ў раён Курапатаў.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка і другія актывісты грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» сёньня прыйшлі ва ўрочышча з рыдлёўкамі й сякерамі.

ВЯЧОРКА: Сёньня — традыцыйная праца, якую трэба рабіць рэгулярна. Гэта выкарчоўваньне кустоў і зрэзваньне буйной травы і тых жа самых кустоў. Гэтую працу трэба рабіць безупынна, каб выпадковыя наведнікі ўсё ж бачылі й магільныя яміны, і крыжы, каб яны разумелі, што гэта ня проста звыклы лес.

Сяргей Мацкевіч прыйшоў на талаку разам з жонкай Тамарай. Дзеда Сяргея Сільвэстра Мацкевіча расстрэльвалі ў Курапатах, але той цудам застаўся жывы.

МАЦКЕВІЧ: Перад самай вайной дзеда з Драгічынскага раёну забралі сюды. Яго тут стралялі, але так здарылася, што ён стаяў у другім шэрагу, і яго недастралілі, і разам зь нейкім палякам яны выбраліся ўначы з-пад трупаў і пайшлі ў бок хаты. Пакуль дайшлі дахаты, пачалася вайна. І недзе ў 1943 годзе ён, бачачы, што савецкія войскі наступаюць, і яго ізноў будуць страляць, пайшоў у бок захаду

— у Польшчу, Нямеччыну, а ў 1949 годзе трапіў у Амэрыку. І пра гэта калісьці распавёў на Радыё Свабода. І толькі тады сваякі даведаліся, што ён жывы. Лёс склаўся так, што ў 1986 годзе ён памёр, так ніводнага разу й ня ўбачыўшы сваіх родных.

Сёньня ўрочышча наведаў вядомы літоўскі пісьменьнік й былы дысыдэнт Томас Венцлава. Ён зазначыў, што Курапаты можна паставіць у адзін шэраг з такімі месцамі як Асьвенцім і Майданэк. Спадар Венцлава нагадаў пра літоўскі досьвед у справе ўшанаваньня бязьвінных ахвяраў сталінскага рэжыму, пра тое, як літоўцы вывозілі парэшткі сваіх грамадзянаў з Сыбіру і Поўначы, як ставілі помнікі ахвярам рэпрэсіяў.

ВЕНЦЛАВА: У Вільні існуе музэй КГБ у будынку былога КГБ. Я магу толькі пажадаць, каб у Беларусі ў будынку КГБ, які, я спадзяюся, стане будынкам былога КГБ, быў створаны падобны музэй.

2 чэрвеня 2002

ВАЛАНЦЁРЫ РЫХТУЮЦЦА ДА СПЫНЕНЬНЯ ВАРТЫ

Яны хвалююцца за лёс мэмарыялу пасьля зьняцьця кругласутачнай варты.

Галіна Абакунчык:

Сёньня днём у Курапатах заставаліся тры валанцёры, але мінулую ноч тут дзяжурылі 12 чалавек. Ноч прайшла спакойна, калі ня ўлічваць, што ў Курапацкім лесе праз дарогу ад лягеру начную пагулянку з музыкай і песьнямі наладзіла група моладзі. Да валанцёраў яны не чапляліся, а пасьля сябе пакінулі гару бруду і пустых пляшак. Затое цалкам сплянаванай акцыяй, скіраванай на запалохваньне валанцёраў, яны лічаць спробы невядомых людзей штоночы выкопваць крыжы, усталяваныя вакол урочышча. Гавораць маладафронтаўцы Вераніка Лаеўская й Сяржук Мацкойць.

ЛАЕЎСКАЯ: Крыжы вакол Курапатаў выкопваюць ноччу. Некаторыя пакідаюць так, а некаторыя з сабой забіраюць. Гэта наўмысна робіцца. Напэўна, хочуць запалохаць, каб мы хутчэй адсюль сышлі. А калі мы адсюль сыдзем, то невядома што тут будзе.

МАЦКОЙЦЬ: Мы пераходзім на патруляваньне. Будзем тут прыбіраць сьмецьце і ганяць так званых шашлычнікаў, і наогул сачыць за парадкам, бо гэтае месца без нагляду пакідаць нельга.

Вандалы й невядомыя шкоднікі ў Курапатах актывізаваліся толькі з надыходам цяпла. Затое людзі, чые сваякі былі тут расстраляныя альбо закатаваныя падчас рэпрэсіяў далёка ад Беларусі, прыходзяць і прыяжджаюць з самага пачатку варты. Сёньня тут былі спадарыня Ала й Ніна Касінюк.

АЛА: Мы часта тут бываем. У мяне тут расстраляныя дзядзька і цётка. Лічу, што Курапаты — сымбаль нашых пакутаў.

НІНА: У мяне родныя ня тут, а ў Краснаярскім краі, але ж туды ня дойдзеш. Дык я сюды прыходжу, бо тут людзі гэткія ж, як і мае родныя.

Сёньня валанцёры працягвалі прыбіраць тэрыторыю вакол лягеру, каб заўтра быць гатовымі да закрыцьця начной варты. Яны вельмі шкадуюць, што давядзецца здымаць з флагштоку бел-чырвона-белы сьцяг. Слухаем Вераніку Лаеўскую й Сержука Мацкойця.

ЛАЕЎСКАЯ: Калі сьцяг пакінуць, то яго адразу здымуць. Шкада, бо гэтае месца сьвятое і сьцяг тут павінен быць. Ня ведаем, што рабіць.

МАЦКОЙЦЬ: Сьцяг тут трымаўся ўвесь час. Нават у самыя цяжкія дні, калі было зьбіцьцё, калі згарэў намёт, калі арыштоўвалі людзей. Урочышча заставалася бязь сьцяга літаральна некалькі гадзінаў. І таму гэты сьцяг увасабляе веру моладзі ў лепшую будучыню.