Выбрать главу

... Праз тыдзень. У Курапатах гарыць вогнішча. Дымам прапахла ўся вопратка й валасы. А шостай у мяне жывы этэр з Курапатаў. Разам з Уладзімерам Юхо ідзем па лесе. Баюся выпадкова ступіць нагой у яміну-магілу. Халодна й страшна... На дарозе спыняецца вялікая фура, зь яе выходзіць мужчына з пакункам харчоў і аддае яго валанцёрам. Дастаю дыктафон... «Я беларус, і не хачу, каб нас больш стралялі... У Курапатах!» Дагэтуль памятаю твар таго мужчыны...

... 8 лістапада. Дождж. Бруд. Сьвятло ад міліцэйскіх відэакамэр сьлепіць вочы. Гук паваленага крыжа. Крыкі затрыманых. Кроў. Сьлёзы. Пах перагару. Паўсюль міліцэйскі колер. Дыктафон няспынна фіксуе падзеі — шкада, што ўсё ня можа трапіць у этэр...

... 9 лістапада. Раніца. У паліклініцы мне ставяць кропельніцу. Тэлефануюць валанцёры з Курапатаў — ізноў пачаўся разгон лягеру. Не магу дачакацца, калі ж яна дакапае... Сядаю ў таксоўку, галава яшчэ крыху кружыцца. Калі прыяжджаю ва ўрочышча, міліцыя ўжо затрымала абаронцаў. Дастаю дыктафон і пачынаю апытваць сьведкаў разгону. У Курапаты ідуць і ідуць людзі. Праз гадзіну ізноў пачынаецца супрацьстаяньне...

... 24 сьнежня. Вечар. Каляды. Мне тэлефануюць з Курапатаў. Капэлян перадае слухаўку будаўніку з Магілёва. «Хочам даць Вам інтэрвію, мы ня верым другім выданьням. Толькі Радыё Свабода гаворыць праўду пра Курапаты...» Раніцай прыяжджаю ва ўрочышча. Будаўнік, малады мужчына ўжо ў цывільнай вопратцы (сёньня вяртаецца дадому) чакае размовы. Ён быў у той будаўнічай брыгадзе, што працавала 8—9 лістапада. «Вось я ў газэтах чытаў пра тое, што нібыта пасьля гэтых падзеяў некаторыя будаўнікі звольніліся Гэта няпраўда. Мы ўсе засталіся працаваць. Няхай гэта прагучыць па «Свабодзе». Мой дыктафон піша ўсё...

... Вясна. Сонца й сьнег у Курапатах. Штодня адныя й тыя ж людзі ў лягеры. Стомленасьць і пэўная абыякавасьць. Усё цяжэй шукаць нейкі паварот для рэпартажу. Тут нічога не зьмяняецца. Дарога будуецца. Нешта зьмяніць ужо немагчыма. У лягеры — паўгалодная паўсядзёнка. Чакаюць невядома чаго... Часам адчуваньне, што Курапаты анікому ўжо непатрэбныя... «Як можна туды столькі хадзіць?» — дзівяцца калегі й сябры. Але раніцай ногі самі ідуць да прыпынку 24-га аўтобусу. Ад майго дому да Зялёнага Лугу на ім крыху больш за гадзіну... Дарогай трымаю ў руках дыктафон, праслухоўваю ранейшыя запісы, тыя, што не ўвайшлі ў сюжэт...

... 23 траўня. Гэта ня проста супадзеньне. У Алеся Поклада і ў мяне сёньня дзень народзінаў. Яго зараз віншуць у шпіталі калегі па курапацкай вахце. Пра свой дзень я пакуль маўчу. Як звычайна, пішу на дыктафон аднаго з курапацкіх сядзельцаў. Часам здаецца, што ўсё, зьвязанае з тэмай Курапатаў, наканавана мне лёсам. Думаю, што невыпадкова маімі настольнымі кнігамі тры гады запар былі старыя нумары часопісу «Новый мир» — «Архіпэляг ГУЛАГ». Увесь трагізм рэпрэсіяў адчуваю тут, каля ямаўмагілаў. А найбольш востра тады, калі некаторыя былыя вязьні ГУЛАГу, прыходзячы ў Курапаты, адмаўляюцца гаварыць на дыктафон. Яны дагэтуль баяцца...

... 3 чэрвеня. Ня веру, што гэта мой апошні дзень у Курапатах. Гэта толькі дзень заканчэньня вахты памяці, дзень сыходу валанцёраў. Майму дыктафону яшчэ шмат давядзецца працаваць у Курапатах...

Альгерд Невяроўскі:

Дзень 9 лістапада 2001 году.

Прыяжджаю раніцай на канцавы прапынак «Зялёны Луг», ад якога да Курапатаў прыкладна 200 мэтраў, і бачу вялікі натоўп людзей. Міліцыянты сталі ланцугом і нікога не прапускаюць ва ўрочышча. Лідэры апазыцыі тут жа ладзяць імправізаваную прэсавую канфэрэнцыю.

Сярод натоўпу розных людзей я заўважыў пажылага спадара, які вылучаўся шляхетнасьцю сваёй мовы й паводзінаў. Ён спакойна тлумачыў людзям, у чым каштоўнасьць гэтага Курапацкага лесу, і чаму маладыя людзі сталі на абарону магілаў.

Я разгаварыўся з гэтым чалавекам, якога клічуць Анатоль Татарскі. Спадар Анатоль вольна гаварыў ня толькі па-беларуску й расейску, але й па-ўкраінску й польску. Ён паходзіць з галіцыйскай Украіны, з-пад Львова. Выхаванец варшаўскай школы езуітаў, пасьля салдат Украінскай Паўстанцкай Арміі. Браў удзел у баях з бальшавікамі, за што пасьля разгрому УПА на 8 гадоў трапіў у ГУЛАГ. Цяжка працаваў у лягерах і ўранавых капальнях Усходняга Сыбіру, там пахаваў шмат сваіх сяброў па зброі, сярод якіх былі й беларусы. Пасьля вызваленьня жыў у розных месцах СССР, бо ва Ўкраіне яго, «буржуазнага нацыяналіста» й «ворага народу», не хацелі прапісваць. Урэшце ажаніўся зь беларускай і прыехаў у Менск. Спадар Татарскі казаў мне, што беларусам трэба вяртаць сваю нацыянальную памяць і сьвядомасьць. А Курапаты, на ягоную думку, ёсьць адным з самых трагічных сымбаляў беларускай гісторыі. Цікава было назіраць, як гэты абсалютна не савецкі чалавек даводзіў выхаваным у савецкіх традыцыях людзям, чаму трэба шанаваць сваю гісторыю й продкаў.