Выбрать главу

3 кастрычніка 2001

У МЕНСКУ ПРАЙШОЎ КРУГЛЫ СТОЛ У СПРАВЕ ЗАХАВАНЬНЯ КУРАПАТАЎ

Прадстаўнікі грамадзкасьці й дзяржаўных установаў абмяркоўвалі праблемы выратаваньня курапацкіх пахаваньняў у зьвязку з пашырэньнем кальцавой аўтадарогі, аднак кампрамісу не знайшлі.

Альгерд Невяроўскі:

Арганізатарамі круглага стала выступілі сябры грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты». Удзел у гэтым мерапрыемстве таксама бралі актывісты КХП БНФ і некаторых грамадзкіх арганізацыяў, а таксама праектанты дарогі — кіраўнікі інстытуту «Белгіпрадор», Дзяржкамітэту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, Менгарвыканкаму, Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук ды іншых.

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы прапанавалі кіраўніцтву дзяржаўных установаў паведаміць, паводле якога праекту да нядаўняга часу ў Курапатах вяліся будаўнічыя работы, ці ўлічвалі праектанты і будаўнікі асаблівы мэмарыяльны статус урочышча й гэтак далей.

Прадстаўнікі праектнага інстытуту «Белгіпрадор» паведамілі, што існуе толькі агульны праект рэканструкцыі кальцавой дарогі, паказалі праектныя мапы, а таксама тлумачылі, якую карысьць можа прынесьці пашырэньне дарогі.

Разам з тым, дзяржаўныя чыноўнікі фактычна прызналі, што будаўніцтва дарогі на курапацкім участку адбывалася без выкананьня якіх-кольвек нормаў правядзеньня работаў на аб’екце, які лічыцца помнікам гісторыка-культурнай спадчыны. Прычына ў тым, што на пастанову Аляксандра Лукашэнкі рэканструкцыя кальцавой дарогі ідзе ў сьціслыя тэрміны.

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец абазначыў пазыцыю сваёй ды іншых арганізацыяў, якія цяпер ахоўваюць курапацкі нэкропаль ад разбурэньня:

— Мы там будзем стаяць, пакуль праект ня зьменяць, пакуль дарога ня пойдзе такім чынам, каб не кранала Курапатаў. Будзем там стаяць і ўдзень, і ўначы. Пытаньне да вас: ці вы кампэтэнтныя прымаць рашэньне аб спыненьні будаўніцтва і пачаць абмеркаваньне? Ці вы кампэтэнтныя рыхтаваць гэтае рашэньне, ці толькі можаце даваць парады?

Кіраўнікі праектнага інстытуту, а таксама заказчыка «Магістральаўтадору» казалі, што зьмяніць праект немагчыма, бо тады дарога стане даражэйшая на 20 мільярдаў рублёў. Разам з тым, прадстаўнікі дзяржаўных установаў прызнавалі, што калі справа ідзе пра ўшанаваньне памяці продкаў, гаварыць пра затраты не выпадае. Кажа прадстаўнік падрадчыкаў — арганізацыі «Магістральаўтадор»

Анатоль Лыцін:

— Сёньня акупляльнасьць ня тая тэма, каб яе абмяркоўваць. Наконт абыходу: тут можна па-рознаму падыходзіць, і ў кожнага будзе свая думка. Абыход можа быць і на 2, і на 3 кілямэтры, і па цяперашняй дарозе, калі яна не чапае магілаў.

Прадстаўнікі дзяржаўных установаў запэўнівалі грамадзкасьць, што цяпер будаўніцтва будзе весьціся пад кантролем археолягаў, бо існуе адпаведная дамова з Інстытутам гісторыі. Наступнымі днямі археолягі правядуць праверку глебы побач з дарогай, каб яшчэ раз пераканацца, што на шляху будаўнікоў няма магілаў. Прадстаўнікі дзяржаўных установаў таксама абяцаюць добраўпарадкаваць і агарадзіць тэрыторыю Курапатаў. Падсумаваньне вынікаў круглага стала зрабіў лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

— Я задаволены тым, што абмеркаваньне пачалося. Я задаволены тым, што прадстаўнікі праектных і выканаўчых ведамстваў прыйшлі. Тое, што яны пад мікрафонамі прэсы й перад вачыма сапраўды шырокай грамадзкасьці пачалі выказвацца, браць на сябе пэўныя абавязкі, не адмаўляць каштоўнасьці Курапатаў як нацыянальнага мэмарыялу — гэта ўжо зарука таго, што яны будуць браць на сябе маральную адказнасьць за любыя рашэньні.

Лідэр БНФ спадзяецца, што прадстаўнікі дзяржавы й грамадзкасьці дасягнуць урэшце прымальнага для абодвух бакоў рашэньня ў справе Курапатаў.

4 кастрычніка 2001

ЗАЎТРА Ў КУРАПАТАХ ПАЧНУЦЦА АРХЕАЛЯГІЧНЫЯ РАСКОПКІ. БУДАЎНІЧЫЯ РАБОТЫ СПЫНЕНЫЯ

Міністар транспарту і камунікацыяў Беларусі Міхаіл Баравы, прызначаны 10 дзён таму, паабяцаў, што ў бліжэйшы час работы па рэканструкцыі кальцавой дарогі ля Курапатаў будуць прыпыненыя на два тыдні На сувязі наша карэспандэнтка Ганна Соусь:

— Сёньня міністар Баравы наведаў Курапаты. Разам зь ім сюды прыехалі прадстаўнiкі практычна ўсіх будаўнічых арганізацыяў, што занятыя ў рэканструкцыі кальцавой дарогі, а таксама дэпутаты палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава, Уладзімер Навасяд і Марыя Худая. Былі таксама супрацоўнікі Інстытуту гісторыі. З сабой яны прывезьлі шмат журналістаў. Адметная рэч – за 10 дзён, што ладзіцца варта Курапатаў, ніхто з прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ не наведаў гэтае месца. Але вось сёньня прыехала здымачная група АТН і сталічнага тэлебачаньня. У выніку размовы, што адбылася з абаронцамі Курапатаў, была дасягнутая дамоўленасьць, што будаўнічыя работы спыняюцца на два тыдні і тут пачынаюцца археалягічныя раскопкі. Але ёсьць пэўныя недарэчнасьці. Справа ў тым, што будаўнічыя работы ў Курапатах былі прыпыненыя 10 дзён таму, калі людзі пачалі ўсталёўваць крыжы і сталі не пускаць бульдозэры. А што да будаўнічых работаў, якія цягнуцца цяпер, дык сёньня на іншым баку дарогі пачалі высякаць дрэвы. Будаўнічая тэхніка ўсё ж працуе і зусім блізка ад Курапатаў.