— Ноччу тут было спакойна. Недзе а восьмай гадзіне пад’ехаў трактар, падышлі некалькі рабочых, якія дастаткова нясьмела папрасілі дазволу прыбраць сьмецьце, якое ўчора наварочалі. Але мы сказалі, што ніякіх работаў мы тут не дапусьцім. Яны адказалі, што калі так, дык ня будуць нічога чапаць і сышлі.
Павал Севярынец кажа, што сябры Маладога Фронту цяпер будуць трымаць варту ў Курапатах і дамагацца, каб трасу вялі па іншым баку дарогі альбо ўвогуле ў іншым месцы. Сябры Маладога Фронту таксама будуць увесь час майстраваць і ўсталёўваць крыжы вакол ляснога масіву. Сёньня зранку ў Курапаты прыйшоў і старшыня БНФ «Адраджэньне» Вінцук Вячорка.
ВЯЧОРКА: Па-першае, мы павінны высьветліць, паводле якога праекту выконваюцца працы. Па-другое, калі ў гэтым праекце ўлічаны мэмарыяльны статус гэтай мясьціны, а так павінна быць, значыцца, праект мусіць датрымвацца жорстка. Ня можа й не павінна быць тут усялякіх савецкіх завядзёнак, накшталт разваротных месцаў бульдозэраў і гэтак далей. Праз гэтую мясьціну цягаюць зрэзаныя камлі дрэваў, у чым няма абсалютна ніякай патрэбы. Улады павінны зразумець, што без публічнасьці ім ня ўдасца выканаць Лукашэнкаў загад пра чарговую «ўдарную стройку».
Вінцук Вячорка паведаміў таксама, што сябры БНФ і актывісты некаторых грамадзкіх арганізацыяў вырашылі заўтра запрасіць на сустрэчу прадстаўнікоў усіх апазыцыйных палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, прафсаюзаў, каб стварыць Нацыянальны Курапацкі Камітэт, які б выступіў кааліцыйным калектыўным арганізатарам абароны гэтай мясьціны.
Наступная мая суразмоўца – кіраўнічка Мартыралёгу Беларусі Мая Кляшторная. Учора яна вывучала праект рэканструкцыі дарогі. Паводле яго пашырэньне ў бок Курапатаў павінна быць 2—2,5 мэтра.
КЛЯШТОРНАЯ: А што тычыцца пахаваньняў, дык няма гарантыяў, што й на гэты, і на другі бок не натыкнуцца на тое, што было калісьці пры будоўлі гэтай дарогі. Да нас цяпер падышоў майстра, і я пытаюся ў яго: «Паводле якога пляну вы працуеце?» «А які плян? Няма ніякага пляну», – гаворыць ён. Такога ж ня можа быць. Цяпер ідзе пачатковая стадыя – падрыхтоўка тэрыторыі. Гэта павінна весьціся паводле праекту, кожнае дрэва мусіць быць пазначанае. А гэтага няма.
Лідзія Крывіцкая жыве ў мікрараёне Зялёны Луг, нарадзілася яна тут, ейныя бацькі працавалі ў калгасе «Зялёны Луг». Спадарыня Лідзія памятае, як калісьці будавалася кальцавая дарога.
КРЫВІЦКАЯ: Калі пракладвалася, я бачыла, як стаяў самазвал, у ім нейкія рэбры, косткі, рассыпаныя чарапы... І другі самазвал стаў, у яго таксама засыпалі. А куды адвозілі, ня ведаю…
Сёньня будаўнічыя брыгады працавалі ў кілямэтры ад Курапатаў. Я падышла да рабочых ды пацікавілася іхным стаўленьнем да рэканструкцыі кальцавой дарогі праз пахаваньні. Гаворыць будаўнік Міхал з Магілёва:
— Многа могілак зачыняюць. Я ведаю, 25 гадоў, і ўсё... Звычайнае пахаваньне, такіх у Беларусі багата. Можна зайсьці ў любы лес, дзе ішлі баі, там шмат франтавікоў ляжыць. Яны ўвогуле Радзіму баранілі... Я не лічу гэта нейкім сьвятым месцам.
А начальнік спадара Міхала, які, дарэчы, з усьмешкай прадставіўся для Радыё Свабода як Сьцяпан Бандэра, на маё пытаньне, ці будуць адноўленыя ў Курапатах будаўнічыя работы й калі, адказаў наступным чынам:
— Вось як Вы сыдзеце, дык і пачнем.
25 верасьня 2001
ШТО АДБЫВАЛАСЯ Ў КУРАПАТАХ СЁНЬНЯ ЎВЕЧАРЫ
Што адбываецца ў Курапатах зараз, у 18:10 менскага часу? На простай тэлефоннай сувязі зь ляснога масіву пад Менскам — наш карэспандэнт Альгерд Невяроўскі.
— Ці не аднавіліся там будаўнічыя працы? Што адбываецца?
— Будаўнічыя працы не аднаўляліся. Пасьля таго, як сёньняшнюю ноч у Курапатах правялі каля дзесяцi актывістаў Маладога Фронту, рабочыя адышлі ад Курапатаў на некалькі дзясяткаў мэтраў і там раўняюць пляцоўку… Праўда, рабочыя казалі маладафронтаўцам, што калі яны сыдуць, дык работы адновяцца. Але моладзь настроеная вельмі рашуча і сыходзіць адсюль не зьбіраецца.
— Значыць, яны будуць начаваць другую ноч?
— Так, яны будуць начаваць другую ноч сёньня. І вось якраз зараз ідзе ўсталяваньне крыжоў у Курапатах. Сёньня сіламі Маладога Фронту на камбінаце рытуальных паслугаў былі замоўленыя тры праваслаўныя, тры каталіцкія і адзін пратэстанцка-рэфармацкі крыж, якія зараз будуць усталяваныя ўжо другім ці трэцім шэрагам на пляцоўцы, дзе рабочымі былі сьпілаваныя дрэвы, і дзе меліся распачынаць працу па пашырэньні дарогі. Таксама стала вядома, што ў гэты самы час у сядзібе БНФ адкрываецца ўстаноўчы сход камітэту ў абарону Курапатаў. На паседжаньне гэтага камітэту запрошаныя ўсе суб’екты шырокай грамадзянскай кааліцыі, а таксама сябры творчых саюзаў, навукоўцы. Як кажуць сябры аргкамітэту, галоўнае зараз – знайсьці нейкае паразуменьне зь мясцовымі ўладамі і з кіраўніцтвам «Белгіпрадору», які тут праводзіць работы. Зусім нядаўна стала вядома, што кіраўнікі будаўніцтва дамовіліся з прадстаўнікамі Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук, каб правесьці дарогу, не закранаючы магілаў. Больш за тое, будаўнікі абавязаліся добраўпарадкаваць тэрыторыю Курапатаў.