Тата казаў, што дом гэты быў найбольшым ягоным дасягненьнем. А зрабіў ён у жыцьці вельмі шмат.
Сарбона
Знакаміты ўнівэрсытэт. — У аўдыторыях не хапае месцаў. — Дыскусіі ў кавярнях. — Зарабляю на навуку. — Альбэр Камю на іспыце
Знакаміты ўнівэрсытэт
Прыехаўшы ў Новы Сьвет, я ўпершыню зразумела, у якім слаўным унівэрсытэце я вучылася. Раней я фактычна не ўяўляла, што слова «Сарбона» сапраўды магло дапамагчы здабыць працу або павышэньне.
У мае студэнцкія гады было ў Парыжы шмат спэцыялізаваных вышэйшых школаў і асобных вышэйшых установаў, як, прыкладам, Мэдычная школа, Школа палітычных навук, Мастацкая школа. Але дзяржаўным унівэрсытэтам у францускай сталіцы была Сарбона. Мясьцілася яна ў будынку, пабудаваным у XVІІ стагодзьдзі, які займаў цэлы квартал на левым баку Сэны, і вучылася тады каля дваццаці тысяч студэнтаў. Хоць і вельмі прыемна было наведваць выдатныя курсы выдатных выкладчыкаў, умовы, у якіх прыходзілася вучыцца, былі тады надзвычай дрэнныя.
У аўдыторыях не хапае месцаў
Залі былі заўсёды напоўненыя, студэнты сядзелі на падлозе і часам слухалі лекцыі ў калідорах. Толькі прыйшоўшы як найменш за паўгадзіны перад лекцыяй, можна было знайсьці месца ў амфітэатрах «Дэкарт» або «Рышэльё». Але нават і прыйшоўшы загадзя, трэба было змагацца, каб улезьці ў залю (дзьверы чамусьці адчынялі ў апошні момант). Цяпер, калі Парыскі ўнівэрсытэт налічвае не адзін, а дзясятак кампусаў, сытуацыя моцна зьмянілася. Праўда, і студэнтаў цяпер нашмат болей.
А ў той час не хапала месца ня толькі ў амфітэатрах, але і ў бібліятэках. Раніцою бібліятэкі былі перапоўненыя — трэба было шукаць іншага месца, каб не марнаваць часу між лекцыямі. І таму ўсе кавярні вакол Сарбоны займалі студэнты.
Дыскусіі ў кавярнях
Я праводзіла ўвесь вольны час, прынамсі зімой, у кафэ на вуліцы Траншэ, каля Люксэмбурскага палацу. Там мы зьбіраліся зь сябрамі, пісалі нашыя эсэ і гадзінамі вырашалі праблемы сьвету, ад Альжырскай вайны да фэмінізму Сымоны дэ Бавуар, ад апошняга фільму Шаброля ці Брыжыт Бардо да Рымскага трактату ды будучыні Эўропы. Дыскусіі гэтыя нас прымушалі думаць і адпаведна выкладаць гэтыя думкі. Я вось ня ведаю, ці ня там я найболей «вырабілася» падчас маіх студэнцкіх гадоў.
Што несумненна — выпіла шмат кавы і надыхалася цыгарэтнага дыму…
Вясною ідэальным месцам для навукі, а перадусім для падрыхтоўкі да экзамэнаў, быў Люксэмбурскі парк. З маёй добрай сяброўкай Франсуазай Навіян мы асабліва любілі вучыцца ў цені старых плятанаў каля фантану Мэдысі. Яшчэ цяпер, калі вяртаюся ў Парыж, люблю пасядзець каля гэтага фантану.
Елі мы ў студэнцкіх сталоўках, але яны таксама былі замалыя. Заўсёды нехта стаяў з падносам над тваёй галавой — чакаў, каб заняць месца. Расслабіцца ў такіх умовах, безумоўна, было немагчыма. Затое каву пасьля пілі спакойна, зноў у нейкай кавярні. Чалавек да ўсяго прывыкае, і гэты даволі цяжкі спосаб жыцьця здаваўся нам нармальным.
Адбірала ў нас шмат часу праца, якую прыходзілася рабіць летам, суботамі і нядзелямі, каб пакрыць выдаткі, зьвязаныя з студэнцкай штодзёншчынай. Навука была амаль бясплатная, але трэба было здабыць кнігі, кожны дзень заехаць ва ўнівэрсытэт цягніком і аўтобусам, заплаціць за абед і за шматлікія кавы, якія мы пілі. Наняць пакойчык дзесьці ў паддашшы, як гэта рабілі многія студэнты, я ня мела магчымасьці. Кожны дзень марнавала тры гадзіны на язду. З гэтага мела толькі адну прыемнасьць — калі аўтобусам ехала з станцыі «Сэн-Лязар» у Сарбону, праз самы цэнтар Парыжу. Раніцай знаходзіла звычайна месца, каб сесьці й нагледзецца на прыгаство сьвятла і колераў. Назад ехаць у перапоўненым аўтобусе, а пасьля ў цягніку было, на жаль, менш цікава.
Зарабляю на навуку
З крамы сувэніраў, дзе мы зь сяброўкай Франсуазай працавалі каля катэдры Нотрэ-Дам, захавала я безьліч цудоўных успамінаў. Практыкаваліся там у розных мовах з турыстамі з усяго сьвету, якія, каб пагутарыць з «парыжанкамі», куплялі ў нас усё, што нам хацелася ім прадаць. Памятаю, у першы дзень працы прадалі мы турыстам усё стар’ё, што назьбіралася ў краме. Нас моцна цаніў за гэта гаспадар, і зарплата была добрая. Працавалі мы там да канца навукі, але гэта адбірала ў нас шмат часу. Затое за заробленыя грошы Фран-суаза, якая вучылася на факультэце гісторыі, езьдзіла ў Грэцыю, а мне ўдалося правесьці паўтара месяца ў Оксфардзе, дзе вывучала адзін з прадметаў курсу «Etudes anglaіses» — гісторыю школьніцтва ў Вялікабрытаніі. Іншымі прадметамі гэтага курсу былі палітычная гісторыя Вялікабрытаніі, гісторыя брытанскага мастацтва, гісторыя працоўнага руху ў Вяліка- брытаніі.