Альбэр Камю на іспыце
Абавязковым курсам была і філялёгія (пачынаючы ад германскіх моваў да цяперашняй ангельскай граматыкі). Мусілі перакладаць літаратурныя тэксты ў абодва бакі. На экзамэне перакладу з францускай на ангельскую мову прыйшлося мне перакладаць бяз слоўніка адно з апісаньняў прыроды ў кнізе Камю «Чума».
Цяпер, пасьля дваццаці сямі гадоў практыкі, не ўяўляю сабе, як я магла гэта зрабіць. Курс літаратуры ўключаў, апрача гісторыі літаратуры, дэталёвае вывучэньне твораў некалькіх аўтараў (Шэксьпір, Мілтан, Конгрыў, Тэкерэй, Джэйн Остын, Конрад). На экзамэне францускай літаратуры выпала мне тэорыя паэзіі Поля Валеры.
Найболей любіла я, аднак, курсы скандынаўскіх моваў. Праходзілі яны ў іншым будынку, месца там было шмат, студэнтаў мала, ды я мела вялікую перавагу перад студэнтамі й нават прафэсарам, які захапляўся маім веданьнем дацкай мовы. Моцна ўгаворваў мяне працягваць навуку ў гэтай галіне, але я мела іншыя пляны — сьпяшалася скончыць навучаньне, бо ў Гішпаніі чакаў мяне Янка.
Мой Парыж
На Манмартры. — Правы бераг і Ле-Марэ. — Левы бераг і Лацінскі квартал. — Тэрасы ў цені плятанаў. — Цюільры. — Ля Гранд Жат. — Вэрсаль. — Вакол Парыжу
На Манмартры
Парыскі пэрыяд майго жыцьця ня быў лёгкім, але я разумела, што жыву ў надзвычай прыгожым горадзе. Я ўжо згадвала мясьціны, якія мне былі мілыя. Але толькі калі я пакінула Парыж, адчула, да якой ступені гэты горад мне блізкі. Калі (здаецца, у пачатку сямідзясятых гадоў) ехала таксоўкай зь лётнішча Арлі ў Сартрувіль, забілася ад радасьці сэрца — і я зразумела, што вяртаюся ў маю «вёску».
Ад таго часу я дзясяткі разоў была ў Парыжы і штораз больш ім захапляюся. Французы зь вялікім густам аднаўляюць сваю спадчыну. Найбольшую прыемнасьць, якую мне можа зрабіць брат Лявон, гэта завесьці мяне адведаць мілыя мясьціны. Звычайна абавязкова ідзем на Манмартар. Апошні раз, калі была там з мужам, пазнаёміліся мы і правялі вельмі прыемную гадзінку ці дзьве зь Вінцуком Вячоркам. На пляцы дзю Тэртар Лявон запрашае звычайна на бліны. Пасьля разам аглядаем творы мастакоў з усяго сьвету, якія там зьбіраюцца. Праўду кажучы, добрае штосьці там цяжка пабачыць, але атмасфэра сапраўды ўнікальная.
Важная частка майго Парыжу — рака Сэна зь яе шматлікімі мастамі і дзьвюма выспамі. З мосту дэз Ар не нагледзецца на Сітэ зь яе палацамі, саборам Нотрэ-Дам і найстарэйшым мостам Парыжу, які называецца Новым.
Правы бераг і Ле-Марэ
Калі працавала студэнткай у краме сувэніраў каля сабору Нотрэ-Дам, часта туды заходзіла. Цяпер захапляюся яго чысьценькімі вежамі й выявамі сьвятых — некалькі гадоў таму фасады Нотрэ-Дам вычысьцілі. Але я яго любіла нават чорным па стагодзьдзях дыму і бруду. За саборам — выспа Сэн-Люі. Бальшыня дамоў на высьпе прынамсі з XVII стагодзьдзя. Нікому не прыйшло ў галаву разбураць іх ды будаваць новыя — каб мець прывілей там жыць, багатыя людзі плацяць мільёны эўра.
Іншы цудоўны стары квартал, па якім моцна люблю прайсьціся, гэта Ле-Марэ, на правым баку ракі. Калі я была студэнткай, ён быў даволі занядбаным. Цяпер стаў надзвычай модны. Там знаходзіцца Музэй Пікаса, адзін з найпрыгажэйшых у Парыжы. Таксама зусім блізенька найбольш знаная беларуская мясьціна ў Парыжы — кватэра ў доме на вуліцы дэ Гравіе, 65.
Левы бераг і Лацінскі квартал
За Сарбонай, на левым баку Сэны, — гара Сэнт-Жэнэўеў. Крышку далей — старая вуліца Муфтар зь яе слаўнай кавярняй «Контрэс-карп», рынкам, вельмі старымі дамамі з шыльдамі, прысьвечанымі колішнім жыхарам, рэстаранамі на кожным кроку, дзе, паводле паданьня, калісьці елі тры мушкетэры ды іншыя слаўныя героі францускай гісторыі й міталёгіі. Надзвычай прыемна пасядзець між старымі мурамі ды пакаштаваць тыповых францускіх страваў, уяўляючы сабе, як тут усё выглядала трыста гадоў таму.
Тэрасы ў цені плятанаў
Тэрасы на вуліцах і бульварах Парыжу — цудоўнае месца адпачынку ня толькі для турыстаў, але і для парыжанаў. На тэрасах былі напісаныя многія творы францускіх (і ня толькі) вялікіх пісьменьнікаў. Яны сапраўды ёсьць часткай парыскага жыцьця. Я заўсёды любіла пасядзець у добрай кампаніі на тэрасе ў цені плятанаў парыскага бульвару.