Выбрать главу

Пражылі мы яшчэ пяць гадоў у Гішпаніі да выезду ў Канаду. У Мадрыдзе нарадзіліся нашыя дочкі Ганя і Паўлінка, з часам жыцьцё сталася нармальным. Пачалі кожны год езьдзіць у Францыю да бацькоў на цэлы месяц, а пасьля яшчэ на тыдзень да мора. Заўсёды буду памятаць і шанаваць Гішпанію як шчодрую краіну, якая дазволіла Янку скончыць навуку, а пасьля дала нам магчымасьць працаваць для бацькаўшчыны, і ўсё гэта — не спадзеючыся ад нас нічога ўзамен.

Беларускае жыццё ў сталіцы Канады

Уладкоўваюся перакладчыцай. — Радасьць бачыць суродзічаў. — Знаёмім зь беларускай культурай. — У Этнакультурнай радзе. — Абраза накладам 400 тысяч. — Наш сьцяг перад парлямэнтам

Уладкоўваюся перакладчыцай

У сталіцу Канады Атаву мы з мужам і дзеткамі прыехалі з Гішпаніі на Каляды 1969 году. Да нашага прыезду беларускага асяродку ў Атаве не было.

Сталіца Канады Атава — невялікі горад між Манрэалем і Таронта, дзе месьціцца бальшыня фэдэральных урадавых установаў краіны. Прыехалі мы сюды, прачытаўшы ў францускай газэце «Лё Монд» абвестку аб патрэбе ў канадзкай адміністрацыі перакладчыкаў з ангельскай на францускую мову. Веды, якіх патрабавалі ад кандыдатаў, я мела, і падалося нам, што было б цікава зьведаць гэтую далёкую краіну. Дык вось, падала на экзамэн, у канадзкай амбасадзе ў Мадрыдзе здала яго, і 10 сьнежня прыляцелі ў Атаву. Назаўтра, 11 сьнежня, я ўжо пачала працаваць на новым месцы.

Радасьць бачыць суродзічаў

У той час найбольш актыўная беларуская грамада жыла ў Таронта. У Манрэалі было таксама шмат беларусаў, але там ужо было неяк заціхла беларускае жыцьцё, перадусім пасьля выезду ў Злучаныя Штаты некаторых павадыроў манрэальскага беларускага асяродку. У Вініпэгу таксама была даволі актыўная група аж да пачатку васьмідзясятых гадоў. Былі меншыя асяродкі ў Садбэры, якія арганізацыйна належалі да Таронта.

Першыя беларусы, якіх мы спаткалі ў Канадзе, былі Акулы і Грыцукі, якія прыехалі нас адведаць перад тым, як мы займелі аўтамабіль. Алесь і Вольга Грыцукі жылі з малой дачушкай у Кінгстане, толькі дзьве гадзіны дарогі адАтавы, дзе спадар Алесь працаваў бібліятэкарам у Кўінскім унівэрсытэце. Мы хутка зь імі пасябравалі й часта бачыліся. Кастуся Акулу мы зноў пабачылі толькі на пачатку 1971 году, калі першы раз паехалі ў Таронта.

Пасьля доўгіх гадоў у Мадрыдзе, дзе іншых беларусаў не было, адчувалі вялікае шчасьце ад сустрэчаў з суродзічамі, і кожная нагода была добрая, каб ехаць у доўгую дарогу. З Атавы ў Таронта ў тым часе трэба было ехаць ледзь ня шэсьць гадзін летам, калі была сухая дарога.

Нягледзячы на гэта, у 1972 годзе езьдзілі мы туды аж дванаццаць разоў.

У Таронта беларуская грамада мае дзьве царквы: Сьвятога Кірылы Тураўскага і Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Дамы для гэтых рэлігійна-грамадзкіх цэнтраў былі набытыя нашай эміграцыяй яшчэ ў пяцідзясятыя гады, на супольныя ахвяраваньні. Там адзначалi беларускія нацыянальныя сьвяты ды ўгодкі падзеяў з гісторыі Беларусі й з жыцьця слаўных беларусаў. Затое менш зьвярталася ўвагі на міжэтнічнае жыцьцё ў Канадзе. Праўда, восем гадоў, між 1970 і 1978 годам, моладзь брала ўдзел у міжнародным фэстывалі «Караван» — і з гэтае нагоды дзясяткі тысяч канадцаў адведалі наш рэлігійна-грамадзкі цэнтар на вуліцы

Сэнт-Клярэнс у Таронта, але звычайна арганізоўваліся імпрэзы для сваіх людзей. Найважнейшым заданьнем лічылі захаваньне беларускай мовы, культуры і сьвядомасьці ў Канадзе.

Знаёмім зь беларускай культурай

У Атаве адразу паўстала магчымасьць выканаць іншае даручэньне статуту Згуртаваньня Беларусаў Канады — знаёміць Канаду зь Беларусьсю і нашымі нацыянальнымі імкненьнямі.

Першай паважнай імпрэзай, якую мы арганізавалі пасьля майго абраньня ў 1974 годзе на старшынёўства Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Канадзе, стаў Беларускі тыдзень студыяў, прысьвечаны беларускай прысутнасьці ў Паўночнай Амэрыцы. Ён прайшоў у 1975 годзе ў Атаўскім унівэрсытэце. Змаглі гэта зрабіць дзякуючы вельмі добрым сябрам у Славянскім аддзеле, а таксама знаёмству з канадзкімі ўрадавымі структурамі, дзякуючы якому навязалі супрацоўніцтва Аддзелу шматкультур’я канадзкага ўраду і Канадзкага музэю чалавека. Праўда, арганізацыя такой падзеі заняла шэсьць месяцаў. Аб’ехалі мы тады шмат беларускіх асяродкаў у Злучаных Штатах і Канадзе, каб сабраць дастаткова твораў народнага мастацтва на прафэсійна арганізаваную музэем выставу, якая адбылася ва ўнівэрсытэце ў рамках нашага Тыдня студыяў. Шмат высілкаў спатрэбілася, каб здабыць на ўсё гэта сродкі, зацікавіць журналістаў і дакладчыкаў ды арганізаваць супольна з унівэрсытэтам вечар у гонар Натальлі Арсеньневай і канфэрэнцыю, у якой бралі ўдзел найвыдатнейшыя навукоўцы беларускай дыяспары Паўночнай Амэрыкі і некалькі вядомых украінскіх беларусістаў.