Выбрать главу

Былі з намі і cем’і, якія запрасілі да сябе дзетак на шэсьць тыдняў адпачынку, і, безумоўна, шмат журналістаў, якія хацелі ўcё ведаць пра дзяцей, прычыны іх прыезду, пра Чарнобыль і пра Беларусь.

Было гэта ўлетку 1991 году, праз тры месяцы пасьля таго, як атаўская газэта «The Ottawa Citizen» зьмясьціла інтэрвію з Генадзем Грушавым, у якім ён расказаў пра чарнобыльскую бяду ў Беларусі й яе наступствы для здароўя беларускіх дзетак.

«У Беларусі ўсё нармальна...»

Разам зь Янкам, Зінай Гімпелевіч, Паўлінай Сьміт-Пашкевіч і Барысам Рагулем мы стварылі Канадзкі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі яшчэ ў 1989 годзе, калі ўпершыню даведаліся праўду пра наступствы Чарнобылю. Датуль гаварылася ў Канадзе толькі пра наступствы ва Ўкраіне, а калі я пайшла ў аддзел ядзернай энэргіі міністэрства здароўя Канады, мяне там запэўнілі, што пра Беларусь няма вестак — «выглядае, што ўсё нармальна».

Толькі ў 1989 годзе мы прачыталі ў беларускіх газэтах, якія тады ўжо атрымоўвалі, да якой ступені пацярпела Беларусь.

Пачынаем зьбіраць грошы

Адразу ўзяліся за працу. Мы меркавалі, што калі Канада даведаецца пра хворых дзетак, забруджаны край і недахоп лекаў у краіне, дык адразу будзе імкнуцца памагчы — як памагае ўсім ахвярам няшчасьцяў у сьвеце. Карысталіся любой нагодай, каб паведаміць канадцам пра беларускую бяду. Зь Зінай Гімпелевіч і маёй дачкой Паўлінкай прысьвяцілі гэтаму пытаньню беларускі сэмінар на Канфэрэнцыі славістаў Канады 1990 году. На кожным спатканьні, на кожнай сустрэчы прасілі слова, каб гаварыць пра Беларусь.

На жаль, нягледзячы на ўсё, што мы рабілі, за першы год працы ўправа Канадзкага фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі — тады яна складалася выключна з старшыняў беларускіх арганізацыяў — змагла сабраць толькі пяць тысяч даляраў, і гэта ў вялікай меры дзякуючы ахвярнасьці саміх беларусаў.

Мы гэта страшэнна перажывалі. Нам здавалася тады найважнейшым сабраць дастаткова грошай, каб высылаць дапамогу шпіталям у Беларусі. Паводле вестак, якія да нас даходзілі, ня мелі яны сродкаў, каб купіць нешта для мыцьця падлогі, не гаворачы ўжо пра аднаразовыя шпрыцы і ўсё іншае, што мы тут уважалі неабходным.

Семдзесят сем’яў прапаноўваюць дапамогу

Справа крыху зрушылася, калі два канадзкія журналісты паехалі ў 1990 годзе ў Беларусь пабачыць на свае вочы, што там робіцца. Вярнуўшыся, зрабілі надзвычай добры рэпартаж, які быў перададзены на некалькіх каналах канадзкага тэлебачаньня. Вынікі, аднак, мы пабачылі толькі пасьля інтэрвію Генадзя Грушавога ў красавіку 1991 году.

Грушавы прыехаў у Канаду на запросіны Барыса Рагулі, і мы арганізавалі яму ў Атаве зь дзясятак спатканьняў, у тым ліку і вышэйзгаданае інтэрвію. На трэці дзень да нас пачалі званіць людзі, гатовыя памагчы. Праз тры тыдні мы мелі семдзесят сем’яў, якія хацелі запрасіць беларускіх дзетак. І напэўна было б шмат больш, калі б Генадзь сам не сказаў, што болей ня здолее прыслаць.

Адказы на сотні пытаньняў

Не ўяўлялі мы тады, колькі прыйдзецца ўкласьці часу й працы, каб давесьці дзіцячую праграму да таго цудоўнага дня, калі мы паехалі сустракаць першую групу беларускіх дзетак на лётнішча ў Манрэаль. Да таго дня, і кожны дзень пасьля іх прыезду, працавалі мы да дванаццатай гадзіны ночы. Трэба было праверыць канадзкія сем’і, іхны стан здароўя, маральнасьць, падабраць дзетак да сем’яў, бо кожная сям’я хацела дзетак таго самага веку і полу, як і свае. Трэба было распавесьці канадцам пра здароўе дзяцей, пра беларускія звычаі, адказаць на сотні пытаньняў.

Вучылі мову, лекары тлумачылі сем’ям, як трэба карміць маленькіх беларусаў, як імі займацца, каб яны як найбольш мелі з адпачынку. Патрабавалі, каб прынамсі адзін з канадзкіх бацькоў у часе побыту дзіцяці не працаваў, каб кожная група згадзілася прывезьці перакладчыка-апекуна і каб мела дантыстаў і лекараў, гатовых бясплатна лячыць дзетак. Трэба было заплаціць страхоўку дзяцей і апекуноў на выпадак, калі б яны раптоўна цяжка захварэлі ў Канадзе. Да таго ж фонд, які быў з самага пачатку зарэгістраванай дабрачыннай арганізацыяй, кантралявалі ўлады, якія патрабавалі вельмі дакладнага справаводзтва.

Ад акіяну да акіяну

У наступным годзе мы ўжо прывезьлі на адпачынак у Канаду сто дзесяць дзетак, праз два гады — сто пяцьдзясят, пасьля — дзьвесьце пяцьдзясят, чатырыста, а ў 1996 годзе і зноў у 1997-м (які быў маім апошнім годам старшынёўства ў фондзе) мы прывезьлі болей за шэсьцьсот беларускіх дзетак на аздараўленьне.