Тады мы ўжо мелі платнага работніка. Фонд меў сорак два аддзелы, амаль ува ўсіх правінцыях Канады, ад аднаго акіяну да другога. Канадзкія сем’і пачыналі зьбіраць грошы на аплату дарогі ды іншых выдаткаў, зьвязаных з побытам дзіцяці, задоўга да ягонага прыезду. Існавалі падручнікі для бацькоў, для старшыняў аддзелаў, для скарбнікаў.
Уся Канада ведала пра Беларусь і пра наступствы Чарнобылю ў Беларусі. Для мяне гэта было вялікім задавальненьнем. Таксама было суцяшэньнем бачыць, як нашыя дзеткі набіралі здаровыя колеры і ўспрымалі канадзкія звычаі.
Цудоўныя дачыненьні ўсталёўваліся між беларускімі дзеткамі ды іхнымі канадзкімі сем’ямі. Канадцы езьдзілі ў Беларусь і вярталіся, захопленыя гасьціннасьцю нашага народу. Канадзкі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі яшчэ існуе. Дзяцей цяпер прывозіць меней, чым раней, але і надалей канадзкія сем’і езьдзяць у госьці ў Беларусь. Лекарская праграма фонду прывозіць кожны год у Канаду некалькі лекараў на практыку ў шпіталях. Праграма пасылак харчоў у Беларусь, створаная ўжо пазьней, таксама працуе. Высылка лекаў перайшла ў рукі аддзелаў, некаторыя зь якіх сталіся незалежнымі фондамі. Не памылюся, калі скажу, што дзякуючы нашаму фонду ў Беларусь выслана дапамогі на мільёны даляраў, ня ўлічваючы тых трох самалётаў, поўных лекаў, якія міністэрства замежных справаў Канады паслала ў 1992 годзе ў Беларусь на нашу просьбу.
Янка
Месца ягонага дзяцінства. — Партызаны паляць школу. — Бэрлін, лягер, завод. — Рэдагаваньне бюлетэню. — Магістрат і дактарат. — На Гішпанскім радыё. — Быў адданы сям’і і Беларусі
Месца ягонага дзяцінства
Едучы ў Беларусь на канфэрэнцыю «Сьвет пасьля Чарнобылю» ў красавіку 1992 году, я моцна хацела пабачыць пасёлак Мель каля Жодзішкаў, дзе Янка правёў найлепшыя гады свайго дзяцінства.
Часта ўспамінаў ён той час. Успамінаў пра шырокую Вяльлю, над якой стаяла хата яго дзядоў, пра вялізарны дуб пры ўезьдзе, пра сасновы лес вакол пасёлку, дзе дрэвы былі такія высокія, што толькі ў гішпанскай сіеры бачыў падобныя. Расказваў пра лядоўку, дзе лёд ляжаў усё лета, пра лазьню. Казаў, якая цудоўная была сям’я ягоных дзядоў, як дзядзькі, усе высокія і моцныя, гуляючы з малым, кідалі яго, як мячык, над вадой. Гэта адзін зь іх, дзядзька Эдвард, навучыў яго чытаць на памяць паэму Купалы «Курган», калі было яму толькі чатыры годзікі. Янка яе памятаў праз усё жыцьцё і часам дэклямаваў.
Калі ў 1992 годзе мы ехалі з братам Лявонам і сябрамі ў Вільню, я спыталася, ці не было б вялікім кругам заехаць у Мель. Ніхто ня ведаў, дзе той Мель, але згадзіліся паехаць праз Смаргонь, дзе Янка хадзіў у школу, і праз Жодзішкі. І вось так я наведала рай Янкавага дзяцінства й мела вялікую радасьць пабачыць і пачуць таго самага дзядзьку Эдварда. Яму было 92 гады, і ён яшчэ мог на памяць прадэклямаваць «Курган». Пабачыла таксама, дзе Янка гуляў, дзе рос, дзе хадзіў у школу і дзе вучыў яшчэ пару дзён перад тым, як лёс яго закінуў на чужыну.
Партызаны паляць школу
Перад выездам зь Беларусі, калі было яму толькі васямнаццаць гадоў, ён скончыў настаўніцкія курсы ў Войстаме і быў прызначаны на кіраўніка беларускае пачатковае школы ў Данюшаве. У першых днях кастрычніка 1943 году гэтая школа была спаленая партызанамі, якія змагаліся тады перадусім супраць усялякіх праяваў беларушчыны, у тым ліку й беларускага школьніцтва. Пад пагрозай ліквідацыі Янка сам мусіў уцякаць.
Бэрлін, лягер, завод
У лістападзе 1943 году выехаў да ваеннапа-лоннага дзядзькі, які працаваў у баўэра ў Нямеччыне. У Бэрліне старшыня Беларускага камітэту самапомачы Мікола Абрамчык узяў яго на працу, а празь месяц яго выбралі на сакратара гэтага камітэту. Там ён працаваў да канца вайны. Два наступныя гады ён правёў у лягерах для ўцекачоў у Заходняй Нямеччыне.
У беларускім лягеры Ватэнштэце Янка арганізаваў Беларускі дапамаговы камітэт, быў выбраны яго старшынём і, з пачаткам 1946 году, пачаў выдаваць беларускі грамадзка палітычны часопіс «Шляхам жыцьця». У 1947 годзе заклаў прыватнае выдавецтва, першым выданьнем якога была брашура пра Беларусь па-ангельску.
Калі пачаўся працэс эміграцыі ў краіны сталага пасяленьня, Янка выбраў Францыю, дзе яму паабяцалі, што будзе магчымасьць прадаўжаць навуку. Дзеля гэтага ён мусіў падпісаць аднагадовы кантракт на працу на мэталюргічным заводзе ў Лёнгві — сталёўні, як ёняго называў, — ва ўсходняй Францыі.
Рэдагаваньне бюлетэню
Я першы раз пабачыла Янку, калі ён, падчас таго году працы, прыехаў у Парыж на Ўсясьветны зьезд беларускай эміграцыі. Было гэта ўвосень 1948 году. Яму было дваццаць тры гады, і быў ён ужо ведамым беларускім дзеячам, а з 1947 году — сябрам Рады БНР. Там яго выбралі сакратаром Управы створанага тады Ўсясьветнага аб’яднаньня беларускай эміграцыі і рэфэрэнтам прэсы й інфармацыі гэтага ж аб’яднаньня. З таго часу ён выдаваў «Інфармацыйны бюлетэнь Усясьветнага аб’яднаньня беларускае эміграцыі». Адначасна вывучаў францускую мову і літаратуру ў Інстытуце францускай мовы пры міністэрстве замежных справаў. Каб зарабіць на пражыцьцё, працаваў на фабрыцы вульканізацыі шынаў.