Выбрать главу

У Вільні Лявон Луцкевіч правёў нас па ўсіх беларускіх гістарычных мясьцінах. Тата заўсёды казаў, што толькі Парыж можна параўнаць зь Вільняй. На кожным кроку пэрспэктывы, як бы спэцыяльна прыдуманыя і заплянаваныя для мастака — папросту гатовыя кампазыцыі. Маляўнічыя домікі, Вастрабрамская вуліца дасюль выглядае такой, якой тата яе бачыў у пачатку трыццатых гадоў, калі вучыўся ў Вільні ды пазьней маляваў.

Так знайшла я маю Беларусь, мілую мне і дарагую, хаця і зьняможаную даўгалетнімі зьдзекамі, а цяпер Чарнобылем. Але яна жыве. Хочацца верыць, што яна пераадолее ўсе выпрабаваньні, бо растуць і мацнеюць адданыя ёй сыны і дочкі, якія змагаюцца за яе лёс.

Старшынёўства ў Радзе БНР

«Найбольшы скарб народу». — Сёмы старшыня. — Мандат перадаваць заўчасна. — Насуперак афіцыйнаму Менску. — Каб Беларусь была незалежная

«Найбольшы скарб народу»

Калі я ехала ў Нью-Джэрзі на ХХІІ Сэсію Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў канцы жніўня 1997 году, гэта значыць менш чым праз тры месяцы пасьля сьмерці Янкі, дык нават у галаву мне не прыйшло, што нехта захоча выстаўляць маю кандыдатуру на старшынёўства Рады БНР.

Для мяне было толькі вельмі важна, каб Рада выбрала адпаведнага чалавека на гэтае вельмі адказнае становішча. За месяц перад сьмерцю мой муж казаў Міколу Ганьку і Барысу Рагулю, які тады выконваў функцыі старшыні Рады, што «Рада БНР — гэта найбольшы скарб беларускага народу». Гэта мяне вельмі ўразіла. Магчыма, і таму мне было так важна дагледзець, каб скарб гэты быў у добрых руках. Ва ўсякім выпадку ўважала, што на сэсіі мусіла быць ня толькі дзеля мяне самой, але і дзеля Янкі.

Сёмы старшыня

Аднак калі мне запрапанавалі вельмі паважаныя мною людзі выставіць маю кандыдатуру на старшынёўства Рады, я адмовілася. Засьвежая яшчэ была магіла Янкі, завялікае маё гора. У канцы, аднак, упэўненая, што і так мяне ня выберуць, згадзілася на гэты першы крок.

Толькі калі палічылі галасы й аказалася, што бальшыня радных прагаласавалі за мяне, згадзілася ўзяць на сябе гэтую адказнасьць — і прыняць гэты вялікі гонар. Гэта было 31 жніўня 1997 году. Такім чынам, пасьля Янкi Серады, Пётры Крэчэўскага, Васіля Захаркі, Міколы Абрамчыка, Вінцука Жук-Грышкевіча і Язэпа Сажыча я стала сёмым старшынём Рады БНР.

Мандат перадаваць заўчасна

У Раду ўваходзяць восемдзесят радных, якія жывуць фактычна на ўсіх кантынэнтах. Выканаўчы орган Рады — Прэзыдыюм. Ён і выконвае функцыі беларускага ўраду ў выгнаньні. На сёньня гэта адзіны ўрад былых падсавецкіх краінаў, які не злажыў свайго мандату. Нярэдка ў нас, сябраў Рады, пытаюцца: «А пры якіх умовах вы перадасьцё свае паўнамоцтвы Беларусі?» Згадаю, што быў такі момант на пачатку 1990-х гадоў, калі Рэспубліка Беларусь, аднавіўшы незалежнасьць, афіцыйна вярнула свае сымбалі, загаварыла па-беларуску. Але Рада не палічыла магчымым перадаць мандат Вярхоўнаму Савету, абранаму ў савецкі час. Рада БНР гатовая перадаць свой мандат той Беларусі, у якой незалежнасьць і дэмакратычныя свабоды замацуюцца незваротна.

Пакуль Беларусь ня будзе поўнасьцю незалежнай, сувэрэннай і дэмакратычнай дзяржавай — такой, якой яе беларускі народ абвясьціў Актам 25 Сакавіка, Рада будзе працягваць змаганьне, каб дасягнуць гэтай мэты.

Насуперак афіцыйнаму Менску

У гэтым змаганьні Раду заўсёды падтрымлівала беларуская дыяспара. Роля дыяспары надзвычай важная і цяпер. Каб Беларусь мела сьвядомую дыяспару ў 1918 годзе, ды каб сьвет ведаў пра беларускі народ так, як ведае сёньня, магчыма, доля нашая ў ХХ і ў пачатку ХХІ стагодзьдзя была б больш падобная да долі нашых заходніх суседзяў і мы ўжо займалі б пачэснае месца між іншымі вольнымі народамі сьвету — месца, за якое мы яшчэ ўсё змагаемся.

Сам факт існаваньня ўраду ў выгнаньні адыгрывае значную ролю. Мы, адрозна ад афіцыйнага Менску, маем вельмі цёплыя і прыязныя кантакты з палітыкамі і ўрадоўцамі шматлікіх краінаў. Тут магу згадаць, як напярэдадні аднаго з маіх прыездаў у Прагу беларуская амбасада распаўсюдзіла тлумачэньні пра беспадстаўнасьць сьвяткаваньня 25 Сакавіка і пра тое, што «БНР ужо даўно забытая гісторыя». Але, насуперак гэтаму, мяне, як старшыню Рады БНР, з усёй пашанай прынялі ў міністэрстве замежных справаў, у сэнаце і парлямэнце, у Прэзыдэнцкім палацы ў Градчанах.

Голас старшыні Беларускай Народнай Рэс-публікі, магчыма, больш чутны, чым іншыя, і таму я моцна ўдзячная лёсу, што даў мне гэтую дадатковую магчымасьць, разам зь сябрамі Рады, змагацца за волю і дабрабыт нашага народу.