Каб Беларусь была незалежная
Рэагуем на кожную падзею, важную для Беларусі, прыцягваем увагу заходняга сьвету да ўсіх момантаў, дзе пажаданая дапамога. Калі расейскі прэзыдэнт Пуцін публічна прапанаваў у 2002 годзе, каб Беларусь сталася правінцыяй Расеі, мы назаўтра паслалі звароты кіраўнікам усіх заходніх дэмакратыяў, у якіх падкрэсьлівалася недапушчальнасьць для цывілізаванага сьвету такой заявы ў дачыненьні да незалежнай суседняй дзяржавы, і прасілі стрымаць Маскву ў яе намаганьнях зноў зрабіць зь Беларусі свайго васала.
Апошнім часам канцылярыя Рады БНР і ўся беларуская незалежніцкая дыяспара стараецца пераканаць Эўразьвяз, каб не будаваў новай заслоны паміж Беларусьсю і Эўропай. Праца Рады БНР ня лёгкая. Чуюся, аднак, вельмі задаволенай усім дасягнутым. Цешуся, калі бачу, што наша моладзь верыць у будучыню і змагаецца за незалежную Беларусь. З задавальненьнем бачу, што заходнія экспэрты пачынаюць адрозьніваць праўду ад прапаганды.
Але сапраўднай незалежнасьці мы дасягнем толькі тады, калі ўвесь наш народ абвесьціць сьвету, так, як гэта зрабіў у 1918 годзе, што ён хоча быць нармальнай эўрапейскай дэмакратыяй.
Цяжкае і лёгкае ў маім жыцці.
Падманлівыя ўражаньні. — Чаго не пачуў журналіст. — Дыскрымінацыя не абмінула. — Канадзкае шматкультур’е. — Нас мяшалі і мяшаюць з гразёй. — Быць голасам нашага краю
Падманлівыя ўражаньні
Калі я згадзілася на просьбу дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука напісаць мае «жывыя мэмуары», не ўяўляла сабе, як гэта будзе цяжка. Ня толькі таму, што жыцьцё разнастайнае, а я, як і ў маіх мастацкіх творах, не люблю затрымоўвацца на дрэнных успамінах, тады як лёс даў мне столькі добрага. Калі гавару пра цяжкія ўмовы эмігранцкага жыцьця, дык толькі таму, што з удзячнасьцю прыпамінаю, як мы гэта ўсё перажылі і ўрэшце перамаглі.
Гэта часам робіць уражаньне, што ўсё для нас было лёгкім і бесклапотным у параўнаньні з тым, што перажыў наш народ.
Чаго не пачуў журналіст
Вось адзін прыклад. Два гады таму была ў Даніі, калі дацкае тэлебачаньне якраз рабіла фільм пра паваенных уцекачоў. Знайшоўшы магілу маёй сястрычкі Прадславы, мяне адшукалі й папрасілі, каб расказала пра наш досьвед. І вось праз шэсьць месяцаў я зь зьдзіўленьнем пабачыла ў фільме, якое наша жыцьцё ў Даніі было лёгкае ў параўнаньні з жыцьцём нямецкіх уцекачоў, якія таксама апынуліся ў Даніі пасьля вайны.
Журналіст неяк не пачуў, што ў Даніі я страціла маю сястрычку, а бацькі — дачушку, якую прынесьлі на руках зь Беларусі. Не пачуў таксама, што мой брат Лявон таксама ледзь выжыў, а я моцна хварэла. Не пачуў, што жылі мы двойчы ў тых самых уцякацкіх лягерах, што і немцы, у першым — у стайні, а ў іншых — у адным малым пакойчыку, разам зь іншымі ўцекачамі. Што тату давялося змагацца, каб
Данія не аддала саветам беларускіх уцекачоў, якія паходзілі з Усходняй Беларусі. Што я была адзіным дзіцём у лягеры, якое хадзіла ў дацкую школу. Мой брат, якому не пашчасьціла пасябраваць з добрымі людзьмі ды навучыцца дацкай мовы, хадзіў разам з усімі іншымі дзецьмі, разам і зь нямецкімі, у школу для ўцекачоў. Мой ветлівы дацкі журналіст толькі пачуў, як я моцна палюбіла Данію, і таму вырашыў, што ўцекачоў, якія былі не зь Нямеччыны, Данія прымала як гасьцей.
На шчасьце, сказаў, што я старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні, — і такім спосабам давёў да ведама Даніі, што наш беларускі народ усё яшчэ змагаецца.
Дыскрымінацыя не абмінула
Не хачу таксама, каб склалася ўражаньне, што і ў Канадзе так лёгка знайсьці працу й дасягнуць посьпеху. Усе эмігранты нашага пакаленьня перажылі ў Канадзе вельмі цяжкія першыя гады эмігранцкага жыцьця. Працу рабілі тую, якой не хацелі рабіць канадцы, і часта былі ахвярамі дыскрымінацыі. Шмат тут гаварылася, напрыклад, пра тое, як мы сюды прыехалі ў канцы шасьцідзясятых гадоў, згадаю i пра канадцаў японскага паходжаньня, якія правялі апошнюю вайну ў лягерах у Канадзе толькі таму, што Японія тады была ворагам Канады і Злучаных Штатаў.
Канадзкае шматкультур’е
Канада пачала інакш ставіцца да тых сямі мільёнаў канадцаў паходжаньнем не зь Вялікабрытаніі ды Францыі, а зь іншых краінаў сьвету, калі разумны чалавек, прэм’ер-міністар Канады П’ер Трудо, увёў палітыку шматкультур’я — разам, дарэчы, з палітыкай двухмоўя і, магчыма, дзеля яе…
Шматкультур’е ў Канадзе дазволіла кожнаму эмігранту адчуваць сябе дома, бо ягоная культура раптам сталася такой самай каштоўнай, як і ангельская ці француская. Заміж «катла» ўніфікацыі, якім быў і Савецкі Саюз, хоць зь іншых прычынаў, Канада стала мазаікай больш як сотні розных культурных асяродкаў. Пачалі арганізоўваць фэстывалі, каб пазнаёміць канадцаў з усімі культурамі гэтай краіны, а ў 1982 годзе ажыцьцявілася Грамата правоў, якая па сваім духу падобная да Другой устаўнай граматы Беларускай Народнай Рэспублікі.