Выбрать главу

Што да палітыкі двухмоўя ў Канадзе, дык падобная яна да фінляндзкай. Усюды, дзе пражывае болей за адпаведную колькасьць жыхароў (калі не памыляюся, пяць працэнтаў), для якіх другая афіцыйная мова родная, усе фэдэральныя ўрадавыя ўстановы і законы мусяць быць двухмоўныя й паслугі можна атрымаць на дзьвюх афіцыйных мовах. Правінцыя Квэбэк, дзе я жыву, прызнае, праўда, толькі адну афіцыйную мову — францускую. А гэта таму, што ў ангельскамоўным моры Паўночнай Амэрыкі ёй пагражае зьнікненьне. Каб жа так паважалася ў нашай краіне беларуская мова, небясьпека для якой яшчэ большая!

Нас мяшалі і мяшаюць з гразёй

Я хацела перадусім расказаць пра эмігранцкі лёс. Паваенная хваля эміграцыі была эміграцыяй палітычнай, і таму беларуская афіцыйная прапаганда мяшала яе з гразёй. І робіць гэта аж да сёньняшняга дня. Між тым эміграцыя гэтая жыла і жыве сваёй бясконцай любоўю да бацькаўшчыны і ўсімі даступнымі сродкамі змагаецца за вольную і незалежную Беларусь. Менавіта такая мэта запісаная ў Статуце Рады БНР.

Амаль паўстагодзьдзя жылі мы надзеяй, што вернемся ў гэтую незалежную Беларусь, што будзем браць удзел у яе адраджэньні й адбудове. Перадалі мы нашу любоў да Беларусі і нашым дзецям, якія чуюцца стопрацэнтнымі беларусамі. Так аднойчы заявіла свайму мужу мая дачка Ганна-Прадслава, калі ён сказаў, што яна ўсё ж канадка. Аднак найбольш расчуліла Янку і мяне нашая малодшая дачка Паўлінка.

Яна расказвала нам, што ўпершыню ў жыцьці адчула сябе дома ў той момант, калі самалёт, якім ляцела ў Беларусь, прызямліўся ў Менску. Гэта было ў 1993 годзе — Паўліна, якая выбрала прафэсію этнамузыказнаўцы, прыехала, каб напісаць доктарскую дысэртацыю пра рок-музыку ў Беларусі. Цяпер яна працуе прафэсарам у Злучаных Штатах. Ганя, старэйшая, пайшла па бацьку, выбрала матэматыку, атрымала спэцыяльнасьць бізнэс-мэнэджара і працуе кансультантам у Францыі.

Быць голасам нашага краю

Хачу зрабіць яшчэ адну заўвагу, якая тычыцца ўжо ня толькі Канады ды мяне самой, а наагул мэмуараў усяе беларускае паваеннае эміграцыі. Кожны з нас, калі пачынае пісаць свае ўспаміны, дык піша фактычна пра падзеi зь беларускага жыцьця. Вось так я і пішу пра мужа й пра нашае жыцьцё ў канадзкай сталіцы. Нават калі пісала пра жыцьцё ў Парыжы, дзе болей расказвала пра перажытае асабіста, усё ж на кожным кроку прыпаміналася, як мы жылі як грамада. Як мы стараліся, каб выжыць ня толькі самім, а каб выжыла Беларусь, дома і на чужыне.

Усе мы ўважалі, што апынуліся мы на чужыне, каб быць голасам нашага акупаванага краю. Таму мы і рабілі ўсё, што маглі. Зарабіўшы на хлеб, часта шмат менш, як маглі б зарабіць, калі б гэта было нашай мэтай, мы прысьвячалі кожны момант нашага жыцьця беларускай справе. Магло гэта быць будаваньне сваіх сьвятыняў за так цяжка заробленыя грошы. Магло быць навучаньне нашых дзетак беларускай мове, сьпевам і танцам. Прыпамінаецца мне тут запіс беларускіх песьняў, якія тата сам насьпяваў перад сьмерцю і пакінуў брату і мне, каб не забыліся. І асабліва было гэта штодзённае змаганьне за права Беларусі быць незалежнай.

Гэтым мы жылі, гэтым ганарымся. Гэта ўважаем дасягненьнем нашага жыцьця. Між намі вельмі мала багатых людзей. Аднак усё робім, каб памагчы беларускай справе. А тыя з нас, што не дапамагаюць столькі, колькі хацелася б, дык магчыма таму, што ўжо ўсё аддалі.

Маё мастацтва

У асяродзьдзі мастакоў. — Мэдаль за афішу. — Імпрэсіяністы і графікі. — Тэорыя і пленэры. — Незавершаны твор. — Дзеля слова «Беларусь». — Сямейная традыцыя

У асяродзьдзі мастакоў

У нашай хаце мастацтва неяк заўсёды паважалі. У Баранавічах часта бачыла тату з пэндзлем у руках. Татаў стрыечны брат зь Сьвержаню (ня памятаю, ці з Новага ці Старога), які нейкі час у нас жыў, вучыўся ў баранавіцкай мастацкай школе. У Даніі тата намаляваў цэлую сэрыю твораў, якія адразу прадаў. Памятаю, як у Францыі ён рыхтаваў да друку маркі БНР. Усюды, дзе мы жылі, наведвалі мастацкія музэі і выстаўкі. Прыехаўшы ў Парыж, у Люўр хадзілі сям’ёй кожную нядзелю. Скульптар Міхась Наўмовіч і мастак Віктар Жаўняровіч часта былі ў нашай хаце. На сьценах заўсёды віселі дзясяткі твораў — татавых і іншых мастакоў.