У 1994 годзе мастацтва — мо разам зь любоўю — усё ж перамагло чарнобыльскі застой. Узялася зноў за пэндзлі, бо захацелася зрабіць партрэт мужа Янкі. Падрыхтавала яшчэ адну выставу ў франкамоўным асяродку — дала шэсьць працаў.
Спадзявалася, што калі пайду на пэнсію, зноў вазьмуся за творчасьць. Але тады мяне выбралі старшынёй Рады БНР, і ад таго часу адводжу толькі тры гадзіны ў тыдзень на мастацтва. За гэтыя гадзіны нічога паважнага зрабіць немагчыма. Аднак малюю — і штораз з большай прыемнасьцю карыстаюся акварэльлю. Але бальшыня твораў яшчэ ў стане праектаў. Жывуць яны, аднак, у маім уяўленьні і, дзеля доўгага высьпяваньня, мусілі б быць добрымі. Моцна хацелася б неяк пасьпець іх рэалізаваць перад тым, як будзе запозна.
Сямейная традыцыя
У сям’і Шыманцоў-Сурвілаў не адна я мастачка. Быў мастаком тата, Уладзімер Шыманец. Брат Лявон апошнім часам зрабіў некалькі цікавых працаў. Калі выставіў у Сартрувілі свой партрэт унука Віктара, які назваў «Зьдзіўленьне», дзьве парыскія галерэі прапанавалі наладзіць яму выставы ў Парыжы.
Дачка Паўлінка — дасьведчаная мастачка. Яна найбольш любіць алейную тэхніку. Цяпер якраз працуе над вялікім палатном на беларускую тэму. Яна таксама вельмі добры фатограф. У гэтай галіне талент, відаць, перадаў ёй Янка, які рэдка выходзіў з хаты без фотаапарата. Жыву надзеяй, што каліcь змагу выдаць альбом яго здымкаў, менавіта зь беларускага жыцьця.
На маю вялікую радасьць, унукі ня толькі цікавяцца мастацтвам, але адзін зь іх, Антон, у сем гадоў намаляваў алейнымі фарбамі краявід з рэчкай, які тэхнічна на ўзроўні сьпелага мастака. Унучка таксама добра малюе. А маленькі Валік, якому шэсьць годзікаў, на дзіва добра кампануе здымкі, якія, між іншым, моцна любіць рабіць.
Крыху пра рэлігію
Нас падзялілі. — Уніяцкі сьвятар Леў Гарошка. — Мітрапаліт Мікалай. — Будучыня аўтакефаліі
Нас падзялілі
У заходняй суседкі Беларусі, Польшчы, пасьля развалу савецкага блёку найлепшым саюзьнікам у працэсе адраджэньня была рэлігія. Усім нам вядома, якую вялікую ролю адыграла ўніяцтва ў захаваньні тоеснасьці ўкраінскага народу. У Беларусі, на жаль, якраз рэлігіяй карысталіся — і дасюль карыстаюцца — нашыя ворагі, каб нас асыміляваць.
Уніяцтва, якое адрозьнівала нас ад расейцаў, было яшчэ ў XІX стагодзьдзі прымусова замененае ў Беларусі маскоўскім праваслаўем, а беларусаў-каталікоў, якія адмовіліся ад перахрышчэньня, назвалі «палякамі». Такім чынам ня толькі выкаранілі ўніяцтва, але і, магчыма, першы раз у нашай гісторыі падзялілі беларускі народ на рэлігійным грунце.
Нашыя бедныя «тутэйшыя», якія ведалі, што яны не расейцы і не палякі, пачалі забывацца, што яны ёсьць нацыяй. Эмігруючы ў новы сьвет, беларусы, аж да паваеннае хвалі эміграцыі, дазвалялі запісваць сябе «рускімі» або «палякамі», у залежнасьці ад веравызнаньня.
Калі мяне пытаюць пра маё веравызнаньне, я люблю адказваць, што гэта справа між мною і Богам. Мама была каталічкай, тата — праваслаўным. Ніколі не мянялі веравызнаньня.
Дзяцей ахрысьцілі ў праваслаўнай царкве ў Стоўпцах. Я выйшла замуж за каталіка. Маліліся мы з мужам у каталіцкіх, беларускіх аўтакефальных, уніяцкіх і іншых хрысьціянскіх сьвятынях. Часта сябравалі зь сьвятарамі.
Адзінае, што ўважалі недапушчальным, гэта рэлігійную неталерантнасьць.
Хацела б расказаць пра двух беларускіх сьвятароў, якіх мы абое любілі й паважалі. Былі яны цудоўнымі прадстаўнікамі тых плыняў хрысьціянства, да якіх належалі, і адначасна адданымі патрыётамі. Былі гэта архімандрыт Леў Гарошка, уніят, і ўладыка Мікалай, мітрапаліт Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
Уніяцкі сьвятар Леў Гарошка
Айца Льва я памятаю яшчэ з Баранавічаў. Жылі мы на той самай вуліцы, і выехалі з Баранавічаў тым самым цягніком. Пабачыліся мы зноў у 1948 годзе на Паўночнай станцыі ў Парыжы, куды ён прыйшоў нас спаткаць пасьля нашага прыезду з Даніі. Гэтак, як і бальшыня беларускай грамады ў Парыжы, хадзілі мы кожную нядзелю на ягоныя багаслужбы ў адной з капліцаў слаўнага цяпер касьцёлу Сэн-Сюльпіс.