Быў айцец Леў надзвычай інтэлігентны чалавек, упарты і энэргічны, калі трэба было бараніць інтарэсы Беларусі, і адначасна талерантны і ветлівы ў штодзённым жыцьці. Жыў ён у манастыры недалёка ад студэнцкай сталоўкі, дзе я абедала, калі вучылася ў Сарбоне, і я яго адведвала, калі мела вольную хвіліну. Часам дапамагала яму ілюстраваць часопіс «Божым шляхам», які ён выдаваў, а ён мяне падтрымліваў на духу, калі адчувала патрэбу падзяліцца маімі праблемамі. На дзіва, ніколі не стараўся мяне «перахрысьціць», як гэта рабілі прадстаўнікі некаторых іншых веравызнаньняў. Наагул, здаецца, ніколі не гаварыў пра ўніяцтва. І нягледзячы на гэта, у мяне расло зацікаўленьне і захапленьне гэтай плыньню хрысьціянства, якая так добра адказвае патрэбам нашага народу.
Айцец Леў браў актыўны ўдзел у беларускім жыцьці ў Парыжы, прадстаўляў беларусаў на міжнародных канфэрэнцыях. Пакуль жыла ў Парыжы, і я там часам была разам зь ім, каб патрымаць бел-чырвона-белы сьцяг ці сказаць пару словаў па-француску. Быў айцец Леў да самае сьмерці сябрам управы «Хаўрусу» (аб’яднаньня беларусаў у Францыі), і сябраваў ён з усёй нашай грамадой — вянчаў, хрысьціў, хаваў. Памёр ён пасьля апэрацыі на нырках у парыскім шпіталі за месяц да сьмерці майго таты, у 1977 годзе. Абодвум было 66 гадоў.
Цяпер Беларуская ўніяцкая царква на чужыне ў добрых руках дзякуючы яшчэ аднаму выдатнаму сьвятару і чалавеку — айцу Аляксандру Надсану.
Мітрапаліт Мікалай
Другім сьвятаром, таксама вялікім патрыётам і адданым беларусам, якому хочацца аддаць чэсьць у гэтых маіх разважаньнях пра рэлігію, быў уладыка Мікалай, мітрапаліт Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Я прысутнічала як старшыня Рады БНР на ягоных паховінах у Нью-Брансўіку ў чэрвені 2002 году і прыняла перададзены Радзе бел-чырвона-белы сьцяг, які пакрываў ягоную труну.
З уладыкам Мікалаем мы зь Янкам пазнаёміліся, калі былі ўжо ў Канадзе. Адведваў ён нас у Атаве на Вадохрышча, сьвяціў наш дом і ў нас начаваў. Тады мы мелі нагоду шмат пра што пагутарыць. Быў гэта чалавек лагодны, сьціплы і працавіты. Ён добра ведаў, ідучы вучыцца на сьвятара, што матэрыяльна жыцьцё яго будзе цяжкім. Але верыў у Бога і ў людзей і ніколі ня траціў надзеі. Дараваў нават тым, хто яго асабіста пакрыўдзіў.
Быў уладыка моцна перакананы, што вера ў Беларусі мусіць быць беларускай, і таму моцна бараніў аўтакефалію. Верыў, што прыйдзе час, калі Беларуская праваслаўная царква вызваліцца ад Масквы. Моцна перажываў раскол БАПЦ на эміграцыі. Казаў, што зь яго боку няма перашкодаў да згоды з уладыкам Ізяславам, які ачольваў другую частку Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Ведаў, што спрэчкі, недавер і нязгода між беларусамі толькі на карысьць нашым ворагам.
Будучыня аўтакефаліі
Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, на жаль, перажывае сёньня надзвычай цяжкі крызіс, да якога падвойна спрычыніліся маскоўскія «траянскія коні». Як старшыня Рады ўстрымаюся тут ад камэнтароў на гэтую тэму. Для варожых нам прапагандыстаў, паводле якіх мы намагаемся кантраляваць аўтакефалію, хачу паведаміць, што БНР ня ўмешваецца ў справы ні Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, ні ў справы іншых беларускіх цэркваў. З глыбіні сэрца жадаю, аднак, каб ачоліў Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву беларускі сьвятар-патрыёт, які ўсьвядоміць, якую вялізарную ролю БАПЦ можа адыграць у жыцьці нашага народу.
Васіль Быкаў
Захапленьне талентам. — Праскае знаёмства. — «Сьвечачка надзеі». — Аўра сьвятасьці
Захапленьне талентам
Расказаўшы столькі пра сябе (на падзеі жыцьцё маё сапраўды багатае), хочацца падзякаваць усім тым цудоўным маім суродзічам, якія мне дапамагаюць у маім штодзённым змаганьні за лепшую будучыню нашага беларускага народу, і ўсім тым, каго я мела шчасьце спаткаць, адведваючы нашы беларускія асяродкі ў сьвеце, ад Эстоніі да Гішпаніі, ад Аўстраліі да Чэхіі, Польшчы, Латвіі і Літвы, ад Англіі і Бэльгіі да Злучаных Штатаў і Канады.
Паколькі немагчыма тут пералічыць усе гэтыя спатканьні, хоць часта з удзячнасьцю іх успамінаю, раскажу тут толькі пра адно зь іх, якое было для мяне асабліва мілым. А менавіта — пра спатканьні ў Празе з Васілём Быкавым і яго цудоўнай сяброўкай жыцьця, жонкай Ірынай.
Здаўна я была захопленая талентам Васіля Быкава, ягоным веданьнем чалавечае душы й ягонай здольнасьцю перадаць чытачу ўсе яе адценьні і эмоцыі. «Аблаву» чыталі мы з мужам уголас. Прачытаўшы «Бедных людзей», не магла некалькі начэй заснуць. «Знак бяды» дык наагул не змагла скончыць — нагэтулькі была ўзрушаная. Але ў Празе я мела шчасьце спаткаць Васіля Быкава — чалавека. Спакойнага, ветлівага, поўнага дабрыні.