Ала Орса-Рамана
Пра Алу Орса-Рамана, мусіць, кожны беларус ведае. Яна выдатная беларуска, прафэсар, выкладчыца хіміі ў Нью-Ёрскім унівэрсытэце, якая гадамі знаходзіла час вучыць нашую моладзь беларускім народным танцам. Ала і сама цудоўная танцорка. Яна сьпявае ў беларускіх царкоўных хорах, арганізуе ўсе канцэрты беларускай грамады ў Нью-Ёрку і бярэ актыўны ўдзел у палітычнай дзейнасьці беларускай дыяспары ў Злучаных Штатах. І гэта яшчэ ня ўсё.
Ала Орса-Рамана заклала Адукацыйную фундацыю, якая спрычынілася да ажыцьцяўленьня шматлікіх беларускіх культурніцкіх задумаў. Выгадавала двух сыноў, таксама добрых беларусаў, якія ўдзельнічаюць у беларускім жыцьці й дапамагаюць фундацыі. Я асабіста вельмі ўдзячная Але за яе такі каштоўны ўклад у жыцьцё Рады БНР.
Лёля Міхалюк, Віялета Кавалёва і Надзя Дробіна
Захапляюся адданасьцю, патрыятызмам яшчэ адной маёй беларускай сяброўкі, Лёлі Міхалюк. Калісьці, гадуючы трох сыноў, дапамагала мужу Янку Міхалюку ў ягонай дзейнасьці на чале Згуртаваньня беларусаў Вялікабрытаніі. Страшэнна перажывала, калі ён захварэў. Аднак пасьля яго сьмерці знайшла ў сабе сілу і мужнасьць, каб прадаўжаць ягоную адказную і цяжкую працу. Узначаліла згуртаваньне, і вось ужо шмат гадоў удзячная беларуская грамада ў Брытаніі пераабірае яе на гэтую пасаду.
Віялета Кавалёва кіруе ў Таронта выдатным беларускім хорам «Яворавы людзі» й рэдагуе газэту беларусаў Канады «Беларускае слова». Адначасна працуе (грамадзкая праца ў замежжы ня платная) і выхоўвае з мужам дзьвюх цудоўных беларусачак.
Надзя Дробіна была некалькі гадоў старшынёй Згуртаваньня беларусаў Канады. Працуе на царкоўнай ніве, усім займаецца, усё арганізоўвае, усім дапамагае. Гэта яшчэ адна выдатная беларуска, здольная і прыгожая, безь якой цяжка было б уявіць беларускае жыцьцё ў антарыйскай сталіцы. Таксама працуе і гадуе з мужам сына.
Люда Войтанка
Мая сяброўка яшчэ з Баранавічаў Люда Войтанка-Бакуновіч жыве цяпер у Нью-Ёрку, дзе гадуе дзьвюх блізьнятак, яе наймалодшых унучак. Нядаўна яе таксама абралі ў галоўную ўправу Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня. Але калі была нават звычайнаю сяброўкаю БАЗА, яна заўсёды цікавілася беларускім жыцьцём — і менавіта суродзічамі ўва ўсім сьвеце. Калісь перапісвалася з Ларысай Геніюш. Калі мы жылі ў Гішпаніі, рэгулярна прыходзілі ад Люды пачкі з адзежай для маіх дзяўчатак і іншымі рэчамі, якія, яна ўважала, мне прыдадуцца. На Каляды часта дасылала грошы. Мае Люда неймаверна вялікае сэрца.
Сама выгадавала пяцёра дзяцей, заўсёды працавала і заўсёды знаходзіла час і волю падзяліцца тым, што мела.
Раіса Жук-Грышкевіч і Валянтына Пашкевіч
Пра Раісу Жук-Грышкевіч скажу толькі, што ў восемдзесят сем гадоў яна ўсё яшчэ поўная энэргіі, чытае «Нашу Ніву» ад А да Я. Брала нядаўна ўдзел у паломніцтве нашай таронтаўскай грамады да Беларускага крыжа ў Мідлэндзе, які яны з мужам узьнялі. Да нядаўна выдавала сама, на сваім кампутары (і сама вазіла на пошту), бюлетэнь «Камунікат», у якім імкнулася перадаць суродзічам свой патрыятызм. Заслужыла яна гэтым удзячнасьць кожнага з нас. Дай Божа ёй яшчэ шмат гадоў жыцьця.
З удзячнасьцю і любоўю ўспамінаю старэйшую сястру Раісы, Валянтыну Пашкевіч. Была гэта жанчына разважная, разумная, надзвычай цікавая. У Таронта мы зь Янкам і нашымі дзяўчаткамі часта затрымліваліся ў Валі і Міхася Пашкевічаў. Было гэта для нас заўсёды вялікай прыемнасьцю. Валя Пашкевіч — аўтарка двух тамоў падручніка беларускай мовы для ангельскамоўнай моладзі. Ангельска-беларускі слоўнік, які быў нядаўна выдадзены Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва, ёсьць вынікам шматгадовай працы Валянтыны Пашкевіч і групы супрацоўнікаў інстытуту.
Жанчына ўсё можа!
Спадзяюся, што калісь напішу і пра маіх новых сябровак у Польшчы, Прыбалтыцы і Аўстраліі, пра цудоўных дзяўчат, якіх спаткала ў Чэхіі і Ангельшчыне, пра выдатных мастачак і ўсіх тых надзвычайных жанчын, зь якімі пазнаёмілася ў 1992 годзе ў Беларусі. Ну і, безумоўна, пра выдатных беларусак Канады і Злучаных Штатаў, пра якіх дасюль не напісала.
Усе яны прыгожыя, разумныя, здольныя жанчыны. Тых, што гадаваліся ў Беларусі, жыцьцё навучыла даваць сабе рады ў найгоршых абставінах. Усе яны працуюць, гадуюць або выгадавалі дзяцей. І абавязкова знаходзяць час на грамадзкую працу. Вітаю вас, дарагія сяброўкі, і ад імя Рады БНР дзякую вам за працу, якую робіце для дабра ўсіх нас.