Сям’я Расмусэн
З Брэмэрсвольду нас перавезьлі ў курортны гарадок Скодсбарг на поўнач ад Капэнгагену і пасялілі ў перадваенным гатэлі ў адным пакойчыку з украінскай сям’ёй. Там я пазнаёмілася з маёй другой дацкай сям’ёй — Хрыстынай, Эляй і Аннай Расмусэн. Яны мяне ня толькі навучылі гаварыць па-дацку, але і паказалі, якая шчасьлівая можа быць штодзёншчына, калі людзі любяць адно аднаго, калі яны талерантныя, добразычлівыя і ветлівыя.
За шэсьць месяцаў, якія я правяла ў сям’і Расмусэнаў у маленькім гарадку Аўгустэнборгу, на поўдні Ютляндыі, я ня чула ніводнай сваркі, ніводнага няветлівага слова. Багатымі яны не былі, але былі даволі шчодрыя, каб дзяліць тое, што мелі, з чужым дзіцём. Калі я іх зноў адведала ў 1954 годзе, я спыталася тады ўжо старэнькую фру Расмусэн, як я магу ёй адудзячыцца за ўсё, што яна для мяне зрабіла.
Яна мне адказала: «Калісь зрабі і ты тое самае». Праз гадоў трыццаць пяць прыпомніліся мне гэтыя словы, калі давялося стварыць Канадзкі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі. А калі канадцам здавалася, што беларускім дзеткам можа быць цяжка вяртацца ў Беларусь пасьля адпачынку ў Канадзе, я ім расказвала пра мой дацкі досьвед. Пасьля цудоўных побытаў у Аўгустэнборгу я з радасьцю вярталася ў лягер, бо там чакалі мяне бацькі і Лёнік, якія былі для мяне найдаражэйшымі людзьмі ў сьвеце. У тым веку нават не прыходзіла мне ў галаву параўноўваць умовы жыцьця ва ўцякацкім лягеры з умовамі ў Аўгустэнборгу.
Год у Капэнгагене
Апошні год у Даніі мы жылі ў Капэнгагене, у вялізным лягеры Клeвэрмаркет. Тата працаваў па сваёй прафэсіі, я хадзіла ў дацкую школу — была адзіным дзіцём у лягеры, якое дастаткова добра ведала дацкую мову, каб хадзіць у мясцовую школу. Тады ўжо здала пасьпяхова іспыт у сярэднюю школу. Моцна любіла маю настаўніцу, фрэкен Босэ, зь якою доўгія гады пасьля перапісвалася. Здаецца, у тым часе тата наладзіў кантакт зь Міколам Абрамчыкам, дзякуючы стараньням якога беларуская грамада ў 1948 годзе змагла пераехаць у Францыю. Тата быў старшынём беларускае грамады ў Даніі.
Тата перакладае Андэрсэна
Апрача грамадзкае і палітычнае працы, тата перакладаў на беларускую мову казкі Андэрсэ- на, працаваў над дацка-беларускім слоўнікам і вельмі цікавіўся самой краінай — быў захоплены яе дабрабытам у такі цяжкі паваенны час.
Часта пра гэта разважаў — з думкай, як прыстасаваць да Беларусі дацкі досьвед. Як маленькая краіна, безь ніякіх прыродных багацьцяў (тады яшчэ не знайшлі нафты ў Катэгаце), сталася такой заможнай дзяржавай? Думаю, што пытаньне гэтае актуальнае і сёньня.
Шчасьце вяртаньня
Тры гады, праведзеныя ў Даніі, я і дасюль прыпамінаю з удзячнасьцю. У гэтай першай краіне, якую я пазнала пасьля ваеннай завірухі, я чулася добра і была шчасьлівая. Жыцьцё ў Францыі, дзе я правяла наступныя адзінаццаць гадоў, было нашмат цяжэйшым, хоць таксама шмат заўдзячаю гэтай краіне. Там я скончыла навуку, здабыла веды, якія пасьля моцна спатрэбіліся ў жыцьці. Выйшаўшы замуж, я выехала ў Гішпанію. А дзесяць гадоў пазьней пераехалі з мужам Янкам і дзьвюма дачушкамі ў Канаду.
З кожнай з гэтых краінаў я зжылася. Калі цяпер адведваю Капэнгаген, Парыж ці Мадрыд, маю ўражаньне, што вяртаюся ў сваю вёску. Але адначасна заўсёды сумавала па Беларусі. Я заўсёды адчувала недахоп нечага істотнага, неабходнага. Толькі калі вярнулася ў Беларусь у 1992 годзе, пазнала тое бясконцае, стопрацэнтовае, амаль фізычнае, шчасьце, якое толькі раз перажыла перад тым — гэта калі нарадзіла ў Мадрыдзе маю першую дачушку Ганю.
Мой род
Засульле і Ішкалдзь. — Наказ бабулі Эвэліны. — Талент бабулі Вольгі. — Татава Вільня. — «Птушкі шчасьця». — «Страчанае пакаленьне» ХХ стагодзьдзя. — Брат Лявон
Засульле і Ішкалдзь
Усе мае квэбэцкія сябры ведаюць, калі й адкуль з Францыі прыехалі ў Канаду іхныя продкі. Адна сяброўка ведае нават, зь якой парафіі ў Парыжы прыехаў ейны продак у 1689 годзе... Усе архівы тут захаваліся, ніхто іх не вывозіў у іншыя краіны. Сьвятыняў ніхто не руйнаваў. Стагодзьдзямі ніхто не ваяваў на гэтай зямлі.
Я ведаю пра маіх дзядоў толькі тое, што памяталі мае бацькі. У Засульлі, адкуль паходзіць сям’я Шыманцоў, у савецкі час узарвалі царкву. З касьцёлу ў Ішкалдзі, адкуль паходзіць мая мама, архіў вывезьлі. Засульле я добра памятаю, хаця было мне толькі пяць годзікаў, калі бацькі перабраліся з Засульля ў Баранавічы. З братам адведалі мы дзедаву хату ў 1992 годзе.