Выбрать главу

У тыя гады выспа Ля Гранд Жат была месцам, дзе жылі бедныя эмігранты. Дзіўна, але сёньня гэта адзін з найбольш прэстыжных раёнаў Парыжу. Зусім нядаўна тут набыў кватэру прэзыдэнт Францыі Сарказі.

Я павінна быць найлепшай вучаніцай

З братам адразу пачалі хадзіць у пачатковую школу, за два кварталы ад нашай вуліцы, хаця я ўжо тады здала экзамэн у сярэднюю школу ў Даніі. Але ж трэба было неяк навучыцца францускай мове. Пасьля перайшлі — Лёнік у тэхнічную школу ў Сюрэн, а я ў гімназію для дзяўчат у Нёі. Гэта была прыватная школа, бо ў Нёі тады не існавала сярэдняй публічнай школы для дзяўчат. Каб атрымаць для мяне нейкую палёгку з аплатай, тата з спадаром Рыдлеўскім мусілі паабяцаць, што я ня толькі здам экзамэны, але і буду найлепшай вучаніцай, прыкладам для іншых дзяўчатак. Шмат я напераймалася падчас наступных сямі гадоў, каб хаця быць на вышыні ды ня страціць стыпэндыі.

У сярэдняй школе я заўсёды мела шмат сябровак, зь некаторымі яшчэ цяпер сябрую. Іншыя перадусім цанілі тое, што я добра вучылася ды магла ім памагчы. Часта запрашалі дахаты на абед. Жылі яны ўсе ў цудоўных дамах, да стала падавалі служанкі. Але ніколі мне не прыйшло ў галаву параўнаць іхныя ўмовы жыцьця з нашымі. Ніколі не ўважала сябе горшай ці бяднейшай за іх. Наадварот, жыцьцё нашае было нашмат цікавейшае.

Капліца пад Сэн-Сюльпіс

Кожную нядзелю сям’ёй мы езьдзілі на службу да айца Льва Гарошкі, у капліцы пад касьцёлам Сэн-Сюльпіс. Там звычайна зьбіралася шмат людзей, ня толькі ўніятаў, якіх было ў Парыжы вельмі мала, але і праваслаўных, і каталікоў. Веравызнаньне нас не разьдзяляла, зьяжджаліся мы ўсе, таму што служба была беларуская. Ніна і Вера зь сям’і Дышлюкоў вельмі прыгожа сьпявалі падчас службаў. Калі першы раз прыйшлі ў капліцу і пачалі сьпяваць, не папярэдзіўшы айца Льва, дык ён ледзь не самлеў, а ўсе прысутныя былі захопленыя.

Пасьля службы звычайна ўсе разам накіроўваліся ў бок мэтро «Сэўр-Бабілён», пасьля чаго наша сям’я ішла пешкі ў нейкі музэй — найчасьцей Люўр, дзе праводзіла рэшту дня. Часам арганізоўвалі экскурсіі па Парыжы разам зь іншымі суродзічамі. Часта ішлі дахаты па Элізэйскіх палях, захапляючыся па дарозе паркам Цюільры, пляцам Канкорд, Гран Пале, Трыюмфальнай аркай ды іншымі слаўнымі мясьцінамі Парыжу.

Вучуся граць на піяніна

З братам Лявонам езьдзілі на курсы беларускай мовы да спадарыні Абрамчык і на курсы рэлігіі да айца Льва. Я таксама вучылася граць на піяніна ў старэнькай настаўніцы ў Аржантэй. Трэба было аўтобусам гадзіну ехаць туды і гадзіну назад, дый задавальненьня ад піяніна было мала, бо не было на чым практыкавацца.

Але ў Даніі і Лёнік і я вучыліся граць два гады, бацькі прыкладалі вялікія намаганьні, каб даць нам гэтую магчымасьць, таму думалася, што неяк трэба прадаўжаць. Толькі як пайшла ў гімназію, перастала езьдзіць у Аржантэй, бо зашмат гэта займала часу. Яшчэ цяпер з удзячнасьцю прыпамінаю ўсё, што бацькі зрабілі, каб дзецям даць магчымасьць «людзьмі стацца»…

Я выбіраю замежныя мовы

У Францыі я здабыла вышэйшую адукацыю. Спачатку год правучылася ў Вышэйшай мастацкай школе, а пасьля перайшла ў Сарбону, на гуманітарны факультэт. Выбрала мовы — ангельскую і скандынаўскія.

Сарбона тады яшчэ мясьцілася ў гістарычным будынку XVІІ стагодзьдзя. Будынак для тысяч студэнтаў, якія там вучыліся, быў зацесны. На лекцыі трэба было прыходзіць загадзя і станавіцца ў чаргу ля дзьвярэй аўдыторыі, каб захапіць сядзячае месца. Калі ў бібліятэцы не было месца, то студэнты між лекцыямі ішлі вучыцца ў бліжэйшыя кавярні.

Мая асабістая сытуацыя была яшчэ больш складанай, бо я, як чужынка, ня мела права на стыпэндыю. Жыла ў бацькоў, тры гадзіны кожны дзень марнавала на транспарт. Каб аплачваць цягнік і выдаткі на навуку, летам, а таксама ў суботы і нядзелі я працавала ў краме сувэніраў, дзе і практыкавалася ў мовах. Але падрабязна пра Сарбону — крыху пазьней.

У Францыі я пражыла адзінаццаць гадоў, пакуль ня выйшла замуж і не перабралася ў Мадрыд. Бацькі мае жылі там да канца свайго жыцьця — тата памёр у 1977 годзе, мама ў 1994-м. Да канца жыцьця яны так і не прынялі францускага грамадзянства. Да канца жыцьця ня трацілі надзеі вярнуцца дадому… Цяпер у бацькоўскай хаце жыве мой брат Лёнік зь сям’ёй.

Будынак у сквэры Манталён