Выбрать главу

Пад канец, калі я сабраўся ісці, жанчына — не без удзячнасці за тое, што я выслухаў яе,— сказала:

— От пагаварыла з вамі, i аж лягчэй стала. Сыны мне, ведаеце, колькі раз казалі: хаця ты не гавары многа, не разнось пра нас абы-чаго па горадзе. А як жа мне не гаварыць. Калі буду маўчаць — я ж лопну.

Я толькі ўсміхнуўся, слухаючы шчырую споведзь жанчыны, якая, відаць, прывыкла ўвесь час быць сярод людзей і, выйшаўшы на пенсію, не магла сядзець дома склаўшы рукі.

У Заслаўі я пачуў легенды, звязаныя з Рагнедай, расказы пра гераічныя справы мясцовых партызан, якія не давалі праходу гітлераўскім салдатам i паліцаям. Кожны камень, знойдзены на гэтай зямлі, быў, здавалася, частачкай самой гісторыі, сведкам слаўнага мінулага краю.

Тут у вочы кінулася мне ўся ў рыштаванні старажытная Праабражэнская царква. Яе, як i Мірскі замак, па рашэнню ўрада пачалі таксама аднаўляць. Для мяне, чалавека, што звязаў свой лес з інстытутам, у назву якога ўваходзяць такія словы, як «мастацтвазнаўства», «этнаграфія», «фальклор», было радасна бачыць падобнае. Мне ўспомніліся словы А. Кіркора: «Многа гістарычных помнікаў у Беларусі знішчана часам, яшчэ больш невуцтвам i абыякавасцю». Добра, што гэты час невуцтва i абыякавасці адыходзіць у нябыт...

Вечарам я сеў на электрычку, якая імкліва панесла мяне ў Мінск, адкуль я пачынаў сваё падарожжа. Вяртаўся я туды ўжо зусім з другога боку, скалясіўшы добрую частку поўдня Беларусі.