Аннотация
- Месца - дакладна тое? - крыкнуў Мiкола, выцiраючы чупрыну калашыньнем спартовых штаноў.
- Тое, - адгукнуўся дзед Трахiм, - якраз насупраць камня. Тады ён на паверхнi быў, а цяпер во... у зямлю ўехаў, - дзед прысеў на камень, выцягнуў пачак "беламору".
- Можа далей адплывем? - падаў голас Гасюта, зiрнуў на дзеда i той, чыркнуўшы запалкай, страсянуў галавой: - Самазвал на паўкола ў ваду ўехаў, як скiдваў. Так што - шукайце. Дзесьцi там i ляжыць.
Мiкола памыляў сьсiнелымi ад холаду вуснамi, зморана ўздыхнуў i, пастаяўшы, як той скакун на вышцы, на носе лодкi, сiгануў у ваду. Гэтым разам ён прабыў пад вадой як нiколi доўга: Гасюта нават сьцягнуў з галавы кашулю, зьбiраючыся ратаваць сябра, ды тут Мiкола вылецеў, па самы пояс, з вады i з панiкай у голасе выдыхнуў:
- Ёсьць!
Пару хвiлiнаў Мiкола аддзiмаўся, трымаючыся за вясло, потым насунуў на плячук зашмаргу, нырцануў пад лодку i з такой рашучасцю адштурхнуўся нагамi ад днiшча, што Гасюта, якi стаяў у поўны рост i разблытваў вяроўку, ледзь не кульнуўся за борт.
Першыя, а таму самыя гострыя сонечныя промнi працялi небасхiл i рака з серабрыстай ператварылася ў ружовую.
- Глеем зацягнула... ледзь адшукаў, - прамармытаў Мiкола, выбраўшыся на бераг: небараку даймалi дрыжыкi, ён увесь сьсiнеў, зуб паганяў зуба i Гасюта, перш, чым пачапiць да трактара канец вяроўкi, палез у кабiнку, выцягнуў адтуль пачатую пляшку.
Мальцы глынулi на поўную губу, працягнулi пляшку дзеду Трахiму, але дзед пiць адмовiўся.
Праз пару хвiлiн гасютавы "беларус" залескатаў на высокiх абаротах, вяроўка напялася i струной засьпявала ў паветры. Дагэтуль дзед Трахiм паглядаў на сьвет зь лёгкай ўсьмешкаю, а ўгледзеўшы напятую вяроўку, ураз пасур'ёзьнеў, прыхапiўся на ногi i застыў, з прыгаслай папяроскай у зубах.
Трактар натужлiва завуркатаў, зямля здрыганулася i з вады ўзьнялося штосьцi зялёнае i круглявае. Напачатку цяжка было ўгледзець у бясформеннай камлызе чалавечыя вiдарысы i толькi калi камлыга прапаўзла па пясочку, а затым успарола берагавы дзiрван, пакiнуўшы на iм пасму зялёнай тванi, сталi праглядацца няўклюдная галава i шырокая грудзiна.
Комментарии к книге "Дарога ў дваццаць крокаў (на белорусском языке)"