Дарогi
Рыгор Крушына
ДАРОГІ
Мае дарогі — напрасткі,
Прыходзяць радасьці пасьля.
Імчацца ў сьвеце цягнікі,
У шумным руху ўся зямля.
Вада і маякоў агні,
I самалёт, і сінява...
Вядуць шляхі далячыні
Ў багацьце мрой і хараства.
Пазбыцца гора і нуды —
На крылы трэба ўзяць свой лёс.
Вакол паэзіі сьляды,
Я іх у кнігу перанёс.
I ўсім, каго бяда пячэ,
Я зычу радасных дарог.
Прызнацца, я хачу яшчэ,
Каб дарагі чытач мой мог
Знайсьці дарогі заварот
Да сьціплай лірыкі маёй,
Каб быў здароў, каб жыў сто год
З дабром, з сумленнай чысьцінёй.
РОДНЫЯ ГУКІ
Зноў абуджаюцца родныя гукі,
Я не самотны — натхненьне са мной.
Думка трывожная ў часе разлукі
Цягнецца звонкай ігранай струной.
Слова, што ўладна і ладна ўплялося
Ў лёс мой, жыцьцё і пачуцьці мае, —
Як на палёх пад вятрамі калосьсе,
Бурнаю хваляю сёньня ўстае.
Слова сьпявае. Палае. Чаруе.
Матчын запеў — нясуцішны — у ім.
Я пазнаю гэту праўду старую.
Сьвет, цэлы сьвет б'ецца ў сэрцы маім.
Хочацца добрае ў песьню укласьці!
Я перажыў колькі сьветлых гадзін.
Слова мяне ратавала ў няшчасьці
I суцяшала, што я не адзін.
Зноў я праходжу праз творчыя мукі,
I зацьвітаю вішнёвай вясной.
I абуджаюцца родныя гукі...
Я не самотны, бо слова са мной.
ДАРАГОЕ ІМЯ
Калі сэрца болем пражыцца
I ў тузе смылець пачне,
Мая думка бударажыцца,
I я чую — лёгка мне.
Больш балючае ня мучае.
Імя Бацькаўшчыны тут,
Як чароўнае, гаючае
Дзіва-зельле, сонца, цуд.
Ці паміж людзей пачуецца,
Ці ў самоце ўскалыхне, —
Сьвята і на нашай вуліцы,
Скажам проста, у мяне.
Напамінкам імя гэтае:
Продкі — крэўныя — свае...
Цяплынёй яно сагрэтае,
Мне бадзёрасьць надае.
Я на момант амалоджаны,
Мрояй цешуся цішком:
Шлях далёкі і няходжаны
Зьвіты слуцкім паяском.
ВЯСЬНЯНКА
Вясна! Ці забыць хто можа
Спатканьні і спадзяваньні?
Дразды так пяюць прыгожа
Ў любоўным замілаваньні.
I вечар ступае блізка
З бязьлюдным начным антрактам.
А хмарка цяжкая нізка
Навісла над сьветлым трактам.
Вільготнае вецер гоніць,
I пахне зямлёю квасна.
Жаўрук з жаўручыхай звоніць
Аб тым, што ім сёньня шчасна.
Напэўна, у іх вясельле.
Зьвінелі яны пад хмарай.
Пасьля на ральлі прыселі
Прытулена, моўчкі, парай.
Пакуль не найшло сутоньне
I сонца пакуль на схіле,
Закруцяцца птушкі ў звоне.
Законы вясны — у сіле.
БЕЛАЯ ТУГА
Зарунела ярыца ў палёх,
Сад убралі вішні белым цьветам.
Родны край у згадках смуткам лёг.
Смутак стаўся лёгкім і сагрэтым.
I ня чорная, а белая туга.
Зноў мінуўшчынай зайграў гармонік.
Скрып калёсаў. Над канём дуга
Абыймала неба i сасоньнік.
Скрозь дугу я ў далеч пазіраў.
Дзесьці там — і горад, і навука.
Адыйшлі хаціна, сад і стаў.
З блізкімі і роднымі — разлука.
Смутак раніць. Смутак — войстры штых.
Праз гады пачуўся водгук сьмеху.
Я знайшоў сваё сярод чужых —
Шчасьце, слова і маю уцеху.
Можа белая туга засьне,
Сьціхне боль пакутлівай разлукі,
Бо дарогі радасныя мне
Працягнулі сонечныя рукі.
ПАД ПАЛЬМАМІ
Мая доля мяне завяла
Ня ў шынок, ня ў дрыгву, не ў багэму,
Не ў халодны пакой да стала,
Дзе рэдактар зьмярцьвіў-бы паэму.
Завяла мяне доля туды,
Дзе сьпяваюцца гімны і псальмы,
Дзе ля мора стаяць гарады,
Кіпарысы, плятаны і пальмы.
Навакол расчыняецца сьвет,
I сьпявае жывая прастора.
Нават птушка — актор і паэт,
Толькі мовай ня нашай гавора.
Дзесьці ў садзе гукаў папугай:
— О, бамбіна, бамбіна, чы здрова,
Гутэн таг, эўхарыста, гуд бай...
З беларускае мовы — ні слова.
Мне-ж хацелася-б гэтак пачуць:
— Добры дзень, вам маё шанаваньне!
...А калі беларусы пачнуць
Па краінах турызм, вандраваньне?
ПАМПЭЯ
Трохі цярпеньня! За колькі хвілінаў
Дзесьці прыгожы адплыў краявід,
I аўтабус падкаціў да руінаў.
Весела нам усьміхаецца гід.
Групу цікаўных вядзе праз Пампэю.
Нешта тлумачыць. Ня чую яго.
Але трагэдыю я разумею,
Сам перажыў на руінах свайго
Гораду Менску, дзе цэглы гарэлі,
Бэлькі зялезныя гнуліся спрэс.
Тут і ня знойдзеш, бадай, паралелі:
Выбухі, полымя, сьмерці экспрэс.
Неба гуло. Бомбы падалі густа.
Хваля агню, нібы лява плыла,
I шаткавалася ўсё, як капуста;
Гэта другая Пампэя была.
Можа таму смутак горкласьцяй сьпее.
Зноў я ў жалобе маўкліва стаю.
Я на руінах антычнай Пампэі
Боль адчуваю і страту сваю.
У СЫЦЫЛІІ
Ты з кактуса сарвала плод
З танюсенькімі голкамі.
Усьмешкай твой скрывіўся рот
I словы выйшлі колкімі.
Ты мне сказала: — Не бяры!
Сыцылія гасьцінная,
Але салодкасьць унутры
Пад шорсткаю лупінаю.
Ах, асьцярожна. Я сама! —
I колецца, і хочацца,
Бярэш ты пальцамі двума,
Ружовы мякіш сочыцца.
А стрэмкі мучалі цябе,
Ты не хацела жаліцца.
Я разумеў, што боль скрабе,
Калючак не пазбавіцца.
Як ні стараўся, а дарма!
На пальчыках трымаюцца.
Я пацалункам іх вымаў,
Таксама ня вымаюцца.