Але я ўсё-ж гатоў вучыцца,
Як пазнаваць красу.
Хай доля скочыла ваўчыцай —
Я долю панясу.
НЕДАСЯЖНЫ
Бурна шуміць акіян.
Я ў чоўне рыбацкім плыву.
Пад суровымі хвалямі —
рыба й каралі.
Нізка, пакорна
схіліў я сваю галаву
I з малітваю
вусны мае
прашапталі:
— Божа, ратуй і даруй.
Хай ня трывожыць сумлеў.
Хараство! Веліч! Мудрасьць!
Ці-ж гэта ўсё зьмерыць?
Ці ўсё схапіць, зразумець?
Голас у страху самлеў...
I адно я імкнуся:
зьмірыцца і верыць,
Славіць Цябе і сьпяваць.
Песьня хвалюе мяне.
Я гляджу
на Твае нязьлічоныя цуды.
Што захаваў акіян!
Што за дзівосы на дне!
Вадалазам
да скарбаў даступна
ня ўсюды.
I касманаўту ня ўсё
высьветліць зорны сусьвет,
I ў ракеце яму
не ўзьляцець да Сатурна!
Першы палёт над зямлёй —
толькі пракоўзаны сьлед,
А гэрой зазнаваўся
з пагардай,
бравурна:
— Космас агледзіў увесь.
Бога ня бачыў я там.
Аж пустым самахвальствам
крычала сумленьне.
А да зямлі паварот,
мабыць ня ведаў ён сам,
Гэта Божая міласьць
і цудам збавеньне.
Хіба-ж людзкое жыцьцё
не таямніцы пастаць?
Схамяніся душой,
у нявер'і каторы.
Бога ня бачыць ніхто, —
трэба Яго адчуваць
У сабе,
у істотах зямных,
у прасторы.
ДЗЁНЬНІК МАЛЕНСТВА
Маленства дні! Я меў свой дзёньнiк.
Пра ўсё і ўсякае пісаў:
Што ў слоік трапіў апалонік,
Што галасіў зацьвілы стаў,
Што мелі мы свае забаўкі...
Любілі плюхацца ў вадзе.
I крык і сьмех. На лытках — п'яўкi
I плямы твані дзе-ні-дзе.
А мы, малыя, не шманалі,
Плылі па сажалцы далей.
Гарлачык белы адрывалі, —
I хутка рос пучок лілей.
У нашу хату роднай маме
Мы несьлі радасна букет.
Сьвяціла сонейка над намі
I расхінаўся добры сьвет.
Сябры і школа. Песьні. Казкі.
Калядны вечар і канькі.
Вясна з паводкай. Рунь і краскі.
Зноў басанож і — нацянькі.
I я і брат любілі поле,
Дзе вецер торгаў за рукаў.
Старанна, чысьценька, паволі
Я ўсё ў свой дзёньнік натаваў.
Тут неабсяжная прастора!
Я зазначаў стракаты год:
I радасьць звонкую і гора,
I шмат здарэньняў і прыгод,
I шмат цікавых уяўленьняў.
Аднойчы мы пайшлі ў грыбы.
Здалося, бачылі аленяў,
Бліжэй — пасохлыя дубы.
А нехта ў лесе моцна стукаў,
Там пошчак хвою ўпарта сек.
У таямніцы гэтых гукаў
I дзяцел жыў і чалавек.
У гушчарох гуло страхоцьце,
У шэпце дрэў хаваўся гнеў.
А корч трухлявы на балоце
Дзівосна ў цемры палымнеў.
Ваўка сустрэлі — не пазналі.
Ці не сабака з вёскі ўцёк?
Гадалі з братам і гукалі,
А воўк глядзеў на нас здалёк.
Пайшлі на рэчку з вудай-палкай
Лавіць прынадай шчупачка.
Ажно выходзіць там русалкай
З вады суседава дачка.
I мы зьбянтэжана стаялі...
Ужо на ўлоў няма дарог.
Глыбока нас усхвалявалі
Гарачы сорам і спалох.
Пазьней пра ўсё дазнаўся Лёнік.
— Русалку вудзілі! — пакпіў.
Я і яго ўпісаў у дзёньнік,
Хоць і крыві маёй папіў.
Маленства дзёньнік! Адмысловы!
Цырата-вокладка на ім.
Радкі няроўныя, а словы
Жывыя, простыя зусім.
Яны — у кнізе рукапіснай
Пачуцьці згубленых гадоў.
А дзе сьляды тэй праўды існай?
Няма пакінутых сьлядоў.
Вайна спаліла нашу хату,
Дзіцячы рукапіс прапаў.
Шкада! вярнуць-бы гэту страту,
Каб я цяпер перачытаў.
ВАРЭНІКІ
Пражылі бацькі з сумленьнем,
I дзяды і прадзеды.
Адсьвяцілі дні праменьнем, —
Кужаль недапрадзены.
Нямінучая разлука...
А было — старэнькая
Частавала свайго ўнука
Квасам і варэнікам.
Уздыхаючы, казала:
— Дзеткі мае мілыя,
Сёньня пятніца. Бяз сала.
Клёцак наварыла я.
А варэнікі і з макам,
I з грачанай кашаю.
Вось панцак! Зьясі са смакам.
Малаком закрашаны.
Малачка я не шкадую,
Бо малым дазволена.
Зьмерай сілу маладую
Сьціпла, задаволена...
Разумеў унук бабулю
I ня браў скаромніны.
Еў варэнікі з цыбуляй,
Час той сёньня ўспомнены.
Не зьвялі дзесяцігодзьдзі
Пачастункі бабчыны.
I варэнік пры нагодзе
Ў памяці зазначаны
Залатым нясьцёртым сьледам,
Цёплай асалодаю.
Стаўся ўнук сьсівелым дзедам,
Звыкся з новай модаю.
Неяк хутка на чужыне
Дзеці павыросталі.
I ўжо ўнукі акружылі —
Кемныя, ня простыя.
А ці ім уцяміць тое,
Што дзядуля ведае —
Дарагое і сьвятое
Ад прабабкі беднае.
I гаворыць дзед унукам:
— Дзеткі мае любыя,
Хай даўней згінаўся крукам,
Не баяўся згубы я.
Не бяз гонару і чэсьці
I ўсяго хвалебнага
Мог варэнікаў я зьесьці,
Выпіць квасу хлебнага.
Го! бадай, гадоў паўсотні
Як ня маю гэтага.
I цяпер адно ахвотнік
Да віна сагрэтага.
А даўней хай дзень быў горкі,
Шчасьце ўсё-ж магчымае.
Меў тады, няма гаворкі,
Смак і на нішчымнае.
Мне здаваўся, мае ўнукі,
Дзень зусім салоджаным,
Калі браў чарпак у рукі
З квасам ахалоджаным.
Дык ня сьмейцеся над дзедам,
Што сівы, старэнькі
Прыгадаў тут за абедам
Бабчыны варэнікі.
ЗА ШКЛЯНКАЙ ВІНА
Мы ўтрох сядзелі ў рэстаране.
Пілі віно. Сказаў адзін:
— Я ўжо стары. Маё стараньне
Ня мае радасных гадзін.