Выбрать главу
ПРЫСАДАМІ
Паклон дарожанькам бясконцым. Прайду я трохі пехатой. Прыемна пахне цьветам, сонцам. Лугі ў духмянасьці густой.
А прыдарожныя таполі Паклалі цені на траву. Пшаніца ціха шэпча ў полі, Што я валошкі не сарву.
Іду. Ніхто не зьневажае, Ня ганьбіць лаянкай ніхто. Сьпякота ўпартая, чужая, З мяне здымае паліто.
Я ня шукаю тут падтрымкі, Сустрэчны вецер — песьні сват Бярэ мяне ў свае абдымкі I цягне лёгка ў цень прысад.
I сяду я на белы камень, Каб адпачыць, пасьля ізноў Ісьці, ісьці ў жывым блуканьні Да лепшых мрой, да лепшых сноў.
ПАРЫЖ
Парыж, Парыж! — Пяюць у кабарэце. Краса, гарыш У ботах і ў бэрэце.
Хусьця няма, Табе няма спакою. Няўжо сама Захоплена сабою?
Сьмяецца твар... Сарваныя фіранкі: Краса — тавар, Пазорнае — за франкі.
Парыж, Парыж, — Заходзяцца аркестры. Каменны крыж На сэрцы — у маэстры.
На скрыпцы смык Гульліва піліць струны. I бляск і шык Зрываюць змрок чыгунны.
Краса — тавар, Пазорнае — за франкі. Сьмяецца твар Аголенай вакханкі.
Усьмешка аж У сківіцах скавыча, Галоў віраж Яна прынадна кліча.
Глядзяць усе — Красуня ў зыркай пляме. Жывой красе Ня лёгка перад намі.
Блішчыць ня медзь, А золата прыгожа. Адно глядзець Ня кожны сьветла можа
На прыгажосьць, На чыстую натуру... Дурная млосьць Ідзе ад злога юру.
Парыж, Парыж, — Пяецца ў кабарэце. Краса — наўзвыш. Вы нізка не бярэце.
ЭЙФЭЛЕВА ВЕЖА
На Эйфэлевай вежы Гуляе вецер сьвежы. Ён тут гарэзны гаспадар, Мне дзьме ў патыліцу і ў твар.
I проймай абыймае, I мой настрой трымае. Я пазіраю навакол, Як птушка ўзьлётная на дол.
Стаю над панарамай. За Трыюмфальнай брамай Праз Элізэйскія Палі Палацы, паркі паплылі,
Старое места, плошчы, Мантмартр, кафэ, любошчы... На вежу я высока ўзьлез, Вачыма — за Булёнскі лес.
А лятуценьня сіла Мяне вышэй насіла, Каб сэрца прыгадаць магло Мой край і роднае сяло.
NOTRE-DAME
У Парыжы ёсьць сабор Нотр-Дам. Хараство і веліч! Дзіва звышдзівоснае! Як-жа вам я ў слове перадам Захапленьне ў вобразы непераноснае?
На сьцяну ня голуб, ня жураў I ня зьвер, а злосная пачвара ўбілася. Страх! На Гмах сьвяты я пазіраў, I душа мая цішком перахрысьцілася.
А пачвары — зьлепкі мастакоў Прамаўлялі мне, што трэба тут ачысьціцца, Што ўвайсьці ня проста ў мірны схоў, Як звычайна зацікаўлены ў турыстыцы.
Не дарэмна з-пад пяра Гюго Хараство глядзела вечнай Эсмэральдаю, I пачварны Квазімода праз яго Званаром быў, клічам, Божаю прыладаю.
Я ўвайшоў, і адчуваў нутром: Я пабожным чыстым пачуцьцём закрануты, Бо Нотр-Дам ня толькі Божы Дом — Дух Сьвяты, каменнай рызаю апрануты.
СЯРОД ЧУЖЫХ
Чорныя вочы, чорныя вочы, I ўсюды ўсё чорнае, чорнае. Позірк мужчыны, позірк дзявочы — Змрок ночы, затоны вячорныя.
Мройныя вочы ветлай Чыліты З густой цямрынёй, а ласкавыя. Цёплы агеньчык, сьмехам прыкрыты, А ёсьць і зусім няцікавыя.
Чорныя вочы... Хіба я ўбачу Блакітныя, а хоць-бы шэрыя? Крочу паволі, проста наўдачу, I людзкасьці, шчырасьці веру я.
Шум каля крамаў. Бачу — заўзята Гандлююць віном і бананамі. Надта страката, пышна, багата З таварамі парассыпанымі.
Кветкі, кілімы, розныя рэчы I людзі з чужою гаворкаю. Іншыя песьні, месцы, сустрэчы... Ці сталася доля мне горкаю?
РАМОНАК ТЭНЭРЫФЫ
Як стан арэшыны Зімой асьнежаны, — Красой застрэшаны, Расой асьвежаны.
I нагінаецца Сьцябламі тонкімі Дый усьміхаецца, Глядзіць рамонкамі.
Пялёсткі белыя, Сардэчка жоўтае. Аж набалелае Пад грудзі боўтае.
I незабыўнае, I штосьці роднае. Ах, дрэва дзіўнае, Увагі годнае.
Яно ўсьміхаецца, Глядзіць рамонкамі. Ізноў згадаецца Мая старонка мне.
ЦЫКАДЫ
Было апаўночы. Ужо на эстрадзе Сьпявачка кіпела «Гранадай». I палкія вочы Насустрач Гранадзе. Трашчаць кастаньеты цыкадай. За песьняю — скокі, I голас гітары. Танцорка ў гарачым запале. А я ўжо далёкі... Употай, праз мары, Мне ў вочы дзьве кроплі запалі. Сяджу лятуценна. Маё млее цела Ў бяссоньніцы з доўгай дарогі. Шампанскага пена Ў крышталі асела, А смагу суняць няма змогі. Здалося, у скронях Заміж кастаньетаў Цымбалы зьвінелі, дурэлі. Бягу ад староньніх, Ад высмаглых кветаў. Ноч. Сьвежасьць. Цыкадавы трэлі.
МУЗЭЙ КУЛЬБЭНКЯНА
У Партугаліі калісьці Жыў армянін пан Кульбэнкян. Пачаў з таго, што боты чысьціў, Пасьля ён браў шырэйшы плян:
Сусьветны гандаль меў на мэце, I ў рукі золата плыло. Зьбіраў каштоўнасьці па сьвеце, Мастацтва ўносіла цяпло.
— Ён крыльле славы даў армянам,— Пра гэта кажа Лісабон. Вякі стаяць над Кульбэнкянам, Палац-музэй — нязмоўчны звон.