Выбрать главу
Дык ня трэба пачуцьцяў прачулых. Каб ня ведаць пакутаў, нягод, — Аддала-б у шпіталь, ці прытулак, А пры добрай нагодзе — развод.
Не зьвяліся ў жыцьці кавалеры. Хараство іх ня вабіць, ці што? Але марныя тыя намеры... Не, ніхто не спакусіць, ніхто.
Місіс Сьміт, місіс Сьміт, дарагая! Я маўчу. Гэта знак пачуцьця. Я цішком чулым сэрцам чытаю Вашу смутную кнігу жыцьця.
Разумею глыбока ахвяру — Абавязак, сумленьня закон... Я нясу вам пашану і мару, I спагаду, і нізкі паклон.
УСЮДЫ ДАРОГІ
Усюды дарогі, дарогі, дарогі... Бяздомны вандроўнік ня мае прыпынку. Чужыя пад'езды, чужыя парогі, I голас уяўны: — Ці вернешся, сынку?
Дарогі каберцам ляглі на даліны, На стэпы, пустэчы, на горныя лукі. Дарогі даюць дарагія хвіліны Шчасьлівай сустрэчы і горкай разлукі.
Мой дух неспакойны, упарты, палётны Імкнецца ў нязнаныя пушчы і нетры. Вунь сьцеляцца роўна асфальту палотны, Тут — рэйкі чыгунак, там — трасы ў паветры.
Я сёньня ў Мадрыдзе, а заўтра ў Нью-Ёрку. Пакіну пачуцьці па добрых краінах. Ёсьць песьні на ўзмор'і, узьлесьсі, узгорку, Гучаць на пяскох, на сьсівелых руінах.
А ўсё-ж наймілейшая песьня, што зроду Я чуў ад бацькоў, і я ў тым прызнаюся: Яна ня сьціхае на вуснах народу Маёй сэрцагрэйнай жывой Беларусі.
Ня сьціхне яна і ў далёкай дарозе. Я буду сьпяваць, падбіраючы словы. Мне цёпла ў паэзіі, холадна ў прозе I горача ў гомане роднае мовы.
Па сьвеце праменьнем кладуцца дарогі, Расьце хараство на зямлі і на моры. I я ў падарожжы ня маю зьнямогі, У працы штодзённай ня ведаю зморы.
Радкі на паперы — таксама дарогі, На іх няпрыкметна губляюцца сілы. Парадак жыцьця непахісны і строгі. Дарога апошняя — шлях да магілы.
I згадка міжвольная: бацькава хата, Гародчык з півоняй, гарошкам і макам. Усё гэтак міла, так ласкі багата, I слуцкая бэра прынаджвае смакам.
У сэрцы хаваючы жаль і трывогу, Кажу суцяшальна сабе я самому: — Бяду перажыў. Уцалеў, дзякуй Богу. А можа дарога спрастуе дадому.
СУГУЧЧА
Я і ў Мюнхэне, я і ў Нью-Ёрку, Але вершаў маіх перазвон Ставіць простую мову-гаворку Пад прыгожы, прыродны закон.
Як мэлёдыя песьні Міляна, Захапляе, чаруе мяне. I пачутае «Ой, рана-рана» Італьянскім сугуччам кране.
Італьянскім! Гішпанскім! Францускім! Я сваёю заву і — жыву! Не замкнуся нагэтулькі вузкім, Каб Варшаву прымаць ці Маскву.
Я цябе ня цураюся, Захад. Тваю сілу, культуру і рух Не адкінуў пагардай-замахам. Тут я чую скарынінскі дух.
Я і ў Мюнхэне, я і ў Нью-Ёрку, Але мова заўсёды мая... I на ўсходзе і захадзе я Беларускую чую гаворку.
КАМІН
Пад восеньскі вецер сьпявае Суровай зімы напамін. Вясёлым цяплом ажывае Халодны каменны камін.
З дрывотні набраныя дровы, Бурштынам смала на кары — Тут водар сасновы, здаровы. Камін, палымней, ня куры!
Расьце агнявое бацьвіньне I горача рвецца ўгару. Палена хто ў полымя ўкіне — Убачыць вясну і зару.
Вясну, што прыходзіла ў госьці... Уявіцца радасны сьвет. А згадка пакліча кагосьці, Якога згубіўся і сьлед.
Далёкае ў памяці ўскрыкне, Праб'ецца жывой баразной. Апоўначы полымя зьнікне I попел засьне сівізной.
У ТУНДРЫ
Запрэжаныя ў сані Прысьніліся алені. I ты ў палярным зьзяньні Мне села на калені.
А па іскрыстым сьнезе, Па шарпаку й сумёце Пад пугаю гарэзнай Алені ў шпаркім лёце.
Зьвяры ў жывым гайсаньні. I тундра ня ў журбоце, I гойдаюцца сані На сьмелым павароце.
На лыжні, на закруце Бягуць парыўна, коса. I добрыя пачуцьці На сэрцы эскімоса.
Ён ведае, што пара У цішы, цяпле, каханьні. Ці гэта сон, ці мара? Чуваць — імчацца сані.
ПОРУЧ
Памаўчым з добрай думкаю, Поруч сядзьма шчыльней. Чорны птах нам ня крумкае, Як даўней.
Чулі мы гругановае I злавеснае: кра! Кралі сэрца... Вясновае Нехта краў.
I тады незаўважана Маладосьць адцьвіла. Ня была намі ўзважана Пахвала.
А хвалілі! I цешыцца На завузкай зямлі, Як квахтуха — у рэшаце, Мы маглі.
Хоць цяпер і зьмянілася — Сок яшчэ ў каранёх. Пражывем Божай міласьцяй Мы ўдваёх.
ЧАКАНЬНЕ
Чакаю. У мроях — каханай аблічча. Сьмяецца бярозка, паблізу якой Стаіць прыдарожны дубок ваяўніча З пудовай дубінай, з галінай цяжкой.
Бярозка мне шэпча: — Чакаеш? Ня прыйдзе... А мой кавалер — маладзенькі дубок Бароніць мяне ад вятроў. Я ня ў крыўдзе, I я ад яго не адсунуся ўбок.
А ты адыйдзі! Тут няма вам спатканьня. — Бярозка шаптуха, я ў зманлівых снох! Мяне ці пакліча палеская каня, Ці я там, забыты, чароцінкай ссох.
Але і ў сухіх чаратох шум чароўны Я чую, і гэтак на ўзьмежку кажу: — Мой шлях на калдобінах, шорсткі, няроўны. Ня я — маё слова пяройдзе мяжу.
Мне мроіцца, сьніцца каханай аблічча Ў таемнай жалобе, пахмурай жальбе. Мая незабыўная песьнямі кліча I прывідна туліць мяне да сябе.
ЗДАНЬ ВЯСНЫ
Восень точыцца тугой. Дзе-ж вясна былая? Мне сьляза густой імглой Вочы засьцілае.