Я скрозь вэлюм вадзяны
Бачу твар вясёлы.
Гэта ты — як здань вясны...
Пахнуць мацыёлы.
На блакітны мокры змрок
Падае праменьне.
У цябе, як назнарок,
Белае адзеньне
Засьвяцілася здалёк.
Я кажу Марыльцы:
— Ты ляціш, як матылёк.
Парасонік — крыльцы.
Гэта толькі здань вясны,
Вечар мацыёлаў,
Пах садовы і лясны,
Сны далёкіх сёлаў.
ДАВЕР
Ня гора — толькі горачка,
А выглядае мулкім.
Цяпер твая каморачка
Зрабілася прытулкам.
I я ў тваёй каморачцы
Адпачываю трошкі.
Мне горна. Як гаворыцца,
Скрабуць на сэрцы кошкі.
Кажу табе я ў споведзі:
Няма са мной адданых.
Я не хачу на повадзе
Быць у сяброў названых.
Яны ў лісьлівай хітрасьці
Даюць наўскос парады.
Мне з памяці ня вытрасьці
Наяўнасьць іхнай здрады.
Ухмылкай рот ашчэрыцца —
Людзкая маскіроўка.
Адно магу даверыцца
Табе, мая сяброўка.
РАДАСЬЦЬ НЕ Ў САКРЭЦЕ
I саломка аб саломку трэцца,
А мы людзі, з нэрвамі, жывыя.
Дык чаго трымаць нам у сакрэце
Радасьць, што вянком вісіць на шыі.
Узьнясецца полымем саломка
Дый іскрою паляціць кастрыца.
А хіба сказаць, сьпяваць няёмка,
Што і ў нас таксама загарыцца?
Загарыцца цэлы сноп пачуцьцяў,
Не дамо і рады, не загасім.
Не заліў я жарсьць, не скаламуціў
Ні рассолам, ні віном, ні квасам.
Зло ў жыцьці мяне не заламала,
Крыўда не сагнула мае плечы.
Хоць было і прыкрасьцяў ня мала,
А я веру ў Розум чалавечы.
Зразумеюць і не пасьмяюцца
Людзі з розумам і сэрцам чулым.
Загарэўся важкі сноп пачуцьцяў —
Значыць, я ня лёг струхлелым шулам.
ДРАЗДОВЫ СЬВІСТ
Я знайшоў спакойную хвіліну
I пішу табе трывожны ліст.
Думаць пра цябе я не пакіну,
Не забуду той драздовы сьвіст.
А было: як сказана ў законе...
I дразды сьпявалі на свой лад.
Мы пасьля сядзелі на бальконе,
Што выходзіў у квяцісты сад.
А ў тым садзе дрэваў перашэпты,
Неяк-жа падгледзілі яны,
Як мы з сэрца клалі свае лепты
У скарбонку радасьцяў вясны.
Вішняў цьвет і посьвіст звонкі птушак,
А найбольш драздоў, не забывай!
Гэта срэбра чыстага гарнушак
Нам на наш вясельны каравай.
Прыязджай! Пачуцьці, як мякіну,
Зьвеяць не магу. Уваж мой ліст.
Думаць пра цябе я не пакіну,
Бо трывожыць зноў драздовы сьвіст.
ІМПЭТ НАТХНЕНЬНЯ
З дому ня выходзячы —
Без цяпла вясновага.
Кнігі. Госьці. Родзічы.
I нічога новага.
Пішаш, а ня пішацца.
Мроіш, а ня мроіцца.
Літара ўскалышацца
Ды ў вачох патроіцца.
I натхненьне — ціхае,
I з мікстурай лыжачка,
I на ладан дыхае
Хворым вершам кніжачка.
Не, ня дома седзячы —
Ў падарожжа новае,
Ні на што ня гледзячы,
Ды з маёю моваю.
Пішаш — добра пішацца,
Мроіш — верш народжаны.
Мой імпэт ня сьцішыцца,
Па зямлi праходжаны.
СЯРОД МРОЯЎ
Я ад мрояў зноў вясёлы.
Сьвет разгорнуты які!
Побач блізка — край мой, сёлы,
Маладосьць і сваякі.
I каханая таксама,
I даўнейшыя сябры.
Залатая мабыць брама
Расчыняецца ўнутры
Маіх думак, маіх мрояў
I эмоцыяў маіх.
Я сябе на звон настроіў
I ля брамы тэй ня сьціх.
Мроі цешаць: мы расьсьцелем
Свой вузорысты дыван.
Адгукнуліся вясельлем
Скрыпка, дудка, барабан.
Чую сьпевы роднай вёскі,
Чую сьмех, вясёлы шум.
А з далёкай пагалоскі
Брудны выветрыўся тлум.
ВЯЧОРКІ
Яшчэ агонь датла ня згас,
Дымелі ў печцы галавешкі.
Разварушыла раптам нас
Загадкавасьць тваёй усьмешкі.
Усьмешка кінута на трох,
А кожны з трох быў трагікомік,
I ў дождж, і ў сьнег, і на вятрох
Прыходзіў у знаёмы домік.
Гулялі ў карты. У хлуса.
I сьмех, і выкрык: Звонкі! Крэсьці!
Твая румяная краса
Магла нас біць, круціць і трэсьці.
Мы, размаўляючы з табой,
Былі ў таемным неспакоі.
А ў печцы жар сатлеў. Адбой
Дае нам поўнач у пакоі.
Ты да дзьвярэй праводзіш трох.
Мы разьвіталіся. I пешкі
Ідзем да дому. Хто з нас мог
Пазнаць загадкавасьць усьмешкі?
СЬЦЕЖКА ДА КАХАНАЙ
Да цябе, каханая,
Сьцежка пратаптаная
Не ў альтанку цераз сад
I ня ў хату праз падворак.
Быў чульлівы лістапад
I прырожы адвячорак.
Каля рэчкі Сьвіслачы,
Рукі цёпла ціснучы,
Памятаеш, я табе
Прызнаваўся, што кахаю.
Там у восеньскай журбе
Прашапталі дрэвы з гаю
Нешта мне нясьмелае
I незразумелае.
Быў чульлівы лістапад
I прыгожы адвячорак...
Што нам хата! Што нам сад!
Што нам прыцемкам падворак!
Сьцежка не пясчаная,
Радасьцяй вянчаная.
Мы пазналі дзіўны сьвет...
Разыйшліся ў мірнай згодзе.
Я знайшоў твой чысты сьлед
Праз гады, дзесяцігодзьдзі.
У СЯМЕЙНЫМ ЛАДЗЕ
Ты сядзіш над вышыўкай цярпліва,
Шыеш дробным акуратным швом.
Наш сямейны лад ідзе шчасьліва,
Зьвязаны з каханьнем, з хараством.
Нам ня трэба нейкае парады
Сватаў, дыпляматаў і паслоў.
Паміж нас няма ніякай звады.
Я нясу цяпло суцешных слоў:
Мастакі ня гінуць у галечы,
Покуль хараство у іх жыве.
Гарнастай ня ўскінуты на плечы,
Шалік-самавяз на галаве.