О. Генры
Дары мудрацоў
Адзін даляр і восемдзесят сем цэнтаў. І ўсё. Прычым шэсцьдзесят цэнтаў з іх – аднацэнтавымі манеткамі. Манеткамі, за кожную з якіх яна так гандлявалася з бакалейшчыкам, зеленяром або мясніком, што тыя пачыналі чырванець, ціха ненавідзячы яе за такую празмерную скнарлівасць. Дэла пералічыла тройчы. Адзін даляр і восемдзесят сем цэнтаў. А заўтра Раство.
Як тут не плюхнуцца на старэнькую заседжаную канапу і не заплакаць? І Дэла плюхнулася і заплакала. Калі задумацца, то жыццё складаецца з расчараванняў, рыданняў і ўсмешак, але пераважна – з расчараванняў.
Дамо гаспадыні трохі часу прыйсці ў сябе, а пакуль агледзім дом. Мэбляваная кватэрка за восем даляраў у тыдзень. Не тое каб зусім ужо халупа, але менавіта гэтае слова ўжылі б прадстаўнікі санітарнай інспекцыі.
Унізе ў вестыбюлі вісела паштовая скрыня, у якую ніколі не прасунуўся б ніводзін ліст, і электрычны дзвярны званок, з якога ніводны смяротны не здолеў бы выціснуць ані гуку. У дадатак да ўсяго, побач была прыладжаная шыльда з надпісам “Містэр Джэймс Дылінгем Янг”.
Імя “Дылінгем” яшчэ веяла напамінам пра часы росквіту, калі яго ўладальнік зарабляў трыццаць даляраў у тыдзень. Цяпер жа, калі прыбытак скараціўся да дваццаці даляраў, пара пачала ўсур’ёз падумваць аб тым, каб скараціць яго да сціплага й някідкага “Д.”. Але штораз, калі містэр Джэймс Дылінгем Янг вяртаўся дадому і падымаўся да сябе ў кватэру, ён чуў пяшчотнае “Джым” і апынаўся ў сардэчных абдымках жонкі, якую, як вы ўжо ведаеце, звалі Дэлай. І гэта было цудоўна.
Дэла выплакалася і трохі падпудрыла шчокі. Яна стаяла ля акна і невясёла назірала за шэрай коткай, што ступала па шэрай агароджы ў шэрым двары. Заўтра Раство, а ў яе толькі адзін даляр і восемдзесят сем цэнтаў на падарунак Джыму. Колькі месяцаў яна збірала іх па манетцы і вось што мае ў выніку. На дваццаць даляраў у тыдзень далёка не заедзеш. Выдаткі выйшлі большымі, чым яна меркавала. Так заўжды. Усяго адзін даляр і восемдзесят сем цэнтаў на падарунак Джыму. Ейнаму Джыму. Колькі шчаслівых гадзінаў прабавіла яна, мроячы аб чымсьці прыгожым для яго. Чымсьці добрым, рэдкім і сапраўды якасным – чымсьці, што было б хоць трохі вартым гонару звацца уласнасцю Джыма.
Паміж вокнамі ў пакоі стала трумо. Можаце сабе ўявіць, якое бывае трумо ў кватэры за восем даляраў. Толькі вельмі худой і рухавай асобе ў змогу сабраць у адно свае адлюстраванні ў працягых вузкіх люстэрках. Дэла была даволі стройная, таму ёй гэта ўдавалася.
Раптам яна адскочыла ад акна і стала перад люстэркам. Ейныя вочы зіхцелі, як дыяманты, але твар праз дваццаць секунд зблякнуў. Рэзкім рухам яна распусціла валасы, і яны спалі з яе плячэй на ўсю сваю даўжыню.
У маладых Янгаў засталіся толькі дзве рэчы, якімі яны напраўду маглі ганарыцца. Першая – гэта залаты гадзіннік Джыма, які дастаўся яму ад бацькі, а таму – ад дзеда. А другая – валасы Дэлы. Калі б царыца Саўская жыла ў доме насупраць, Дэла б адмыслова прасушвала валасы пасля ванны, высунуўшыся ў акно, каб яны зацянялі сабой бляск усіх упрыгожванняў і пышных строяў Яе Вялікасці. А калі б цар Саламон быў швейцарам у іхным доме і хаваў у сутарэнні ўсе свае скарбы, Джым бы штораз глядзеў на свой гадзіннік, праходзячы міма, каб убачыць, як той дзярэ на сабе ад зайздрасці бараду.
І вось цяпер распушчаныя прыгожыя валасы Дэлы пераліваліся вадаспадам каштанавых хваляў. Яны даставалі ёй да кален і маглі б выдатна замяніць адзежу. Раптам, спяшаючыся, яна зноў нервова прынялася іх збіраць. Затым застыла на хвіліну, быццам вагаючыся, і з ейных вачэй выкаціліся і спалі на пацерты чырвоны дыван дзве слязінкі.
Старэнькая карычневая жакетка. Старэнькі карычневы капялюш. І з шолахам спадніцаў і дыямантавымі яскаркамі ў вачах яна выпырхнула за дзверы і, спусціўшыся па лесвіцы, выбегла на вуліцу.
Спынілася яна пад шыльдай: “М-м Сафроні. Вырабы з валасоў”. Дэла ўзляцела па лесвіцы на другі паверх і ўвайшла, запыханая, але сабраная. Вялікай беласкурай, з каменным тварам мадам наўрад ці пасавала імя Сафроні.
– Вы набудзеце мае валасы? – спытала Дэла.
– Я купляю валасы, – сказала мадам. – Здымі, дзетка, капялюшык і дай мне на іх зірнуць.
І вадаспад каштанавых хваляў разліўся долу.
– Дваццаць даляраў, – сказала мадам, узважыўшы валасы спрактыкаванай рукой.
– Давайце хутчэй, – пагадзілася Дэла.
Вох, наступныя дзве гадзіны яны лётала, быццам мятлік. Але метафары тут лішнія. Яна шмыгала па крамах у пошуку падарунку для Джыма.
Урэшце яна яго знайшла. Без сумневу, ён быў створаны для Джыма і ні для каго болей. Яна перавярнула ўсе крамы, і ні ў адной такога не было. Гэта быў плацінавы ланцужок для кішэннага гадзінніка, просты і сціплы з выгляду, аб вартасці якога сведчылі не мудрагелістыя ўзоры і аздабленні, а адно матэрыял, з якога ён быў выраблены, – як і належыць сапраўды добрым рэчам. Гэты ланцужок быў варты Яго Гадзінніка. Толькі зірнуўшы на яго, яна зразумела, што ён мусіць належыць Джыму. Яны былі падобныя. Спакой і вартасць – вось што іх аб’ядноўвала. За ланцужок з яе ўзялі дваццаць адзін даляр, і з васьмюдзесяццю сямю цэнтамі яна паспяшала дадому. З такім ланцужком Джым можа не хвалявацца, у якой бы кампаніі яго ні папрасілі падказаць час. Яму больш не прыйдзецца пазіраць цішком на такі выдатны гадзіннік, саромячыся за стары скураны пасок, прыладжаны замест ланцужка.