Выбрать главу

На стале ляжалі Грабеньчыкі – набор грабеньчыкаў, рознага памеру і формы, які Дэла доўга разглядала ў адной з брадвейскіх вітрын. Прыгожыя грабеньчыкі, з сапраўднай чарапахі, аздобленыя каштоўнымі каменьчыкамі, акурат пад колер ейных раскошных страчаных валасоў. Яна ведала, гэта былі дарагія грабеньчыкі, і ейнае сэрца прагнула іх і тужыла, не маючы нават надзеі калі-небудзь імі валодаць. І цяпер яны належалі ёй, але кудзераў, якія мусілі аздабляць жаданыя ўпрыгажэнні, больш не было.

Яна прыціснула іх да грудзей і нарэшце здолела падняць заплаканыя вочы і ўсміхнуцца.

– У мяне вельмі хутка растуць валасы, Джым! – сказала яна.

Раптам Дэла падскочыла, як ашпаранае кацяня, і ўскрыкнула:

– Ах, што ж гэта я!

Яна ж яшчэ не паказала Джыму свайго цудоўнага падарунку. Дэла расціснула далонь і працягнула яму ланцужок. Бледны і дарагі метал, здавалася, зіхацеў, адлюстроўваючы святло і цеплыню ейнай душы.

– Бачыш, які цуд, Джым. Я аббегала ўвесь горад у пошуках. Цяпер ты будзеш спраўджваць час па сто разоў на дзень. Давай сюды гадзіннік. Я хачу зірнуць, як яны будуць глядзецца разам.

Замест таго каб выканаць яе просьбу, Джым плюхнуўся на канапу, заклаў рукі за галаву і пасміхнуўся.

– Дэл, – прамовіў ён, – давай пакуль схаваем нашыя калядныя падарункі. Надта цудоўныя яны, каб адразу ж імі карыстацца. Я прадаў гадзіннік, каб набыць табе грабеньчыкі. А цяпер давай вячэраць.

Вядома ж, вы памятаеце тых мудрацоў – а яны былі надзвычай разумныя людзі, – што прынеслі дары Немаўляці ў яслях. Менавіта ад іх ідзе звычай дараваць на Раство падарункі. Паколькі яны былі мудрацамі, то і дары іхныя былі мудрыя – яны пакідалі за сабой права замяніць іх у выпадку супадзення. Тут жа я няскладна апавёў вам нічым не прыкметную гісторыю двух бязглуздых дзяцей, якія так безразважна ахвяравалі адно адному найвялікшыя свае скарбы. І скажу яшчэ слова мудрацам сённяшніх дзён: з усіх людзей, якія даруюць падарункі, гэтыя двое былі самыя мудрыя. З усіх, хто дорыць і атрымлівае падарункі, самыя мудрыя тыя, хто робіць гэтаксама. Дзе б і кім яны ні былі. Яны і ёсць мудрацы.