Выбрать главу

Полька змянялася вальсам, а там і зноў пачыналася тая-ж самая доўгая полька. Толькі дашчэнту ўмарыўшыся і спацеўшы, мы выйшлі ў сенцы. Я хацеў сказаць Зоні шмат аб чым, шмат чаго запытацца, параіцца. Адзін ва ўсім не разбярэшся, не здагадаешся. Ды, гавару праўду, я добра не ведаў, як выйсці з такіх абставін.

— Пойдзем адсюль… Тут цяжка жыць, тут немагчыма табе і мне, — казаў я.

Яе пальчыкі ўздрыгнулі ў маёй руцэ.

— Куды, Уладак, ну, куды?

Яе непакой павялічыўся. Яна моцна ўхапілася сваімі рукамі мне за грудзі, закалацілася ўся.

— Я не ведаю, я не скажу… Куды-ж гэта, Уладак?

Рукі Зоні моцна задрыжэлі, і мяне яна як-бы хацела прыцягнуць, не пусціць ад сябе.

— Мы пойдзем, Зоня, пойдзем у свет. Там хоць чужыя, але не такія ліхія людзі.

Больш не помню, што я гаварыў, але ў сенцах яна заплакала і, здаецца, выбегла на двор. Потым-жа яна ўжо была ў хаце. Я зайшоў на кухню напіцца вады.

Тут усё яшчэ сядзелі Васіль з Сідарам. Гаспадар, набраўшыся не ў меру, адразу з’ехаў ля стала, асунуўся з лаўкІ на зямлю і, не ўстаючы, поўз аж да парога. Намацаў рукамі вушак, учапіўся за яго і ўстаў. Васіль яшчэ трымаўся на нагах, ступіў за Сіўтуком. Я выйшаў за імі.

Сідар цераз сілу зацягнуў прыпеўку. Ды хоць-бы запеў, а то проста драў горла на ўсю хату:

Полька тая, полька гэта, Полька добрая кабета.

Ён выпучыў жывот, закінуў голаў назад, перагнуўся ўвесь і зашоргаў ботамі па падлозе.

Полька дома не начуе, Полька з хлопцамі танцуе.

Васіль, разводзячы рукамі жанок і дзяцей, што заторылі праход, падыйшоў да Пятра і заказаў вальс. Ён азірнуўся кругом, і асалавелыя вочы яго шукалі толькі яе, Зоні. І знайшлі. Яны востра ўпіліся ў мяне. Зоня, вядома, была са мною. Мы толькі прайшлі няпоўны першы круг. Перад намі, вызверыўшыся, нібы з-пад зямлі, вырас п’яны Сідар. Правае вока яго прыжмурылася:

— Вон адсюль, вон з мае хаты, і каб нагі твае тут…

Ён збялеў і пацягнуўся сухім кулаком да майго твару, але я абараніўся. Толькі я знячэўку так працягнуў рукі, што ён, стары, п’яны, бразнуўся на падлогу. Здаецца, намагаўся яшчэ ўстаць, але мне добра не помніцца. Нечым цяжкім і даволі-такі ёмкім мне ззаду пеканулі па плячы, і я адчуў востры боль. Гэта, напэўна, біў Васіль, біў за сябе і за зганьбаванага, асаромленага перад усімі людзьмі Сіўтука. Біў ён метка, напавал — і так, каб я не падняўся, не ўстаў ніколі. Другі раз секануў па галаве — і мне стала горача, забегалі, замітусіліся чырвоныя іскры, і пацямнела для мяне ў хаце. Я аслабеў, але яшчэ ступіў да парога. Дзверы ў сенцы былі адчыненыя — паваліўся цераз парог. Я страціў прытомнасць. Помніў сябе толькі тады, калі намацаў на галаве мокрую хустку, ды яшчэ ніяк усё не мог разабрацца, чаму я ляжу на прызбе, на сухім бульбоўніку, чаму гэтак моцна баліць галава гэтак страшна звініць у вушах.

Васіль моцна пабіў мяне. Але рана была невялікая. Я скора паправіўся. А Зоня? Яна шкадавала. Тры дні даглядала мяне, хаваючыся ад бацькі і крадком прыносіла мне есці.

Я быў хлопец моцны і за гэтыя тры дні ачуняў, устаў на ногі.

Апошняга дня яшчэ раненька Зоня праводзіла мяне ў недалёкае ад нашай вёскі старое мястэчка. Ішлі мы не гасцінцам, а воддаль — вузкаю сцежкаю праз рэдкі бярэзнік. Яна чамусьці спяшалася ў хадзе, і мне здавалася, нібы старалася вывесці мяне найхутчэй са сваіх вачэй.

Я загаварыў зноў аб тым, што ёй таксама няма іншага выйсця, як ісці разам са мною. Мы усё-ж знойдзем прытулак, бо не ўсюды ліхія людзі. Яна-ж зноў пыталася ў мяне, дзе мы дзенемся? У вёсцы свая хата, свой кавалак хлеба. А што паганы бацька, то яе так пакарала доля. У сініх вачах яе быў смутак цяжкага растання. Зоня неспадзявана для мяне забегла наперад, нібы хацела перагарадзіць дарогу, папрасіла:

— Не едзь далёка! Застанься блізка дзе. Пачакай!

— Дзе-ж мне застацца?

— Дзе-небудзь. Не пакідай мяне! Я баюся!

Я не суцяшаў яе, я гаварыў праўду, ад сэрца, шчыра:

— Скора вярнуся, вярнуся, Зоня. Толькі не выходзь за яго. Чакай мяне.

…Нашто прыпамінаць тое, што так цяжка і невыносна пераносіць самому, што так востра даймае чалавека.

Я пайшоў у свет. У той час нават работу давялося знайсці нялёгка. Я не меў права на той мізэрны грош беспрацоўнага, што выплачвала гміна.

Марны лёс закінуў мяне ў Беласток, дзе на чыгуначнай станцыі я наняўся прыватным рабочым.

У мяне завяліся ўласныя грошы, але мне было не да заробкаў. На сэрцы ляжала другое. Мяне цягнула ў Бярозаўку. І я вярнуўся.