Выбрать главу

Помню, ужо добра сцямнела, калі я сыйшоў з цягніка ў мястэчку і дзе гасцінцам, а дзе наўпрасткі полем спяшаўся ў Бярозаўку. Ідучы, я нікога не спаткаў, толькі на поўдарозе мяне засціг дробны дождж з моцным ветрам. Да вёскі тры кілометры хады, і я нават не заўважыў, як выйшаў на вуліцу. Падыходзячы да сіўтуковае хаты, адчуў сябе трывожна: ногі здаліся не сваімі, забілася сэрца, і мяне апанаваў нейкі страх. Дождж перастаў, і адсунулася цемень ночы. Па небе нізка плылі папяловыя хмары, і дзе-нідзе прасвятлелі сінія лапінкі чыстага неба. Воддаль ад вуліцы, на невялікім грудку, выступала знаёмымі абрысамі сідарава хата.

У хаце не было агню. Толькі на кухні гарэла лямпа. Але да сідаравай хаты і даступіцца было цяжка: за гэты час ён наўкруг абнёс яе плотам, абгарадзіўся. Тады плот быў толькі ад вуліцы, а цяпер і з тыльнага боку сажняў у чатыры стаяла новая агарожа. Я, не доўга думаючы, учапіўся рукамі за трывалыя частаколіны, на адных руках пераскочыў цераз плот і зазірнуў ў акно.

У кухні было двое: на печы, падкурчыўшы пад сябе ногі, сядзеў стары Сіўтук, і як два гады таму назад, у сподняй бялізне. Ля століка, спіною да мяне, умасціўся незнаёмы чалавек.

«Няўжо Васіль?» — Я пачаў пазнаваць. Галава павярнулася. «Нос, той самы дзюбаты нос…».

Мяне адолела нейкая слабасць, апанаваў халодны страх. Я не помню, як дайшоў да брамкі. Мой неспакой павялічыўся. «Чаго ён тут? Ён яе… — я скрыгануў зубамі, але думка была адна, — ён узяў яе замуж. Інакш не сядзеў-бы тут».

Чакаў я нядоўга, але гэты кароткі час чакання здаўся бясконца доўгім. І вось з вуліцы, ля веснічак, паказалася яна. Ішла, не вельмі спяшаючыся, але трохі неспакойна. Я пазнаў яе адразу па росту, па хадзе, нават яшчэ здалёк па той самай белай хустцы.

— Зоня!

Яна палахліва адхіснулася ўбок.

— Ой… — здзівілася, ды неяк скора пазнала, можа нават не спадзеючыся, што гэта напэўна я. — Уладак, ты?.. Няўжо ты?

З пакутай і тугою я выгаварыў яшчэ раз дарагое імя, якое ў голас не гаварыў даўно… Я ніколі не думаў, што яго так цяжка вымавіць, аж да горкіх слёз на вачах, да цяжкага болю ў душы:

— Зоня!..

Яна маўчала, не адказвала. Збітая з тропу, стаяла як сама не свая, прыгнуўшыся. З-пад хусткі ў яе выбіліся валасы, яна не папраўляла іх і ўсё ўглядалася ў мой твар. У цемры вочы яе наліліся дзіўным бляскам. У іх затаілася нядобрая злосць.

— Ты прыехаў дзеля мяне? Нашто? — голас быў не свой і страшны, як позірк вачэй.

— Чаму-ж ён тут! Няўжо забылася?

— Не, Уладак, не! — ціха і жалобна адазвалася яна. І ці гэта быў жаль па сабе, па мне, што так рана загубілася маладосць наша. — Адкуль мне ведаць, што ты вернешся. Я чакала, мне было не выжыць без цябе. Але яны падгаварылі. Яны спакусілі… Ты не даруеш мне, ніколі не даруеш!

Яна адбеглася ад мяне.

— Зоня, што з табою? — я кінуўся да яе. У грудзях, здаецца, нешта адарвалася і балюча заныла.

— Не чапай мяне! Я хаджу дзіцём. Карай яго, карай бацьку!

Заламаўшы рукі, яна заплакала. І гэты плач працяў мяне, востра кальнуў у сэрца. Я адчуў раптоўнае гора, вялікую бяду. Можа я меў што сказаць, ды не мог, можа меў чым парадзіць, ды не ведаў, як. І я маўчаў. Да свядомасці даходзіла штосьці крыўднае, і раптам паднялося гарачае полымя нянавісці і брыдкасці да Зоні, да Васіля. Я быў зняважаны, усё маё святое, чыстае было аганьбавана. І мае думкі перавярнуліся інакш і можа горш для мяне. Мне здалося, што не на кухні ў сіўтуковай хаце, а тут, недзе каля мяне стаіць Васіль. Яго тлустыя губы дрыжаць, гараць яго асалавелыя вочы і апастылыя рукі яго цягнуцца да яе.

— Зоня! — вырвалася ў мяне з грудзей, я памкнуўся быў да яе, але не ўбачыў Зоні. Помню, бег вуліцаю, не разбіраючы, куды бягу і чаго бягу. Здаецца, чуў яе голас — «Уладак! Уладак!», але, апынуўшыся ў чыстым полі, убачыў дарогу і пайшоў з Бярозаўкі.