Іваноўскі знарок як мага радзей пазіраў на гадзіннік, ён пачаў ужо баяцца няспыннае хады часу і ўсе свае сілы ўкладваў у бег, стараючыся не надта думаць пра іншае. Напэўна, па гэтай прычыне ён не адразу заўважыў, што значна пабольшаў вецер, у доле закруціла завея, здаецца, пачаў ісці снег. Некалькі моцных парываў ветру так секанулі снежнай крупой па твары, што лейтэнант задыхнуўся. Вакол стала глуха і цёмна. I без таго вузкі начны прасцяг яшчэ павузеў, амаль знік у шэрым непагодным змроку. Начных плямаў навокал значна ўбавілася. А вецер і яшчэ ўдарыў снегам у твар,— здаецца-такі, пачалася завея. «Не ў час»,— трывожна падумаў лейтэнант, мацней налягаючы на палкі. Лыжы яго ўжо зусім танулі ў снезе, выстаўляючы на паверхню толькі самыя кончыкі наскоў. Стараючыся вытрымаць напрамак, Іваноўскі цяпер амаль не пазіраў пад ногі, трэба было як мага далей бачыць у цемры, у гэтым быў галоўны яго абавязак. Іншыя назіралі ўбакі, замыкаючы Лукашоў адказваў за бяспеку з тылу. Ведама, у гэтай цемры лёгка было налезці на немцаў, але болей за нечаканую сустрэчу з імі ён баяўся спазніцца. У завею ці ў добрае надвор’е, а да ранку яны павінны дабрацца да месца.
Але, мабыць, рака зноў павярнула ўбок, наперадзе зацьмела штосьці вялікае, няроўным змрочным бугром праступіла ў цемры. Завея ваўсю гуляла над полем, і праз яе немагчыма было ўбачыць, што гэта такое. Тым не менш гэта грувасткае было якраз на шляху групы, Іваноўскі зразумеў гэта адразу і прыпыніў крок. Ён цяпер часцей, чым дагэтуль, прыкладваўся да компаса, вывяраючы маршрут. Ззаду не адставаў Суднік, блізка трымаліся і астатнія.
Тое, што яшчэ здаля звярнула на сябе іх увагу, зблізку аказалася нейкай будынінай — ускраіннай сядзібай вёскі або якім хутарам. Было б вельмі дарэчы завітаць туды хоць бы для таго, каб напіцца, але Іваноўскі рашуча павярнуў у абход. Ён забабонна баяўся ўсяго, што магло пашкодзіць іх мэце і адабраць час.
Праз завейную непагадзь цяжка было ўгадаць, на якой адлегласці ад іх быў гэты хутар. Усяго нейкую хвіліну ён чарнеў збоку і ўжо гатовы быў знікнуць, як праз вецер аднекуль даляцеў крык. Лейтэнант не ўцяміў яшчэ, хто і нават на якой мове крычыць, як ад будыніны пачуўся выразны сабачы брэх. Іваноўскі моцна адпіхнуўся палкамі, робячы рашучы рывок у цемру, і ў той час ветраную цішыню ночы разарвала прыглушаная завеяй чарга. Трасіруючыя светлякі куль у некалькіх месцах прашылі над галавой цемру, чыркнулі па снезе і панясліся прэч. Здрыгануўшыся ад нечаканасці, лейтэнант прыгнуўся і з усяе сілы рвануўся далей, наперад, у цемру. Аднекуль ззаду скрозь палосы завеі ўспыхнула святло, сняжынкі густа забялелі ў яго круглай пляме. Але гэта была не ракета — мабыць, недзе ўключылі фары. I зноў у паветры пранесліся агнявыя пасмы куль — густая доўгая чарга з шырокім рассейваннем прайшлася па полі. Лейтэнант азірнуўся на лыжнікаў — Суднік, як і заўсёды, трымаўся за ім ушчыльную, далей, нагнуўшыся, разгоніста ішлі астатнія. Далекаватае святло з фар усё ж прыкметна падсвечвала поле, вырываючы з шэрае цемры белыя сілуэты людзей; з хутара іх, мабыць, можна было заўважыць. Калі зусім блізка зноў забліскалі трасы, ён нягучна крыкнуў «Лажысь!», чамусьці больш за ўсё спалохаўшыся за ношу Судніка, і сам мякка апусціўся набок. Але ён спазніўся. Лежачы на снезе, ён ужо адчуў, што паранены, нагу коратка абпякло вышай калена, цёплая макрэдзь расплылася ў калашыне. Але моцнага болю ён не адчуваў; сцяўшы пашчэнкі, пакратаў нагой — быццам нічога, можна было трываць. Побач, цяжка дыхаючы, уціснуўся ў снег Суднік.
— Бутэлькі! Бутэлькі глядзі! — гучна шапнуў ён байцу, з незвычайнай выразнасцю ўяўляючы, што калі трапяць у бутэлькі, дык усе тут і загінуць. Суднік сцягнуў з плячэй рэчмяшок, уціснуў у снег, прыкрыўшы сабой небяспечную для ўсіх ношу.
Як толькі апошнія трасы адляцелі ўдалеч, лейтэнант ускочыў на ногі і з радасцю адзначыў, што нага слухаецца. Прыгнуўшыся на лыжах, ён зноў ірвануў у ноч,— з усяе сілы далей ад гэтага хутара, чэргаў і здрадніцкага брэху сабак. Добра, што парывы ветру са снегам усё ж хавалі іх нават у падсветленай начной прасторы, і ён праскочыў яшчэ метраў сто. Хутара ўжо зусім не было відаць, фары, памігаўшы здаля, неяк прыцьмелі, але па-ранейшаму свяцілі ў іх бок. Новая чарга прашыла змрок ззаду, але трасы яе паляцелі далёка ў поле.
Здаецца, яны выбраліся з самай небяспечнай зоны. Лейтэнант спахапіўся, што адарваўся ад сваіх, азірнуўся. Ззаду хтось нерашуча варушыўся ў змроку, але не даганяў, нагінаўся — мабыць, яны згубілі яго лыжню. Тады ён прытрымаў лыжы, прысеў, ціхенька гукнуў байца і павольней пайшоў у цемру, прэч ад гэтага хутара.
Хутка ён напаткаў нейкі хмызняк ці ўзлесак і стаў: трэба было сабраць байцоў. Нага балела мацней, але боль пакуль быў цярпімы, мабыць, куля толькі зачапіла мякаць. Хутар маўчаў. Зусім побач цямнеў голы, засыпаны снегам хмызняк, у якім там-сям чарнелі маладыя елкі — у выпадку чаго, можна будзе схавацца. Чакаючы сваіх, Іваноўскі не пераставаў здзіўляцца пільнасці немцаў. Хаця, здаецца, выдаў яго сабака. Дурная жывёліна, хіба яна ведала, на каго брахала. Зрэшты, было б горш, калі б ён своечасова не павярнуў ад хутара ўбок. Усё ж яны яго абмінулі, хоць і не так далёка, каб іх не заўважылі. Ён адчуваў, што боль у назе ўсё мацнее, у калашыне было зусім мокра, намокла нават ануча ў боце, трэба было перавязацца. Але ён маўчаў і не кратаўся,— ён чакаў, калі падыдуць астатнія.