Як і ўсе ў групе, яе камандзір проста выбіўся з сілы за гэтую надзвычай цяжкую ноч. 3 натугай пераадольваючы не моцны, але несціханы боль, ён ледзьве варушыў параненай нагой. Тым не менш, утаіўшы ад астатніх сваё раненне, ён заставаўся ў вачах байцоў роўны з усімі ў сваіх фізічных магчымасцях, і гэта без скідкі накладвала на яго роўныя з іншымі абавязкі. 3 нейкага часу ён пачаў адчуваць у сабе некаторую няёмкасць за тое, што, вымушаючы іншых на звышчалавечыя намаганні, сам ішоў улегцы, узяўшы ў якасці дадатковай нагрузкі толькі вінтоўку Піваварава. Ён не мог многага, але абавязак таварыскасці патрабаваў сумленна падзяліць з астатнімі ўсе іх дарожныя нагрузкі.
Яны абышлі хвойны ўзлесак і зноў рухаліся ўздоўж рэчышча, якое здавалася Іваноўскаму адносна бяспечным участкам шляху. На карце тут значыліся толькі лугі, хмызнякі і балоты, вёсак паблізу не было, і сустрэча з немцамі меркавалася найменш верагоднай. Дзве перамеценыя снегам дарогі яны перайшлі ўдала, нікога на іх не сустрэўшы. Цяпер заставалася апошняя — вялікая і, вядома, па-тылавому ажыўленая шаша, перайсці якую можна толькі ўначы. Але да шашы было яшчэ кіламетраў пяць-сем, і лейтэнант, хістаючыся ад знямогі, пачакаў Краснакуцкага.
— Ну як?
— Ды во, хутка выцягнуся. Далі б глыкнуць, ці што?
Лейтэнант даў яму пляшку, тоў зрабіў некалькі зацяжных глыткоў.
— Ну, лепш?
— Нібыта. Хутка зашабашым?
— Хутка, хутка. Давайце памагу. Удвох пацягнем.
— Ну якое ўдвох! Толькі тузацца будзем. Ужо сам як-небудзь... Быццам буран сціхае?
Лейтэнант азірнуўся і на здзіўленне сваё ўбачыў, што завея сапраўды амаль сціхла. Чорнае неба прыўзнялося, аддзялілася ад зямлі, унізе ляжала на дзіва спакойнае белае поле, нібыта прыпухлае ад сакавітай начной белізны. Па баках зноў паявілася шэрая блытаніна хмызняку з рэдкімі плямамі маладых елачак. Мабыць, набліжаўся ранак. Ацяжэлай рукой лейтэнант дастаў з кішэні гадзіннік — было чвэрць на сёмую.
— Ого! Яшчэ адзін рывок — і канец. Прывал да самага вечара.
Новы непакой на нядоўгі час надаў сілы, і лейтэнант энергічна заслізгаў лыжамі. З’явілася новая прыкрасць ад таго, што так не ў час сціхла завея, якая цяпер была б куды як дарэчы. Без завеі перайсці шашу будзе трудней, тым больш, калі яны спозняцца. Здаецца, ім не хопіць якой гадзіны цёмнага часу, і гэтая гадзіна можа вырашыць усё. Генерал у кароткім наказе перад выхадам настойліва раіў максімальна выкарыстаць цемнату — толькі ноч абяцала ім нейкую надзею на поспех, удзень, згледзеўшы іх, немцы, вядома, пастараюцца знішчыць усіх да апошняга. Што гэта іменна так, лейтэнант выдатна разумеў без доказаў, і ўсё ж ён быў удзячны генералу за яго клопат і добрую параду, у якой адчувалася нешта зусім не генеральскае, а болей бацькоўскае ў адносінах да ўсіх і да лейтэнанта таксама. Вядома, яны разумелі, што на іх ускладвалася і што з гэтай ночы рабіліся поўнымі ўладарамі ўласнага лёсу, бо ў трудную хвіліну дапамагчы ім не зможа ніхто — ні генерал, ні сам бог. Але ўсю дарогу ў гэтай шалёнай ночы лейтэнант нёс у сабе ціхенькую іскрынку ўдзячнасці генералу за яго зусім не генеральскае стаўленне да іхняга лёсу. Гэтая іскрынка грэла яго, вяла і таіла ў сабе маленькую жаданую надзею на поспех.
А ўсяго тры дні назад, аціраючыся пры штабе пасля выхаду з нямецкага тылу, Іваноўскі болей за ўсё баяўся папасці на вочы менавіта гэтаму прыдзірліваму, строгаму і ўладарнаму генералу — начальніку штаба. Ды і не толькі ён — многія ў ціхай лясной вёсцы, дзе размясціўся штаб, з таропкай баязлівасцю праходзілі міма яго высокага, з блакітнымі аканіцамі, дома. Генерал быў бязлітасна строгі да ўсіх сваіх падначаленых, а тут, вядома, усе, апроч хіба самога камандуючага, былі ў яго прамым падначаленні. Аднаму богу было вядома, за што ён мог кожную хвіліну прыдрацца: генерал не дараваў, калі кагось заставаў без справы, спаганяў за парушэнне формы адзення і маскіроўкі, лаяў тых, хто, на яго думку, недастаткова хутка выконваў загады,— ці мала за што можа прыдрацца да падначаленага строгі начальнік у арміі? Неяк міжвольна Іваноўскі зрабіўся сведкам, як генерал лаяў аднаго палкоўніка за адсутнасць нейкіх дадзеных на ўчастку левага фланга і як пасля гэтага палкоўнік, у сваю чаргу, разносіў камандзіра разведкі, дзве разведгрупы якога не вярталіся з-за лініі фронту, хоць мінулі ўсе тэрміны іх вяртання.