Выбрать главу

— Я схаджу, гляну...

Лейтэнант не адказаў, размаўляць яму было пакутліва трудна, дыхаў ён з хрыпам, часта плюючы ў снег. Рукавом халата выцер мокрыя вусны, і на белай мокрай тканіне засталася цёмная пляма ад крыві.

«Вось, напэўна, і ўсё... Калі ўжо з рота ідзе кроў, дык, мабыць, нядоўга працягнеш»,— нявесела падумаў ён, лежачы на снезе. Галава яго хілілася долу, і перад вачыма скакалі вогненна-чырвоныя бліскаўкі. Але свядомасць яго па-ранейшаму была выразная, і свядомасць гэтая вымушала змагацца за сябе і за гэтага вось байца, цяперашняга яго паратоўцу. Паратоўца, вядома, сам ледзьве стаяў на нагах, але дагэтуль лейтэнант не мог ні ў чым папракнуць яго — там, у вёсцы, і ў полі Півавараў паводзіў сябе самым пахвальным чынам. Цяпер, адчуўшы нейкую перавагу перад камандзірам, ён прыкметна ажыў, стаў болей упэўнены ў сабе, увішны, і лейтэнант з радасцю падумаў, што ў выбары памочніка не памыліўся.

Некалькі хвілін ён самотна чакаў, паныла прыслухоўваючыся да нутранога клёкату ў прастрэленых грудзях. Побач ляжаў рэчмяшок Піваварава, і лейтэнант падумаў, што, мабыць, трэба ім разгрузіцца, выкінуць частку ношы. Цяпер ужо вялікі прыпас не патрэбны, будзе трэба асабістая зброя, патроны, гранаты. Бутэлькі з КС, мабыць, трэба дзесьці пакінуць. Але, знясілеўшы, ён не мог нават развязаць рэчмяшок і толькі знямогла хіліўся галавой долу. Ён не адразу заўважыў, як з мільготкіх прыцемак з’явіўся белы цень Піваварава, які ўзрадавана загаварыў здаля:

— Таварыш лейтэнант, лазня! Лазня там, разумееце, і нікога няма.

«Лазня — гэта добра»,— падумаў Іваноўскі і моўчкі, з намаганнем пачаў паднімацца на ногі. Півавараў падабраў рэчмяшок, ППД, памог устаць лейтэнанту, і яны зноў пабрылі да недалёкай, прытуманенай уначы будыніны.

Сапраўды, гэта была маленькая, зрубленая з яловых вяршалін вясковая лазня. Півавараў адкінуў нагой палку-падпору, і нізкія дзверы самі сабой расчыніліся. Увагнуўшы галаву і хапаючыся рукамі за сцены, Іваноўскі ўлез у яе цёмную, смярдзючую дымам цеснату, павёў па баках рукамі, намацаў гладкі шост, шархоткія сухія венікі на сцяне. Півавараў тым часам расчыніў яшчэ адны дзверы, і ў прылазніку моцна запахла дымам, попелам, бярозавай гніллю. Баец увайшоў туды і неўзабаве гукнуў лейтэнанта:

— Давайце сюды. Тут во лаўкі... Зараз састаўлю...

Іваноўскі ўчэпіста трымаўся за вушак, але пераступіў парог і, намацаўшы лаўкі, з хрыплым выдыхам выцягнуўся на іх, упёршыся нагамі ў сцяну.

— Зачыні дзверы.

— Зараз, зараз. Во тут і саломы крыху. Давайце — пад галаву.

Лейтэнант моўчкі прыўзняў галаву, даючы падкласці пад сябе ахапак саломы, і знясілена заплюшчыў вочы. Праз хвіліну ён ужо не мог зразумець, ці засынаў, ці, можа, траціў прытомнасць, агнянае ззянне ў вачах стала суцэльным, бясконца і пакутліва кружылася ў галаве, цягнула ванітаваць. Ён паспрабаваў павярнуцца набок, але ўжо не адолеў свайго налітага знямоглым цяжарам цела і забыўся — здаецца, сапраўды страціў прытомнасць...

Ачуньваў ён доўга і пакутліва, яго бралі дрыжыкі, вельмі хацелася піць, і ён доўга не мог разняць засмяглыя вусны і папрасіць вады. Ён толькі з натугай расплюшчыў вочы, калі адчуў нейкі рух побач,— з прылазніка паявіўся белы цень Піваварава з адкінутым на патыліцу капюшонам і яго аўтаматам у руках. У лазні было змрочна-шэра, але маленькае акенца ў сцяне свяцілася ўжо, як удзень, ясна прасвечвалі ўсе шчыліны ў прылазніку, і лейтэнант зразумеў, што настаў ранак. Піваварава аднак нешта яўна трывожыла, прыгнуўшыся, баец прыпаў да маленькага акенца, штось пільна выглядаючы там.

Іваноўскі паспрабаваў павярнуцца набок, у грудзях яго захрыпела, працяжна, з прысвістам, і ён закашляўся. Адскочыўшы ад акенца, Півавараў падаўся да камандзіра.

— Ну як вы, таварыш лейтэнант?

— Нічога, нічога...

Ён чакаў, што Півавараў і яшчэ пра нешта спытаецца, але баец не запытаўся нічога, а неяк адразу прыціх і прыгнуўся ўсё ля таго ж акенца. Пасля ён сказаў прыглушаным шэптам:

— Вунь, немцы ў вёсцы.

— У якой вёсцы?

— У гэтай. Вунь крайняя хата за вярбінай... Немцы ходзяць.

— Далёка?

— Крокаў дзвесце, можа.

Калі за дзвесце крокаў немцы, якія яшчэ не знайшлі іх, дык можна лічыць, што ўвогуле ім пашанцавала ў гэтай лазні. Праўда, дагэтуль была ноч, але вось пачынаецца дзень, і хто ведае, колькі яшчэ ім удасца праседзець тут незаўважанымі.

— Нічога. Не высоўвайся толькі.