Выбрать главу

Пра бацьку Іваноўскага знаёмыя гаварылі рознае, па-рознаму адносіўся да яго сын, але ўсё роўна гэта быў бацька, які па-свойму любіў адзінага свайго сына, жадаў яму толькі добрага, радаваўся яго вайсковай будучыні. I вось дарадаваўся. Апошняе пісьмо ад яго Іваноўскі атрымаў у вучылішчы, перад выпускам, у пачатку чэрвеня; бацька тады быў пад Беластокам усё ў тым жа пагранатрадзе, Ігар жа атрымаў назначэнне ў Гродна, у распараджэнне армейскага аддзела кадраў, і думаў, што яны неўзабаве ўбачацца. Ён нават не адказаў бацьку на яго пісьмо, а пасля ўжо і адказваць не стала куды; дзе ён, жывы ці не — ніхто яму дакладна сказаць не мог, ды і запытацца не было ў каго. Відаць па ўсім, з бацькам у Іваноўскага ўсё назаўжды скончылася, надзеі на сустрэчу не засталося ніякай.

Таксама як і з яго Янінкай.

Дзіўна, але тое страшнае расстанне з дзяўчынай ён перажываў куды даўжэй і пакутней, чым, па ўсёй верагоднасці, навечную разлуку з бацькам. Праўда, пасля, у баях, у крывавай мітусні франтавых будняў, часта забываўся пра яе, каб зусім нечакана дзе-небудзь у часе начлегу, у ціхую хвіліну, перад самотнай невядомасцю бою раптам прыпомніць да пранізлівага болю ў сэрцы. Ён нікому не расказваў пра гэтае сваё першае і, напэўна, апошняе, зусім кароценькае каханне. Ведаў — у іншых было не лепш. Хто ў вайну не перажывае, не сохне, не пакутуе ад разлук з каханай, маці, жонкай або дзецьмі... Разлукі тамілі, пяклі, болем тачылі салдацкія сэрцы, і ніхто не мог нічога зрабіць, каб як палегчыць гэты іх боль.

...Здаецца, ён зноў забыўся — заснуў або проста заціх на пакутным рубяжы між жыццём і смерцю, і калі ачнуўся, лазня амаль патанула ў змроку. Ён ужо не глядзеў на гадзіннік, час для яго цяпер страціў свой пачатковы сэнс, адчуванне Іваноўскага быццам і яшчэ пагоршала. Ён дробна і часта дыхаў, ледзьве адольваючы дыхавіцу, ранішнія дрыжыкі змяніліся патлівай гарачкай. Ачнуўшьіся, ён пашукаў вакол позіркам і ўбачыў Піваварава, які сядзеў на перакуленым драўляным вядзерцы ля акна і грыз сухар. Вакно, мабыць, пацела ад яго дыхання, і баец рукавіцай усё цёр шыбы.

— Што там? — адкрыўшы і зноў закрываючы вочы, запытаўся лейтэнант.

— Усё тое ж. Не ідуць, сволачы.

Не ідуць — значыць, у вёску не сунешся. Але куды ж, апроч вёскі, цяпер можна сунуцца? У полі будзе горай, чым у гэтай лазні, у полі яго даканае мароз. Але і ў лазні наўрад ці яны дачакаюцца чаго добрага.

Чорт, патрэбны былі лыжы, дарма ён кінуў іх у той вёсцы. Хаця там, пад агнём, было не да лыжаў — там трэба было ратаваць галовы. Але цяпер вось без лыжаў яны проста не маглі нікуды паткнуцца з гэтае лазні.

Зрэшты, яму ўжо ўсё роўна, лыжы яму не спатрэбяцца. Але Півавараву яны неабходны. Без лыжаў хлопцу ніяк не дабрацца да лініі фронту — на першым жа кіламетры дарогі яго схопяць немцы.

— Слухай, як думаеш, да той вёскі далёка?

— Якой вёскі?

— Ну той, учарашняй.

— Можа кіламетры два.

Аказваецца, так блізка, а яму ноччу здавалася, што яны ўцяклі ад яе можа кіламетраў на пяць, не меней. Хаця меры адлегласці і часу, відаць, страцілі для яго сапраўднае сваё значэнне, кожны метр шляху і кожная хвіліна жыцця неймаверна расцягваліся ягонай пакутай, скажаючы нармальнае чалавечае ўспрыняцце іх. Напэўна, цяпер яму трэба будзе больш спадзявацца на Піваварава.

— А што трэба, таварыш лейтэнант? — запытаўся баец.

— Схадзіць па лыжы. Ноччу. Можа не падабралі немцы.

Півавараў хвіліну маўчаў, нешта прыкідваючы сам сабе, пасля з уздыхам сказаў:

— Што ж, я схаджу. Хай прыцямнее толькі.

— Ага. Трэба, ведаеш...

— Ну. Толькі вы... Як вы тут?..

— Як-небудзь. Я пачакаю.

Яшчэ не зусім змерклася, але Півавараў падняўся і пачаў збірацца ў дарогу. Перш за ўсё ён сцягнуў з нагі кірзавы бот і пераматаў анучу. Пасля выняў з рэчмяшка два сухары, сунуў у кішэню штаноў, рэчмяшок пераставіў бліжэй да Іваноўскага.

— I гэта... я аўтамат вазьму — ладна?

— Вазьмі.

— 3 аўтаматам, ведаеце... Неяк больш смеласці.

Лейтэнант бачыў: баец не мог стрымаць радасці, займеўшы такую зброю, пра якую марыў кожны баец на фронце. Аўтаматы яшчэ толькі паступалі ў войска, пяхота амаль скрозь была ўзброена вінтоўкамі. Іваноўскі сам атрымаў гэты ППД напярэдадні выхаду, калі генерал, раздобрыўшыся, загадаў свайму канаводу перадаць аўтамат лейтэнанту. Вядома, у іхнім становішчы зброя вырашала калі не ўсё, дык многае, на спрадвечнае сіле зброі цяпер трымаліся мізэрныя іх магчымасці.

— А вінтоўка хай тут пабудзе.

Лейтэнант не пярэчыў, і Півавараў зняў з дзягі абодва брызентавыя падсумкі, лязгнуў абоймамі і паклаў іх на падлогу ля лаўкі.