Цягнік з кароценькімі прыпынкамі на маленькіх станцыях ішоў усё далей на захад. За вакном, нібы ў мінулае, адплывалі назад зялёныя чэрвенькія палеткі, пералескі, велічныя хвойныя бары, вёскі і скрозь — хутары, хутары. Іваноўскі ніколі не быў у гэтым баку Беларусі, меней як за два гады ўз’яднанай з яе ўсходняй паловай, і цяпер у ім нарадзілася шчырая цікаўнасць да ўсяго, што адносілася да гэтага не вядомага для яго і, напэўна, такога натуральнага для Янінкі жыцця.
На нейкай невялікай станцыі іхні вагон спыніўся якраз насупраць маленькага прывакзальнага рыначка, і Іваноўскі выскачыў на платформу, таропка накупляў у газету несамавітага сялянскага харчу — яек, гуркоў, вясковай каўбасы і нават міску гарачай, разварыстай маладой бульбы. Пасля яны елі ўсе разам, хлопцы клапатліва частавалі дзяўчыну, якая зусім ужо асвойталася ў іхняй кампаніі, ахвотна смяялася, жартавала, смачна ядучы гуркі з бульбай. Пасля абеду, мабыць, штось сцяміўшы ў адносінах да яе Ігара, Мікалай зважліва адышоўся і ўзлез на верхнюю полку паспаць. Яны ж засталіея ўдваіх — адзін супраць аднаго, раздзеленыя маленькім вагонным столікам.
Яму было добра з ёй, хоць ён усё яшчэ не мог да канца асіліць у сабе нейкае спазнелае пачуццё ніякаватасці, быццам якую вінаватасць за свае намеры, хоць з самага пачатку ніякіх намераў у яго не было. Янінка ж, мяркуючы па ўсім, адчувала сябе зусім натуральна і вольна. Яна зняла свае маленькія, белыя, на коркавай падэшве басаножкі і, напяўшы на каленях караткаватую сукенку, па-хатняму проста ўладкавалася на цвёрдым сядзенні, увесь час з нейкай мілай хітрынкай заглядваючы яму ў вочы.
— А ў нас, ведаеце, Нёман,— казала яна, менавіта так, на беларускі лад вымаўляючы гэта слова, і Іваноўскі ўнутрана ўсміхнуўся, прыпамінаючы сваё недалёкае дзяцінства, школу, вядомую паэму Якуба Коласа і гэтую беларускую назву ніколі не бачанай ім ракі.— Адразу пад вакном круты спуск, дзве вярбы і плыты ля самага берага. Я там купаюся з плытоў. Ранічкай выбегу, на рацэ яшчэ лёгкі туманок сцелецца, вада цёплая, як сырадой, нідзе нікога. Так накупаюся, што ўвесь дзень радасна.
— А мне болей азёры падабаюцца. Асабліва лясныя. У ціхае надвор’е — прыгажосць,— сказаў Іваноўскі.
— Рэкі лепш, што вы! У азёрах вада балотам смярдзіць, а ў рэчцы заўсёды праточная, чыстая, бы сляза. Улетку на рацэ — рай. Ды што там! Вось прыедзем — пакажу. Спадабаецца.
Мабыць, сапраўды спадабаецца. Ён ужо быў упэўнены, што гэта штось незвычайнае: домік, дзве вярбы на абрыве, плыты ля берага, з якіх можна ныраць у глыбокі, імклівы Нёман. I ён ужо маляваў гэта ў сваім уяўленні, хоць з вопыту ведаў, што самае багатае ўяўленне ніколі не адпавядае сапраўднасці. У сапраўднасці ўсё інакш — горш або лепш, але менавіта інакш.
Янінка паводзіла сябе з ім лёгка і вольна, так, быццам яны даўно былі знаёмыя, а ён ўсё адчуваў нейкую невыразную скаванасць, якая не толькі не міналася з часам, але і яшчэ большала. Ігару пачынала здавацца, што, бесцырымонна гукнуўшы яе ў Баранавічах, ён выглядаў перад ёй як чалавек легкадумны, схільны да нікчэмных дарожных прыгод, і што яна не магла не заўважыць гэтага. Хоць ніякага легкадумства ў тым не было, была простая дзіцячая гуллівасць, якая, можа, і не зусім дарэчы ў характары дваццацідвухгадовага выпускніка ваеннага вучылішча, нядаўна атэставанага на пасаду камандзіра ўзвода. Тады, на пероне, ён нават і не разгледзеў яе, толькі ўбачыў — разглядаў ён яе цяпер шырока раскрытымі, амаль здзіўленымі вачыма, якія, як ні стараўся, не мог адарваць ад яе прыгожага, усмешлівага твару.
Пад канец дня, пад’язджаючы да Гродна, ён ужо ведаў, што не расстанецца з ёю — яна ўсё больш зачароўвала яго сваёй юнай пекнасцю і вабіла чымсьці загадкавым і таямнічым, для чаго ён проста не знаходзіў назвы, але што адчуваў няспынна. Пра яе дарожнае здарэнне яны не гаварылі, здаецца, яна забылася пра яго і толькі аднойчы заклапочана варухнула броўкамі, калі перастаўляла на паліцы лёгенькі свой чамаданчык.
— I нават бялілы забралі. Татку везла. У нас цяпер бяліл не дастаць.
— А што, бацька — маляр?
— Мастак,— проста сказала Янінка.— А з фарбамі цяпер кепска. Раней мы фарбы з Варшавы выпісвалі.