— Паглядзі, паглядзі туды. Бачыш, якое цячэнне! Бачыш быстрак! Вунь там, пад вербамі, такія віры! Ого! Толькі сунься — закружыць, панясе, не выберашся.
Яны прайшлі трохі назад і па той самай гранітнай лесвіцы спусціліся да ракі. Не, усё ж рака была цудоўная, мабыць, з вышыні ён проста не ацаніў яе належным чынам. Па яе правым беразе ішла зусім добраўпарадкаваная, абсаджаная дрэвамі набярэжная, справа высіліся вялізныя, пакрэсленыя сцежкамі адкосы з рэштаю крапасных сцен наверсе. Рака плаўным паваротам хавалася за недалёкімі абрывамі, на якіх высіліся суцэльныя шапкі вербаў, там жа канчаўся горад і далей сінеў хвойны лес, за які садзілася сонца. Яны памалу ішлі ўздоўж Нёмана, і Янінка ўсё гаварыла і гаварыла штось не вельмі абавязковае ў гэтую хвіліну вечаровага хараства, а ён думаў, як усё ж дзіўна ўладкавана жыццё. Да сённяшняй раніцы ён і не падазраваў аб яе існаванні на гэтай зямлі, выпадкам убачыў яе ў Баранавічах і звярнуўся з дурным, па сутнасці, жартам, з якім, напэўна, не павінен быў бы звяртацца выхаваны малады чалавек. А цяпер вось, прабыўшы з ёй дзень, ён не ведаў ужо, як быць далей — далейшае жыццё без яе проста траціла для яго ўсю сваю радасць.
Яны доўга ішлі так па беразе і, калі сонца зусім схавалася за зубчастаю сцяной лесу, павярнулі назад да горада. Слухаючы часты перастук яе абцасікаў побач, ён невыразна адчуваў, як штосьці ў ягоным жыцці дзівосна перайначваецца, набываючы невядомы, але вельмі дарагі яму сэнс. I ён быў рады таму, амаль шчаслівы. Побач ледзьве прыкметна струменіла бліскучая гладзь Нёмана, людныя ўдзень берагі нанач прыкметна пусцелі, стомленыя за дзень рыбакі адзін за адным складвалі свае вудзільны і ішлі ў горад. Між цёмных узбярэжных камянёў ціха плёхалі дробныя хвалі і зыбка гойдаліся чорныя, поўныя смалістага паху чаўны. Аграмадныя вербы, навісшы над набярэжнай, клалі на яе густы начны змрок, у якім адзін за адным знікалі прахожыя. У паветры чуўся саладкаваты пах дыму і даносілася прыціхлае вечаровае дыханне горада.
У густым летнім змроку цёплае ночы Янінка прыкметна пабліжэла да яго, напэўна, канчаткова адолеўшы штось, што раздзяляла іх удзень, і цяпер ішла зусім поруч, лёгенька дакранаючыся пальцамі да яго локця. Неяк неўпрыцям для яго яна перайшла на ты, і ён таксама некалькі разоў сказаў ёй ты, абоім стала на дзіва проста, канчаткова знікла дзённая няёмкасць і незразумелая нацягнутасць, якая доўга была між імі.
Як толькі яны ступілі пад вербы, у густы, вільготны змрок ночы, Янінка, нічога не кажучы, раптам адскочыла ўбок і кінулася кудысь па травяністым схіле ўгору. Ён спыніўся ў нерашучасці, зважаючы на свае хромавыя выхадныя боты, але яна з цемры падбадзёрыла яго — давай, давай! — і сама хутка палезла між калючых кустоў, усё вышай, на кручу. Ён не бачыў, што было наверсе, паўнеба там закрывала нешта, падобнае на раскідзістую крону дрэва, але ён адчуў у яе голасе змоўніцкі азарт таямніцы і таксама палез у зараснікі. Скінуўшы з ног туфлі, Янінка караскалася ўсё вышай, зводдаль прыгаворваючы яму напаўголасу:
— Зараз ты нешта пабачыш. Зараз, зараз...
Праз якую хвіліну ён адолеў самае крутое месца і хоць абадраў да крыві руку, але ўзлез на край нешырокай, абнесенай рашоткай тэрасы, ад гладкіх камянёў якой яшчэ ішло прыемнае дзённае цяпло. Побач, закрыўшы палову неба, высілася магутнае старое дрэва і паднімалася стромкая сцяна нейкай будыніны. Вакол было ціха і цёмна, знізу, з-пад вербаў, ледзьве даносіўея ціхі плёск Нёмана, пахла вапнай ад сцен і кропам з недалёкіх, напэўна, гародаў.
— Ну, ты зразумеў? Ты зразумеў, што гэта такое?
— А што?
— Каложа — во што! Дванаццатае стагоддзе, ты зразумеў?
— Цяпер зразумеў. Але каб паглядзець...
— Пабачыш! — проста запэўніла Янінка.— Паспееш. А цяпер ідзі сюды...
Яна зноў матлянулася ў цемру, лёгенька пралезла праз негустую рашотку агарожы, нырнула ў пралом у сцяне, і яе светлая кофтачка зусім знікла ў змроку. Каб не згубіць яе, ён караскаўся следам, пакуль не апынуўся на невялікім глухім травяністым двары. Неба тут спрэс закрывалі дрэвы, было цёмна, і ў гэтай цемры ледзьве ўгадвалася шэрая сцяна побач. Прыслухоўваючыся да наваколля, замерла побач Янінка. Але вакол было ціха, бы ў склепе, і яна пакралася да нізенькіх дзвярэй у нішы. Там паклала ў доле туфлі і, пацягнуўшы да сябе дзверы, па-змоўніцку шапнула яму: «Лезь!». Ён ледзь прашчаміўся ў вузкую шчыліну, затым знутры таксама націснуў на дзверы, каб магла пралезці яна. Калі дзяўчына апынулася побач, дзверы самі сабой зачыніліся, і абоіх агарнула такая цемра, што ён зусім перастаў бачыць яе і, каб не згубіць, лёгенька прытрымліваў яе за плечы. У насцярожанай цішыні ўверсе штось заварушылася, залапатала, Янінка здрыганулася ў ягоных руках, але тут жа паспяшалася супакоіць яго: