Выбрать главу

— Не бойся: то галубы.

— Я не баюся,— шэптам адказаў Ігар, хоць яму было і цікава, і страшнавата адначасна.

— Гэта іканастас, гэта аналой. А тут вось...

Нячутна ступаючы ў цемры па каменнай шархоткай падлозе, яна падвяла яго да нейкай сцяны, дзе прымусіла сесці, затаіцца, а сама, прыўстаўшы, крыкнула:

— О-о!

— О-о! О-о! О-о! — адгукнулася ў розных месцах мноствам таямнічых галасоў, ад якіх яму зусім ужо стала страшна.

— О-о-о! — паўтарыла яна мацней.

— О-о-о-о! О-о-о-о!..— пакацілася кудысьці далей, мабыць, над нябачныя ў цемры скляпенні прытвораў, і нарэшце заглухла ўгары, напэўна, у званіцы.

— Галаснікі, зразумеў? — ціха шапнула Янінка.

— Якія галаснікі?

— Не ведаеш? Эх ты!.. Ідзі сюды... Во сюды, сюды...

Яна зноў павяла яго ў цемру, трымаючы за руку, як відушчы водзіць сляпога, дзесьці спынілася, лёгенька таўханула ў бок.

— Во, мацай. Ты ж вялікі, напэўна, дастанеш?

Ён пачаў мацаць цагляную сцяну, пакуль не наткнуўся рукамі на нейкія гладкія, адпаліраваныя дзіркі ў ёй, але зразумець нічога не мог, хоць ні пра што не пытаў ужо і не дзівіўся. Ён ужо прывык за сённяшні дзень да такога мноства загадак і ўражанняў, што, каб разабрацца ў іх, напэўна, патрэбны быў час.

А часу якраз было мала, самая кароткая ноч у годзе хутка імкнулася насустрач дню, і калі яны выбраліся з царквы, над горадам ужо гаслі зоркі, і далёкі сонечны водсвет затрапятаў на ўсходнім ускрайку неба. Янінка таропка, не даючы Ігару апамятацца, гаварыла і гаварыла штось, сама поўная невыказнае душэўнай шчодрасці, тым значымым і цікавым, што бачыла, ведала, чым абавязкова хацела падзяліцца з ім. Падхапіўшы ў рукі туфлі, яна ўжо лезла кудысь цераз калючыя зараснікі на абрыве, і ён ледзьве спраўляўся за ёю, ужо не клапоцячыся пра свае выхадныя боты, якім, напэўна, дасталося за гэтую ноч.

— Ідзі, ідзі сюды! Ну што ты такі непаваротлівы! Не бойся, не ўпадзеш. Я падтрымаю...

Яны пералезлі змрочны глыбокі роў і зноў выйшлі на бераг зусім яшчэ соннай, засланай лёгкім туманам ракі. Але Янінка пабегла і яшчэ ніжэй — па голых камянях да вады.

— Ідзі сюды. Пакуль татка спіць, я табе пакажу мой кветнік. Ужо зацвілі мацейкі. Пахнуць на досвітку — страх!

Слізгаючы на скураных падэшвах, ён спусціўся па каменным адкосе ўніз, да лодкі, у якую залезлі абое, і Янінка з адным вяслом у руках пачала разварочваць лодку ўздоўж па цячэнні.

— Так бліжэй будзе. А то па мосце пакуль абыдзеш...

— Якая ты, аднак! — сказаў ён, не стрымаўшы свайго захаплення.

— Якая? Нядобрая, га? Праўда, нядобрая?

— Цудоўная!

— Дзе там цудоўная! Во прачнецца татка, будзе гэтай цудоўнай!

Моцнае цячэнне на сярэдзіне панесла лодку ўніз, але яна неяк выграбла адзіным вяслом да берага, і хутка яны падплылі да нейкага дашчанага плота пад тоўстымі камлямі вербаў.

— Ану хапайся. А то панясе...

Ён паспеў ухапіцца за слізкі, гнілаваты слупок у вадзе, яна выскачыла на бераг, і яны выцягнулі лодку на траву не надта ніжэй таго месца, дзе яна яе ўзяла.

— Раніцай рыбакі адгоняць... А цяпер... Во гэтым завулачкам, а пасля каля саду, пярэйдзем бульбу, і там, пад касцёлам на беразе мой домік. Ты не вельмі стаміўся? — раптам клапатліва запыталася яна, заглядваючы яму ў вочы.

— Не, нічога.

Яны пайшлі ўскраінным, парослым вільготнаю муравой завулкам. Яна ўсё несла ў абедзвюх руках свае туфлі, на хадзе трошкі дакранаючыся да яго плячом, і ён праз тонкую тканіну кофтачкі адчуваў цяпло яе цела, чуў яе блізкае зморанае дыханне, незразумелы пах яе валасоў і думаў, як яму здорава пашанцавала сёння. Ён ужо быў удзячны сваёй нявыхаванасці, якая дазволіла яму той недарэчны жарт у Баранавічах, удзячны гэтаму гораду з яго старажытнасцямі і гэтай ночы, такой не падобнай на мноства пражытых ім начэй.

— Янінка,— ціха паклікаў ён, набліжаючыся да яе ззаду, але яна толькі таропка набавіла кроку.

— Янінка...

— Во абыдзем гэтую хатку, пасля павернем на сцежачку, перабяжым цераз сад...