Выбрать главу

Але ён не прыйшоў ні ў бліжэйшыя хвіліны, ні ў наступныя за тым гадзіны. Калі ўжо чакаць не стала трывання, Іваноўскі, не ўстаючы, на кукішках дапяўся да кубіка свайго гадзіннічка за парогам — было без дзесяці хвілін дзесяць. Адсутнасць байца на працягу гэткага часу не абяцала нічога добрага.

«Нашто я паслаў яго? Нашто паслаў? — дакараў сябе лейтэнант.— Якія тут лыжы? Які штаб? Толькі загубіў яго ды і сябе таксама...»

Безумоўна, без Піваварава ён нічога ўжо не мог, але калі ён сам быў асуджаны на пагібель, дык трэба было падумаць, каб выратаваць хоць байца. А ён паслаў яго на такую справу, дзе на ўдачу прыпадае адзін шанец з тысячы. Немцы маглі зрабіць засаду, пасадзіць у полі сакрэты і напэўна ўзмацнілі ахову ў вёсцы — не так проста было пралезці да штаба. Калі гэта не ўдалося яму мінулаю ноччу, калі штабісты былі яшчэ не палоханыя, дык тым больш не ўдасца цяпер.

«Ну а што ж далей? Што?» — тысячны раз пытаўся ў сябе Іваноўскі, седзячы ля дзвярэй лазні.

Зрэшты, ён ужо ведаў што — ён толькі марудзіў, да апошняй магчымасці спадзеючыся, што Півавараў, можа, яшчэ вернецца. Але калі стала ўжо відавочна, што чакаць далей марна, лейтэнант, хапаючыся за сцены, устаў на ногі.

Ён выпрабоўваў сябе, каб ведаць, на што яшчэ здольны, або, можа, не здольны ўжо ні на што. Хаця і з цяжкасцю, але трымацца на нагах яму яшчэ ўдаецца, асабліва калі мець пад рукамі нейкую апору. Цяпер апораю яму былі сцены, а ў полі ён будзе абапірацца на прыклад вінтоўкі. Ногі як-колечы падпарадкоўваліся яму, горш было з дыханнем і з галавой таксама. Але ён падумаў, што галава, можа, адыдзе ў полі, а з дыханнем ён ужо неяк справіцца. Калі не спяшацца, памаленьку, з частымі супынкамі, эканомна выдаткоўваючы сілу...

Яго намер цалкам завалодаў ім, і лейтэнант вярнуўся ў лазню, распіхаў у кішэні абоймы з падсумкаў. Рэчмяшок ён не мог падняць на сябе і пакінуў на лаўцы, затое ён узяў з сабою гранату. Далей ён ужо не мог заставацца тут ні хвіліны і, перабіраючы па сценах рукамі, выйшаў на двор.

Хістка, ледзьве не падаючы, але з упартай, цяжка зразумелай рашучаецю ён прайшоў крокаў дваццаць па глыбокіх слядах Піваварава і спыніўся. Вінтоўка аказалася куды больш цяжкой, чым яму здалося спачатку, але ён абапіраўся на яе, калі гатовы быў ужо ўпасці і асабліва калі спыняўся. Сам бы ён ужо не ўтрымаўся на дрыготкіх ад слабасці сваіх нагах. Аддыхаўшыся, нейкім дзіўным, загнаным позіркам паглядзеў назад. Там сіратліва цямнела на снезе іх лазня, дзе яны ўдачліва перабылі суткі і куды, мяркуючы па ўсім, ужо не вернуцца.

У другі раз ён не адолеў, напэўна, і дзесятка паўтара крокаў, як, пахіснуўшыся, спыніўся ад кашлю. Кашаль быў самае горшае ў гэтым яго шляху — глыбінным нутраным болем ён працінаў лейтэнанта да сляпучай цемры ў вачах. Але Півавараў быццам някепска перавязаў яму грудзі, ад прысохлых да ран бінтоў хоць і было балюча, але яны не давалі спаўзці перавязцы, кроў з ран болей не ішла. Калі б толькі не гэта д’ябальская пякотка ўнутры...

Ён імкнуўся ісці як мага хутчэй, і цяпер паказчыкам ягонай хуткасці была лазня. Ледзьве стоячы на нагах, ён зрабіў ужо чатыры або пяць прыпынкаў, кожны раз азіраючыся, але лазня, бы знарок, усё цямнела і цямнела ў прыцемку, з вялікім нежаданнем аддаляючыся ў ноч. Мінула, напэўна, не менш за гадзіну, перш чым шэры паўзмрок канчаткова праглынуў яе.

Навокал быў снег, вецер і поле — і тады ён зразумеў, што быццам бы дасягнуў сярэдзіны шляху, цяпер вярнуцца ён бы ўжо і не здолеў, на гэта ў яго проста не было сілы. Болей ён не азіраўся, ззаду ўжо нічога для яго не было,— усё добрае ці благое чакала яго наперадзе.

Потым ён два разы запар упаў, проста не ўтрымаўся на сваіх аслабелых нагах, паднімаўся не адразу — спярша паляжаў на снезе, трываючы боль у павярэджаных ранах. Другі раз яму не пашчасціла і яшчэ болей — упаў дужа нязручна, спіной; балявы ўдар быў такі моцны, што на нядоўгі час, здаецца, лейтэнант страціў прытомнасць. Пасля ён ачнуўся, але доўга ляжаў на снезе, увесь час адчуваючы пад сабой мулкі кругляк гранаты. Але ўсё ж ён намогся яшчэ, каб падняцца, сесці, пасля, хістаючыся, стаць на ногі і зрабіць некалькі першых, самых няўпэўненых крокаў.

Ён стараўся ні пра што не думаць, ён нават не вельмі глядзеў па баках, усё роўна там няшмат было відаць, затое ён не адрываў позірку ад снегу, на якім цягнуліся глыбокія сляды Піваварава. Яны ішлі ўсё ў адным напрамку; здаецца, баец даволі ўпэўнена памятаў іх шлях з учарашняй вёскі і хутка ішоў да яе. Іваноўскі цяпер болей за ўсё баяўся, каб не збіцца з гэтага следу.