Выбрать главу

Яго вымушаныя прыпынкі пасля падзення рабіліся ўсё болей працяглыя, часам здавалася, што ён ужо і не паднімецца больш, у прыцьмелай свядомасці часам зусім абрывалася адчуванне часу, і ён раптам прахопліваўся ад здзіўлення; дзе ён? Але затое ён цвёрда ведаў, куды яму трэба, і ні разу не зблытаў напрамку, у паўсвядомасці выразна памятаючы апошнюю мэту свайго жыцця.

Але аднойчы ён дужа балюча ўпаў і тут жа зразумеў, што ўстаць больш не зможа. На гэтыя ўставанні пасля падзення трацілася шмат сілы, якой у яго заставалася ўсё менш і менш. Ён лёг на пякельна-марозным снезе і ляжаў доўга. Напэўна, занадта доўга для таго, каб калі-небудзь устаць. Але ў самы апошні момант ён раптам зразумеў, што замерзне, і гэта спалохала яго; замерзнуць ён ужо не мог дазволіць сабе. Тады ён проста папоўз, грабучы локцямі і каленямі мяккі, пухнаты снег.

Неўзабаве аднак аказалася, што паўзці не лягчэй, можа нават трудней, чым шкандыбаць на нагах — лейтэнант дарэшты выдыхся і цяпер падаў ніц. Гэта была бясконцая сляпая барацьба са снегам, але яна ж і мела перавагу перад хадзьбой — не трэба было ўставаць на ногі, што ашчаджала рэшту яго зусім ужо малой сілы. I ён гроб, заміраў на снезе і зноў гроб, пакуль хапала паветра ў лёгкіх. Увесь яго шлях складаўся цяпер з гэтага раз’юшанага капання ў снезе і працяглых прамежкаў паўзабыцця. Але свядомасць яго ўсё ж не выключалася надоўга, яна жыла мэтай яго апошніх хвілін і ўладарна дыктавала сваю волю пакутнаму яго целу.

Грудзі яго раздзіраў кашаль, але ён не мог ні ўздыхнуць, ні адкашляцца — ён баяўся прыступу болю, якога ўжо, напэўна, не вытрываў бы. Тым не менш аднойчы кашаль так моцна скалануў яго, што ён, задыхнуўшыся, упаў галавой у снег. Калі ён неяк адкашляўся, дык адчуў на вуснах штось саланавата-цёплае. Ён сплюнуў і выразна ўбачыў на снезе кроў. Намерзлым рукавом маскхалата выцер падбародак, зноў сплюнуў, але кроў усё ішла. На снег з падбародка капаў цёмны няхуткі струменьчык. Зусім ужо знясілены лейтэнант ляжаў на баку, разгублена адчуваючы, як памалу пакідае яго жыццё.

Аднак паляжаўшы так, ён зноў спалохаўся набліжэння найгоршага, хоць і ведаў, што калі-небудзь гэта павінна здарыцца. Але цяпер яго болей займала пытанне; дзе тая дарога? Яму трэба было паспець дабрацца да яе раней, чым яго напаткае смерць. Уся яго барацьба на гэтым полі, па сутнасці, была змаганнем са смерцю — хто абгоніць каго. Мабыць, цяпер яна дагнала яго і ішла па пятах, чакаючы моманту, каб ударыць напэўна.

Але — не! Чорт з ёю, з крывёй, можа, уся не выцеча. Ён адчуваў: чагосьці ў ім яшчэ заставалася — калі не сілы, дык, можа, рашучасці. Ён праляжаў паўгадзіны, жуючы і глытаючы снег, каб спыніць кроў, і як быццам спыніў яе. Ад сцюжы крывіла сківіцы, адзервянела ўсё ў роце, але саланаватасць на вуснах знікла. Тады ён памалу, спыняючыся, папоўз далей, цягнучы поруч на поясе адзіную сваю гранату.

Калі са снегавога паўзмроку перад ім выніклі шызыя сілуэты бяроз, ён зразумеў, што гэта дарога і што ён нарэшце дапоўз да яе. Вялікае напружанне амаль усёй ночы разам апала, у вачах яго памутнела, ён аблёг прастрэленымі грудзьмі на снег у пракапанай ім баразне і заціх, страціўшы прытомнасць...

Раздзел трынаццаты

Усё ж ён ачнуўся, зусім адубелы ад марозу, і хутка прыпомніў, дзё ён і што яму трэба. Яго апошняя мэта жыла ў ім, нават калі знікала прытомнасць; ён толькі не ведаў, колькі мінула часу і на што ён здольны яшчэ. У першую хвіліну ён нават спалохаўся, падумаўшы, што спазніўся: над дарогай ляжала цішыня, ніадкуль не далятала ні гуку. У полі мяло, вакол шархацеў вецер, лейтэнанта занесла снегам, рукі яго так змерзлі, што ён не мог паварушыць пальцамі. Але ён памятаў, што павінен успаўзці на дарогу, толькі там яго шлях мог быць скончаны,

Зноў пацягнулася бясконцая барацьба са снегам. Іваноўскі поўз марудна, упарта, па метры ў хвіліну, не больш. Ён ужо так аслабеў, што не мог прыўзняць сябе на локцях і сунуўся па снезе бокам, упіраючыся болей нагамі. Болю ў параненай назе ён чамусьці не чуў — напэўна, там штось адбалела. Затое ў грудзях у яго ўвесь час пякло і паліла, усё там ператварылася ў асяродак нестрыванага разбухлага болю. Ён вельмі баяўся, каб зноў не пайшла з горла кроў — адчуваў, што ўсё тады для яго скончыцца, асцерагаўся глыбей уздыхнуць, не мог дазволіць сабе адкашляцца. Ён ашчаджаў прастрэленыя свае лёгкія, як нешта самае неабходнае, ад чаго цалкам залежалі апошнія гадзіны яго жыцця.