Выбрать главу

Яму б толькі дажыць да світання.

Тым часам мароз дабіраўся ўжо да яго нутра, і лейтэнант адчуваў гэта. Краем прыцьмелай свядомасці ён сачыў за тым, як сцюжа марудна, але няўхільна авалодвала яго абяскроўленым целам, і лічыў кароткія хвіліны, якія яму яшчэ засталіся. Аднойчы, расплюшчыўшы вочы, ён раптам здзівіўся і з натугай расплюшчыў іх шырай. Над полем світала. Цемра, якая, здавалася, век шчыльным покрывам аблягала зямлю, трохі прыўзнялася над ёй, у полі стала прастарней, праяснелася неба, і ў ім выразна адбілася заінелае вяршалле бяроз. У прытуманеную ранкам далячынь імкнула перамеценая завеяй дарога.

Ухапіўшы ўсё гэта адным позіркам, які тым не менш амаль знясіліў яго, лейтэнант хацеў апусціць галаву, як штосьці ўбачыў. Здалося спярша, што гэта машына, але калі ён лепей угледзеўся, дык зразумеў, што гэта фурманка. Стомлены працяглай увагай, ён палажыў галаву на снег, адчуваючы ў сабе збянтэжанасць, страх і надзею адначасна. Вялізнае, як прысуд, пытанне паўстала перад ім: хто едзе ў фурманцы? Калі сяляне, калгаснікі, дык гэта быў цуд, у які ён нядаўна яшчэ не хацеў паверыць: да яго набліжаўся паратунак. Калі ж немцы... Не, ён ніяк не мог сцяміць, чаму ў гэты ранішні час з вёскі, у якой атабарыўся вялікі штаб, павінны паявіцца з фурманкаю немцы? Усё ў ім паўстала супраць такога недарэчнага меркавання, бо цэлую ноч ён чакаў чаго хочаш, але ўжо не абозную фурманку з паклажай, да якой яму не было ніякае справы.

Тым не менш гэта была фурманка, і яна памалу да яго набліжалася. Ужо сталі відаць і запрэжаныя ў яе коні — пара ўкормленых рыжаватых біцюгоў, якія, махаючы кароткімі хвастамі, лёгка, амаль без натугі цягнулі за сабой грувастка накладзены саломай воз. На самым яго версе сядзелі два немцы, адзін з іх варушыў лейцамі, і абое яны ціха між сабой размаўлялі.

Іваноўскі заціх у каляіне, зусім аглушаны тым, што ўбачыў, такога нешанцавання ён не мог і прадбачыць. Пасля столькіх смерцяў, пакут і перажыванняў замест базы боепрыпасаў, замест генерала ў шыкоўным «опель-адмірале» і нават штабнога, з партфелем палкоўніка яму наканавана ўзарваць двух нягеглых абознікаў з возам саломы.

Але, мабыць, іншага ўжо не будзе. Па крайняй меры, для яго нічога ўжо не будзе. Ён рабіў свой апошні ўзнос — для Радзімы, у імя свайго салдацкага абавязку. Іншыя, болей значныя ўзносы перападуць іншым. Будуць, напэўна, і вялізныя базы, і пыхлівыя прускія генералы, і ваўкаватыя эсэсаўцы. Яму ж выпалі абознікі. 3 імі ён і сыдзецца ў сваім апошнім баі, зыход якога вырашаны быў загадзя. Але ён павінен сысціся — за сябе, за Піваварава, за забітых пры пераходзе перадавой Шалудзяка і Кудраўца. За капітана Волаха і яго разведчыкаў. Ды ці мала яшчэ за каго...

I ён зубамі выдраў з рукаяткі тугое колца чакі.

Фурманка паволі набліжалася, і, здаецца, з воза яго ўжо заўважылі. Немец з паднятым каўняром шыняля, што сядзеў да яго бокам, яшчэ гергетаў нешта, як другі, у насунутай на вушы пілотцы, што кіраваў коньмі, ужо выцягнуў шыю, углядаючыся ў дарогу. Іваноўскі сунуў пад жывот гранату і ляжаў, не крануўшыся. Ён ведаў, што здаля не дужа прыкметны ў сваім маскхалаце, зноў жа, у каляіне яго трохі прымяло снегам. Стараючыся не варухнуцца і амаль зусім перастаўшы дыхаць, ён затаіўся, прыплюшчыў вочы; калі заўважылі, няхай падумаюць, што ён мёртвы, і пад’едуць бліжэй.

Але бліжэй яны не пад’ехалі, а крокаў за дваццаць спынілі сваіх біцюгоў і нешта закрычалі яму. Ён па-ранейшаму не варухнуўся і не азваўся, толькі неўпрыцям за імі сачыў прыплюшчанымі вачыма, амаль з пяшчотай адчуваючы пад сабой выратоўчы кругляк гранаты.

Не дачакаўшыся адказу, адзін з немцаў, што сядзеў на возе з паднятым каўняром шыняля, узяў карабін і задам споўз на дарогу. Другі застаўся на возе з лейцамі ў руках, і лейтэнант прамычэў ад прыкрасці. Атрымлівалася і яшчэ горш, чым ён думаў: да яго ішоў адзін. Іваноўскі ўнутрана сцяўся, у вачах яго пазмрачнела, дарогу і бярозы пры ёй чамусьці павяло ўбок. Але ён неяк утрымаўся ў прытомнасці і чакаў.

Немец тым часам лязгнуў затворам, штось крыкнуў і, матляючы поламі шыняля, пайшоў па дарозе. Карабін ён трымаў напагатове, прыкладам пад пахай. Іваноўскі патроху адпускаў пад сабой планку гранаты і моўчкі паўтараў, бы малітву: «Ну ідзі ж, ідзі...» Ён чакаў, увесь ператварыўшыся ў жывое ўвасабленне чакання, на іншае ён ужо быў не здольны. Ён не мог дакінуць да немца гранатай, ён мог толькі ўзарваць яго разам з сабой.