Сцяміўшы гэта, Іваноўскі раптам здрыгануўся ад радаснай і шчаслівай думкі: Шалудзяк браў агонь на сябе, трэба зараз жа гэта выкарыстаць. Лейтэнант тут жа развярнуўся ў снезе, на карачках праскочыў у галаву сваёй распластанай пад узмежкам калоны, схапіў лыжы.
— За мной! — крыкнуў ён, ужо не асцерагаючыся, што ў гэтым грукаце яго ўчуюць немцы.
Раздзел другі
Апошнія метры да лесу яны не паўзлі, а прыгнуўшыся, знямогла беглі, пакуль адзін за адным не пападалі ў рэдзенькім чэзлым кустоўі. Распластаныя на снезе сутаргавай горкай задухай, хвіліну збянтэжана маўчалі, не ў стане сказаць ні слова. У кожнага ў такт з сэрцам білася адзіная цяпер думка — нібыта ўдалося, прайшлі, самае горшае засталося ззаду. Немцы з пагорка, здаецца, іх празявалі. Захопленыя стралянінай па поплаве, аслепленыя ззяннем ракет, яны, мабыць, не надта азіраліся па баках, пакуль не расстралялі ля ракі Шалудзяка з Кудраўцом. Дзякуй жа вам, дарагія байцы, расчулена думаў Іваноўскі, лежачы на снезе і ў гарачай задусе хапаючы ротам паветра. Першая плата за поспех была ўнесена, які цяпер акажацца вынік? Як бы там ні было, светлая па табе памяць, баец Шалудзяк, пасланы на пэўную пагібель, хаця ў той час з нейкай таемнай зайздрасцю і падумалася, што да жыцця.
Яшчэ не зусім аддыхаўшыся, Іваноўскі прыўстаў і сеў на снезе. Рэдкія агнявыя бліскаўкі куль нізалі снежныя прыцемкі ўжо далекаватага ззаду, насустрач ім несліся іншыя з сасонніку за поплавам — гэта ўступіў у бой батальён. Ля кустоўя ж было спакойна, перад імі ляжаў голы, не надта заснежаны схіл з клоччам быльнягу па межах. Іваноўскі дастаў гадзіннік, была палова дзесятай.
— Хто страляў? — стрымана, з накіпелым гневам запытаў лейтэнант, успомніўшы злашчасны той стрэл ля ўзмежка. Непадалёку сярод распластаных целаў у белым хтось заварушыўся і сеў на снезе. Па вастраку, што выпіраў пад капюшонам, камандзір пазнаў Дзюбіна — старшына быў у будзёнаўцы.
— Стрэліў Суднік.
— Я стрэліў,— вінавата і глуха пацвердзіў прастуджаны голас, і лейтэнант змоўк, сваім маўчаннем даючы зразумець, што хоча бачыць парушальніка перад сабой. Суднік расслаблена падняўся на ногі.
— Чаму страляў?
Баец пакратаў у руках вінтоўкай.
— Ды во, з прадахраніцеля саскочыла.
Іваноўскі зірнуў на абкручаную бінтам зброю, і яго перасмыкнула ад злосці — у байца была СВТ, эфектная на выгляд дзесяцізарадка, складаная па канструкцыі і не вельмі надзейная ў баі. Проста бяда, як ён перад выхадам не дагледзеў, хіба можна было з такой зброяй выпраўляцца ў тыл да немцаў?
— Чорт бы вас узяў! — не стрымаўшы гневу, з ціхаю злосцю вылаяўся лейтэнант.— Што ў вас за зброя?
— Вінтоўка.
— Якая вінтоўка?
— Самазарадная Токарава нумар эн-эм шэсцьсот дваццаць чатыры.
— Эн-эм! Вы горшай не маглі знайсці?
Відаць, толькі цяпер зразумеўшы свой промах, баец вінавата патупіўся. Лейтэнант амаль з нянавісцю пазіраў на яго прыціснутую цяжарам рэчмяшка постаць, мокры, абвіслы на каленях халат. Увесь выгляд гэтае постаці выдаваў віну і пакору. Гэтая яго пакора аднак крыху прыцішала накіпелы камандзірскі гнеў, лейтэнант зразумеў, што дарма залішне караць чалавека за справу, аб якой ён не меў разумення. Тым не менш нельга было і ігнараваць той факт, што Суднік ледзьве не загубіў усю групу, і лейтэнант цяпер проста не ведаў, што з ім рабіць.
— Вы разумееце, што вы нарабілі?
— Чорта ён разумее! — раптам, седзячы, злосна загаварыў Лукашоў.— Разгільдзяй ён! Нашто было браць такога!
Суднік па-ранейшаму стаяў моўчкі, нізка апусціўшы галаву.
— За такое дзела кокнуць цябе к чортавай матары! — пагрозліва прашаптаў лейтэнант.— Паняў?
Галава байца схілілася і яшчэ ніжэй, ён, відаць, абсалютна не ведаў, што сказаць у сваё апраўданне, і, гатовы прыняць кару, маўчаў.