Выбрать главу

Але лейтэнант хутка адчуў, што нічога яму тут не зробіць: апроч як вылаяць гэтага разгільдзяя, ён нічога болей не мог.

— Ладна. Пасля мы з ім паталкуем,— напэўна, адчуўшы гэтую нерашучасць камандзіра, прымірэнча заўважыў Дзюбін.

— Я яшчэ разбяруся з табой! — шматзначна паабяцаў Іваноўскі і скамандаваў іншым: — На лыжы!

Усе разам заварушыліся, рыхтуючы лыжы, і хутка пасталі на іх — затрымлівацца тут не гадзілася. Лейтэнант ухапіў за канцы палкі і азірнуўся, чакаючы гатоўнасці групы.

— Я б яго правучыў! Мне ён не папаўся, смаркач,— бурчэў паблізу сержант Лукашоў.

— Ладна, усё! — гучным шэптам абарваў яго Іваноўскі.— Гатовы? Суднік — за мной! Марш!

Лейтэнант рэзка ўзяў з месца, кіруючы ў прагаліну між хмызняку, аднак у пухнатым снезе лыжы слізгалі не дужа і рэзалі глыбокую каляіну, з якой тырчэлі толькі іх загнутыя дзюбкі. Голле чаплялася за маскхалат, здзірала капюшон з галавы, калі ён згінаўся. Мабыць, чвэрць гадзіны лейтэнант прадзіраўся цераз кустоўе, пакуль не вырваўся на ўзлесак. Тут таксама было па-начному ціха, толькі напорна дзьмуў вецер. Іваноўскі намацаў лыжамі цвярдзейшае і адштурхнуўся палкамі. Позірк яго быў скіраваны наперад, назад лейтэнант не азіраўся, ён чуў за сабой шоргат лыж і прывычнае пахакванне байцоў. Ягонае абурэнне Суднікам пакрысе пачало меншаць, уступаць месца іншым эмоцыям. Як-ніяк, усё ж найбольшая бяда іх мінавала, і Іваноўскі стаў прывыкаць да таго, што іх восем. Праўда, цалкам прымірыцца з гэтым было немагчыма, заўтра ж яму вельмі спатрэбяцца людзі, і разгільдзяй Суднік заслугоўваў жорсткае кары. Але як яго пакараць? Расстраляць, вядома, было б занадта, лейтэнант меў арганічную агіду да такога звычайнага на вайне пакарання, калі і без таго гінулі тысячы, на гаўптвахту тут не пасадзіш. Значыць, трэба адкласці ўсё да вяртання. Да таго ж, увогуле, ім пашэнціла, магло быць горш. Калі разабрацца, дык яшчэ невядома, як бы ўсё сталася, каб Суднік не стрэліў, не паранілі Кудраўца і яны не адправілі з ім Шалудзяка, які незнарок падмануў сабой немцаў і выручыў усіх. Зусім магчыма, што да раніцы ім не ўдалося б прарвацца з-за таго ўзмежка, а повідну іх бы за паўгадзіны расстралялі ўсіх з мінамётаў. Ці шмат патрэбна для дзесяці чалавек? А так вось прарваліся, і цяпер толькі б не наскочыць дзе ноччу на якія тылавыя часці.

Неўзабаве на снезе пачаўся невялікі спуск, лыжы пайшлі лягчэй, рукам стала вальней, і лейтэнант азірнуўся. Суднік увішна ішоў следам, трошкі адарваўшыся, цягнуўся ў паўзмроку сержант Лукашоў. Астатнія таксама нібыта падраўняліся, і ў ветраным начным полі чуўся роўны шоргат снегу пад лыжамі. Лейтэнант яшчэ павялічыў тэмп. Дарога была далёкая, нават завельмі далёкая для адной ночы, і вельмі трэба было спяшацца. Тут ён яшчэ памятаў маршрут, вывучаны ўчора па карце, і ведаў, што неўзабаве зноў пойдзе поплаў усё ля той жа рачулкі, якой і трэба будзе трымацца.

Пасля кустоўя байцы ўвайшлі ў рытм, і група хутка рухалася ў шэрым начным паўзмроку. Хмарнае неба шчыльным дываном атуліла зімовы прасцяг, у якім цьмяна шарэлі навокал размытыя плямы кустоў, дрэў, быльнягу і мноства яшчэ нечага, невыразнага і загадкавага. Ракеты на перадавой свяцілі далёка ззаду, адсюль відаць былі толькі іхнія мігатлівыя водсветы за пакатым узгоркам.

Паступова Іваноўскі пачаў спакайнець, набіраць раўнавагі і разважнасці. Праўда, увесь час не выходзіў з галавы Шалудзяк, так няладна з ім атрымалася — пашкадаваў, называецца. Напэўна, спатрэбіўся б заўтра, усё ж сапёр і пажылы чалавек, не які там хлапчук, як гэты Суднік. Мабыць, з сапёрамі яму не пашэнціла, хоць болей за іншых былі патрэбны менавіта сапёры. Але тут нічога не зробіш. У той час, як група ляжала ў святле ракет, здавалася, вярнуў бы назад палавіну, абы другая палавіна прарвалася. Лейтэнант з уласнага вопыту ведаў, што далёка не ўсё ў жыцці атрымліваецца так, як трэба, тым больш на вайне. Каб дасягнуць мэты, часам трэба да апошняй магчымасці змагацца з выкрутлівай сілай абставін, іначай праваліш справу і прападзеш сам. Наогул вайна бязлітасная да кожнага, але сапраўды першым на фронце гіне баязлівец — менавіта той, хто болей за іншых даражыць жыццём. Зрэшты, даволі гіне і смелых. Вайна на дзіва сляпая ў адносінах да людзей і далёка не па іхніх заслугах распараджаецца жыццямі. Як нідзе ў мірным жыцці, тут здрадлівы і зменлівы лёс чалавека, якому, каб выжыць, ні на хвіліну нельга выпускаць з рук тугіх лейцаў абставін, пры ўсякіх, самых немагчымых умовах трэба старацца кіраваць імі.

Горыч ад першай і такой недарэчнай страты не пакідала Іваноўскага. Ненадоўга лейтэнант забываў пра яе, заняты дарожнымі клопатамі, але яна ўсё вярталася шчымлівым, надта добра знаёмым на вайне болем. I колькі ён ні перажыў яго за пяць месяцаў, гэты вярэдлівы ў сэрцы боль, і якім бы звыклым ён ні здаваўся часам, зусім прывыкнуць да яго было немагчыма. Колькі ўжо Іваноўскі страціў назаўжды за гэтыя месяцы вайны! Думалася, пара б ужо і прывыкнуць да саміх страт і скарыцца ўсведамленню іх непазбежнасці. Але як ні прывыкаў, не-не ды і находзіла такая роспач, што, думалася, лепш бы падставіў пад тую праклятую кулю сваю ўласную голаў, чым бачыць, як назаўжды апускаюць у магільную глыбіню блізкага табе чалавека.